35. Эпілог ІІІ часткі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

35. Эпілог ІІІ часткі

Заўважана, што розныя споведзі, аўтабіяграфічныя раманы, рэвізіі, успаміны, жыццяпісы, мемуары, межы, падвядзенні рысаў, выбраныя месцы з перапіскі з сябрамі і інш., інш., з’яўляюцца тады, калі пісьменнік пачынае выпісвацца як мастак. Інакш кажучы, у яго творчы крызіс.

І даволі часта пісьменнік, сутыкнуўшыся з такой непрыемнай штукай, палохаецца, перастае ў сябе верыць, пачынае згасаць, слабець, хварэць, співацца і ўрэшце знікае як творца яшчэ пры жыцці, а то і памірае ў прамым сэнсе.

А бывае — і нас, канечне, цікавіць менавіта гэты варыянт, што пісьменніку ўдаецца абдурыць прыроду. Мы маем мноства прыкладаў, калі дзякуючы такім споведзям, такому вымятанню сусекаў, падвядзенню нібыта заключнай тлустай рысы пад сваім ранейшым жыццём і творчасцю ў пісьменніка раптам узнікала другое дыханне, з’яўлялася невядома адкуль энергія, і ўжо на іншым, больш высокім узроўні ён пачынаў ствараць новыя мастацкія рэчы.

Нам да спадобы менавіта гэты варыянт.

Праўда, для пачатку трэба абжыцца ў новым месцы. Агледзецца. Паазірацца. Раскласці свае транты. Асвоіцца ў гэтай субстанцыі, у гэтым невядомым дасюль за-межным свеце.

І калі новыя творы не выспеюць, не з’явяцца, не папросяцца з душы — што ж, будзем суцяшацца тым, што маем. А маем мы тое, што ведаем праўду, і не баімся ўслых яе назваць, і можам спакойна, без шуму і пылу, без лішняга ныцця, скаргаў і запояў (гэтых памінак па самім сабе), без каляровых акуляраў і розных кантактных лінзаў глянуць рэальнаму Жыццю ў вочы.

Бо і проста жыць — замыкаючы пачатак і канец рамана — фізічна існаваць, выжываць у нашым свеце і ў нашых умовах насуперак усяму — гэта, можа быць, і ёсць найвышэйшы на зямлі талент, самая складаная з усіх магчымых навук, творчасць яшчэ тая, мастацтва ўга якое! — прынамсі, ку-у-ды важнейшае за ўменне закруціць сюжэт, выпісаць характар або малюнак прыроды ці зрыфмаваць «паненка — Федарэнка»…

2008–2009 гг.