БУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

БУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ

У палаце трое: стары, малады і яшчэ адзін — сярэдняга веку, з маленькім дзіцячым тварыкам і нечакана вялікімі, лупатымі, як у спакутаванага лемура, вачыма. Ён толькі пачынае ачомвацца пасля аперацыі і пакуль слаба разумее, дзе ён, хто ён і на якім ён увогуле свеце. Ложак яго каля акна.

Ад дзвярэй злева, як зайсці ў палату, ляжыць дзед — гатовы нябожчык. Бяскроўны твар яго зліваецца з белатой падушкі і нагадвае гіпсавую маску, выпушчаныя з-пад коўдры ручкі пакорліва складзеныя на грудзях — хоць свечку ўстаўляй. Толькі сухія вусны яго бязгучна варушацца, нібы дзед чытае сам па сабе адыходную малітву.

Нарэшце, трэці, малады, ну як малады? — гадоў дваццаць пяць яму, ложак якога насупраць чалавека-лемура, не ляжыць, а сядзіць. Падмасціў пад бок і пад спіну па падушцы, прыўзняўся, трымаючыся за перакладзіну над ложкам, і пазірае ў вакно, на бальнічны двор і на гарадскую вуліцу, дзе так прыгожа дагарае марозна-звонкі вечар.

Падзалочаны промнямі развітальнага сонца дым з коміна нейкай пабудовы падымаецца ўгару — на мароз, і ад таго ілюзія, што ён і не падымаецца зусім, а стаіць, гэткім роўным, без сукоў і без галін ствалом якогась высокага дрэва.

Сонца пакрысе, праменьчык да праменьчыка, згортвае свой чырвоны веер. Нядаўна ўся сцяна палаты была асветленая, а цяпер толькі ў адным кутку застаўся ружовы сектар, і той увачавідкі меншае, меншае, каб неўзабаве знікнуць зусім.

— Зіма… Вечар, — задуменна кажа, гледзячы у вакно, малады. На яго румяным твары блукае радасная, ды што там радасная — шчаслівая ўсмешка. — Мы тут ляжым, а жыццё сабе ідзе… Вунь бабуля вядзе за ручку ўнучку… Апранутыя цёпла. Рукавіцы, шалікі, шапкі… Яшчэ б — мароз! Колькі прыблізна ад нашай палаты да вуліцы? Сцяна, шыбы, метраў пяцьдзесят газона… Не так і многа. Калі расчыніць вакно і крыкнуць — пачулі б. А на справе — касмічная адлегласць! Крык фізічны даляціць, а вось крык душы? Наўрад ці…

Такі ў яго бадзёры, пераканаўчы голас, такі прыгожы твар з маладой русявай шчацінкай, так блішчаць яго мяккія вільготныя вочы, такі ён сам увесь урачысты, заміраны, як бы асветлены нейкім унутраным ззяннем. Міжволі хочацца думаць, і верыць, ці не Ўсявышні гэта вырашыў лішні раз злітасцівіцца з неразумных людзей, даць ім яшчэ адзін шанс, і спусціў да іх з нябёсаў свайго чарговага пасланца… Аналогія тым больш напрошваецца, што «пасланец» літаральна раскрыжаваны — у венах абедзьвюх рук па кропельніцы, з грудзіны, з-пад саменькага сэрца, тырчыць адна трубка, суровымі ніткамі па-жывому да скуры прышытая і бурым ад крыві і ёду пластырам залепленая, са спіны — другая. Адна, як пупавіна з мацярынскім лонам, злучае яго з кіслародным вентылем у сцяне, другая апушчана ў бутлю на падлозе. Такой няхітрай сістэмай кісларод прачышчае хворае лёгкае, вымывае з яго сукровіцу і іншую пасляаперацыйную дрэнь. Усё гэта кружыцца ў бутлі, асядае на дно, пеніцца ружовымі бурбалкамі — не раўнуючы, брага ходзіць!

— Кожнаму сваё… Адным ляжаць, хварэць, пакутаваць, іншым — хадзіць па вуліцах, ездзіць у машынах і ў розным транспарце… Адным, як мы, дыхаць нежывым кварцаваным паветрам, ёдам, нашатырам, хлёркаю, нечыстотамі… Другім — бегаць на лыжах па заснежаным лесе, сярод заінелых елак, з якіх сыплецца сняжок на каўнер і на шапку… Дыхаць водарам свежага, адфільтраванага хвояю павет… павет…

Ён раптам хэкае, нібы атрымаўшы далоняю па кадыку, пачынае глытаць словы, захліпваецца імі, кашляе, хаўкае, як рыбіна на пяску. Праз некаторы час, аддыхаўшыся, спачатку з цяжкасцю, па адным слове:

— Адфільтраванага… хвояю… паветра, — а потым, усё больш набіраючы разгон, язык яго зноў пачынае мянціць роўна і гладка: — Але вось парадокс! Любое абмежаванне чалавека ў прасторы, часовае — як у нас з вамі, або поўнае, як, дапусцім, у турме ці ў манастыры, любая адсутнасць фізічнага дзеяння — карацей, пазбаўленне волі, прыводзіць, як ні дзіўна, да разумення ісціны! Згадаем хоць бы антычных мудрацоў. Адзін днямі маляваў дроцікам на пяску свае тэарэмы і доказы іх, другі не вылазіў з ванны, усклікваючы час ад часу: «Эўрыка!», трэці ўвогуле жыў у бочцы і сярод белага дня бадзяўся з запаленым ліхтаром, шукаючы, бачыце, чалавека… Аднак гэта не перашкаджала ім быць геніямі, разумець ісціну. А ісціна, мушу сказаць, гэта зусім не набор пастулатаў, гэта не дубовыя максімы, не псеўдафіласофскія абстракцыі, нават — выбачайце за кашчунства! — не хрысціянскія або любыя іншыя рэлігійныя догмы, а! — драбяза, дэталькі, малюсенькія, штодзённыя, якіх мы амаль не заўважаем, а дарэмна, бо на іх трымаецца свет, на іх стаіць жыццё, з іх сумы ўрэшце і складваецца такое нібыта маленькае, але і такое неабходнае, такое сапраўднае — шчасце…

Паслухаць яго, дык гэты балбатун-«філосаф» і ёсць самы шчаслівы на свеце, гэткі алхімік-вынаходнік, які выпадкова замест вырабу каштоўных металаў адкрыў рэцэпт прыгатавання ні многа ні мала самога шчасця, навучыўся складаць яго з рознай драбязы, як, напрыклад, з нязграбных, недарэчных аскепак мазаікі пад рукой майстра паступова атрымліваецца гарманічны малюнак, і цяпер не толькі сам карыстаецца сваім вынаходніцтвам, а яшчэ і па дабрыні душэўнай гатовы падзяліцца ім з іншымі, хоць бы з гэтымі вось суседзямі па палаце, якія, канечне, пакуль нават не здагадваюцца, што варта было б запісваць усё чутае, у крайнім выпадку запамінаць, бо такі чароўны і разам з тым просты рэцэпт ашчасліўлення чалавецтва можа прапасці, растварыцца ў словах, развеяцца ў паветры.

— Так, сябры мае, — толькі тут, у гэтай бальніцы ў цэлым і ў гэтай палаце ў прыватнасці, тут, у вымушанай ізаляцыі, і адкрываецца чалавеку сапраўдная мудрасць…

«Сябрам маім» яго словы да лямпачкі. Дзед усё варушыць вуснамі, чытаючы сваю бясконцую малітву, — такому не ў філасофію ўдавацца, не пра глабальнае шчасце думаць, а пра пераход у свет лепшы. У вачах чалавека-лемура поўная прастрацыя, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў іншым жыццёвым вымярэнні, дзе з усёй разнастайнасці чалавечых пачуццяў засталіся толькі два: пакута і цярпенне.

Маладога ў сваю чаргу ані не бянтэжыць адсутнасць аўдыторыі.

— Бачыце, сябры, — працягвае ён, звяртаючыся да шыбіны, — імкненне да роўнасці — хімера, такое ж пустапарожняе глупства, як вечны рухавік. Не, можна, канечне! — можна якімісь рэвалюцыйнымі зменамі, ці канстытуцыйнымі законамі, ці, урэшце, жалезнай рукою манарха-дыктатара дабіцца адноснай матэрыяльнай роўнасці… Але вось тут акурат і ўмешваецца яе вялікасць прырода, ці Бог, ці лёс — і ўсё ляціць старчаком, усё губляе сэнс! Бо як былі, так і застануцца здаровыя і хворыя, высокія і нізкія, прыгожыя і непрыгожыя, разумныя і дурныя, злыя і добрыя… У вечнай няроўнасці — вялікі, неразгаданы сэнс, цэлая філасофія, тут, я вам скажу, ёсць над чым паду… паду…

І зноў хэканне, перханне, хліпанне, і зноў кашаль пачынае біць яго так, што ложак трасецца і трубкі разам са скураю паадрывацца гатовы.

Уваходзіць доктар. У пантофлях на босу ногу, у белым халаце, сініх штанах і сіняй, высокай, як клабук, шапцы ён падобны на нясмешнага клоуна. Адразу кіруецца да ложка маладога гаваруна. Дзеду ён не дае ўвагі зусім, чалавеку-лемуру на хаду кідае: «Піць хочацца?»

— Хочацца, — сухім, як наждак, голасам скрыпіць той.

— Цярпі, — і да маладога:

— А ты ўсё гаворыш? А табе ўсё не ляжыцца? А ў цябе да ўсяго рукі цягнуцца? — Падкручвае вентыль, робячы меншым напор кісларода, і ў бутлі асядаюць на дно чорныя і ружовыя камячкі і перастае так страшна булькаць «брага».

— Якога чорта ты ставіш кісларод на максімум?! Якога хрэна ты яго чапаеш?! З цябе ж за гадзіну к чортавай мацеры разам з лёгкімі ўсе вантробы павыдзімае! Дарослы чалавек, а горш за дзіця! Ну вось што ты сам з сабою робіш?

Нягледзячы на грубасць, у яго голасе не дакор, а хутчэй спачуванне, нават пакута, нібы яму баліць больш, чым неразумнаму хвораму.

— Да цябе яшчэ не дайшло, наколькі гэта сур’ёзна? У цябе ж лёгкае, як спечаны яблык, яно ж згарнулася пасля аперацыі! Табе да новай рыхтавацца трэба! Можа, і не адной! А з такімі тэмпамі ты да раніцы не дацягнеш, к чарцям сабачым! Табе не тое што гаварыць — варушыцца не трэба, вачэй не расплюшчваць! Мы ж да цябе сядзелку не прыставім, ты ж сам павінен адчуваць, калі табе горш…

— А мне, наадварот, лепш, доктар! — перабіваючы, радасна паведамляе малады. — Я не маню! А ваша здароўе як? Не грыпуеце? Як там цяпер на вуліцы? Нябось, мароз?

Доктар няўцямна пазірае на яго. Разумее, што з гэтым хворым толькі марна траціць час, махае рукою, паварочваецца і моўчкі выходзіць.

Не паспяваюць зачыніцца за ім дзверы, як малады зноў прыпадымаецца, лацвей падбівае падушкі і, як ні ў чым не бывала, тым жа ўзнёслым, пранікнёным голасам пачынае па-нову.

— Правільна вы, сябры, кажаце. (Хоць ніхто нічога не кажа.) Мы пазбаўлены самага галоўнага — драбязы, дэталек; мы не можам, напрыклад, зрабіць нават такія простыя рухі, як чырканне запальнічкай, каб прыкурыць цыгарэту і зацягнуцца ёю; мы пазбаўлены такога, я б назваў — культурна-экалагічнага дзеяння, як выкінуць у сметніцу, скажам, абгортку ад марожанага, ці бананавую скурку, ці корак з-пад піва…

— Піва, — са свайго кутка хрыпата паўтарае чалавек-лемур.

Малады ўздрыгвае.

— Так, з-пад піва, — пацверджвае ён. — Здавалася б, драбяза — кінуць корак не пад ногі, а ў сметніцу; але з такой нібыта драбязы і складваецца ўласна жыццё! Мы жывём гэтымі мілымі, прыемнымі, мяшчанска-сентыментальнымі дэталькамі, не заўважаючы іх, не думаючы пра іх, як не думаем пра паветра, якім дыхаем. Але паспрабуй перакрый мне гэты вось кіслародны вентыль…

Пры гэтых словах дзед варочаецца (ён такі лёгкі, бесцялесны, што нават ложак пад ім не прагінаецца і не рыпіць) і пачынае мармытаць гучней.

Малады вытрымлівае пачцівую паўзу, каб даць час чалавеку пагаварыць з Богам, і толькі калі вусны старога на момант перастаюць варушыцца, працягвае:

— Аднаго толькі не разумею: навошта ім, каторыя на волі, здаровым, дужым, гэтая беганіна? Гэтая мітусня? І дзеля чаго? Гэтае ўвесьчаснае жаданне перагнаць адзін аднаго, хутчэй перабегчы вуліцу, у краму заскочыць, у госці не спазніцца, да тэлевізара паспець…

— Пачакай-но, — выразна шэпча дзед. — Сюды ніхто не спозніцца…

Аднак малады, захоплены сваёй новай думкай, не чуе.

— Не кажу ўжо, колькі небяспек падпільноўвае іх на кожным кроку! Можна паслізнуцца, зламаць нагу, руку, можна згарэць у пажары… Можа збіць машына… Скіргат тармазоў, удар, крык, боль, кроў, і вынік — у лепшым выпадку бальніца… Можна, нарэшце, у любы момант элементарна захварэць — добра, калі самому, а калі захварэе блізкі? Яшчэ горш… Жыць увесь час з адчуваннем падвешанага мяча над галавою… Гэта ж, калі ўдумацца, суцэльны кашмар! Наколькі ўсё ж крохкае наша жыццё, наколькі хліпкае наша гэтак званае здароўе, наколькі ўмоўнае гэтак званае «шчасце»! І вось вам чарговы парадокс: мы, скрамсаныя скальпелямі, вернутыя з таго свету калекі, цяжка хворыя ў лёгачнай палаце (заўважце гульню слоў), вышмаргнутыя з жыцця, штучна ад яго адгароджаныя, а гэта значыць — застрахаваныя ад выпадковасцей, мы — у адноснай бяспецы! Мы ў больш выгадным становішчы, чым людзі здаровыя, нам няма чаго баяцца, мы, кажучы словамі кепскай эпітафіі, ужо дома, а яны — усё яшчэ ў гасцях, або на поўнай страхаў дарозе…

— Падажджы-но! — ужо не шэптам, а зусім гучна, нечакана звонкім і тонкім голасам устаўляе дзед. — Нейкі канец ды будзе! Даездзяцца, дабегаюцца, даскачуцца, навернуць галовы! Гэтага ложка ніхто не міне!

Цяпер малады чуе. Але ён зусім не здзіўлены, што ў яго, аказваецца, ёсць слухач, ды яшчэ які ўдзячны, які так трапна, па тэме дапаўняе.

— Цалкам вас, дзядуля, разумею, — ветліва адказвае ён, адвярнуўшыся ад шыбы і звяртаючыся да канкрэтнага субяседніка. — І падтрымліваю. Вы маеце на ўвазе адноснасць волі як катэгорыі? Я ваш саюзнік. Увогуле, усе гэтыя тэрміны, калі шчыра, такая штучнасць, размытасць, недакладнасць… Правільна, на першы погляд можа падацца, што тыя, хто на вуліцы, людзі, якіх мы назіраем толькі праз вакно, маюць неабмежаваныя варыянты выбару: хачу да сябра паеду, хачу — дамоў, хачу — да цешчы на бліны… Калі ж капнуць крыху глыбей — выбару ў іх, як такога, няма, маршрут іх загадзя прадвызначаны і звярнуць з яго, змяніць яго зусім не так проста, як ім здаецца. Усе па вялікім рахунку да кагосьці прывязаныя, да чагосьці прыкутыя — як я гэтымі вось трубкамі да гэтага вентыля і да кропельніц. І калі разабрацца…

Пажылая сярдзітая медсястра ўкаціла столік з медыкаментамі, уключыла святло, зашморгнула шторы, і вечар за вакном знік, засталася толькі палата.

Гэтая сястра што ні робіць — ніколі моўчкі; так і цяпер — яшчэ з парога пачала сварыцца, што дыхаць няма чым (а кварцавалі нядаўна), хоць бы фрамугу адкрылі (а хто яе адкрые?), што як ёй абрыдзелі ўжо гэтыя хворыя — «і што мне за доля такая — усё жыццё пазіраць на чужыя задніцы!», а заадно і дактары — «каб яны самі ў гэтыя койкі палеглі!», і бальніца — «не згарыць жа яна!», і што «хутчэй бы на пенсію, ды паслаць усіх к ядрэні фені!»

— Піці хочаш? — пытае яна ў чалавека-лемура, набіраючы ў шпрыц лякарства.

— Хачу, — прывычна, па інерцыі адгукаецца небарака. Нават на слых проста фізічнае адчуванне, як ад смагі зашэрх і ледзь варочаецца яго язык, і, як таму сапсаванаму механізму хочацца даць змазкі, каб перастаў скрыгітаць па нервах, так і гэтаму хочацца хутчэй уліць у рот кубак свежай, сцюдзёнай вады, каб разгусціць застылую кроў.

— А не палучыш ты піці! Губы мокрай ваткаю выцеру — і ўся вада… А ты, — пераходзячы з гатовым шпрыцам да маладога, які пры яе з’яўленні лёг і суцішыўся, — ты зноў уставаў? Зноў гаварыў? Вунь крывянкі нацурболіла! Ты ж на вентыляцыі лёгкага стаіш! Ты ж на адных наркотыках жывеш — у чым душа трымаецца? Табе што было доктарам сказана? Нават рота не разяўляць!

Яна паўтарае амаль тыя ж словы, што і нядаўні доктар, і з тою ж амаль інтанацыяй. Увогуле, усе дактары, і сёстры, і нават санітаркі нечым кланава-, ці клонава-, падобныя, як бы разам з белымі халатамі перадаецца ім адна і тая ж інструкцыя, першы параграф якой — «з хворымі паводзіцца строга, сурова, па магчымасці жорстка».

— Ты дагаворышся! Ты дачакаешся, што табе рот лейкапластырам залепяць, ці ніткамі зашыюць!

— Зашывайце, — панура адказвае малады. Імпэт і бадзёрасць яго куды падзеліся.

— «Зашывайце»! — перадражнівае медсястра. — Табе што, памрэш — і клопату мала! А жонцы як адной жыць? З дзіцяткам малым? Ляжы, маўчы і варушыцца не смей!

— А ён гаворыць, — ябеднічае дзед, каб задобрыць сястру (ён вельмі баіцца ўколаў). — Браце ты мой, і не сціхае, і не змаўкае…

Аднак замест падзякі дастаецца і старому даносчыку:

— А ў вас чаго як стаяла вячэра на тумбачцы, так і стаіць? Чаму вы не ясцё? Выздараўліваць не хочаце? Тут лепш, чым дома?

— Дурны я вашае бальнічнае есці, — крыўдзіцца дзед. — Мне сваё носяць. Я век чужога не еў… Вой! — загадзя ўскрыквае, хоць яшчэ іголка цела не кранулася.

— Таблеткі чаго валяюцца на падлозе?

— Дурны я іх піць.

— І што за хворыя ў гэтай палаце?! Не слухаюцца, не ядзяць, папраўляцца не хочуць… Такі дзень за вакном, а яны тут бокі пралежваюць, жыць тут гатовыя…

Так, сердзячыся, буркаючы, а таму коўдру падаткнула, таму вусны змачыла, за дзедам прыбрала, маладому шклянку памыла, яшчэ і не забыла пажадаць, выходзячы: «Папраўляйцеся».

Ледзь яна выйшла, як паўтараецца тая ж карціна, што і па сыходзе доктара. Малады ўмомант займае ранейшае становішча і пачынае казаць далей, з таго самага месца, нават з таго самага слова, на якім яго перапынілі.

— …І калі разабрацца, воля — бадай, найбольш умоўны з усіх тэрмінаў. Можна быць шчаслівым замураваным у сцяне, і вар’яцець ад няшчасця, валодаючы цэлымі краінамі або ўсім зямным шарам…

— Ох, памаўчаў бы ты, — гучна шэпча, варочаючыся, дзед. — Не замоўкнеш ты хоць на трохі!

Малады слухаецца, замаўкае. Але менавіта «на трохі». І вось зноў:

— Добра. Буду маўчаць. Усё жыццё. Не высоўвацца, не вылучацца… Трэба быць як усе. І тады, магчыма, выжывеш. І, магчыма, будзеш жыць доўга. Магчыма, нават станеш багатым, прыгожым, тоўстым…

— Табе наркату колюць, — ні з таго ні з сяго ўстаўляе дзед і хіхікае. Ён яўна з той мілай пароды людзей, якім добра толькі тады, калі іншым кепска. — Пачакай-но — прывыкнеш і станеш наркотам.

Малады таксама ўсміхаецца, але не зласліва, а сумна.

— Ну, яшчэ б, — згаджаецца ён. — Раз колюць — значыць, прывыкну, раз прывыкну — значыць, стану. Канечне, наркотыкі зло. І звычайная іголка зло. Калі ёю не шыць, а тыркаць у сваё ці ў чужое вока. Дык іголка вінаватая? Ці галава? Здуру можна і хобат слану зламаць.

— Ох, дагаворышся ты…

— Тое і з наркотыкамі. Якая розніца, пры дапамозе чаго здымаецца боль? Няважна, якія лекі, абы памагалі. Мне лёгка, радасна, не балюча — і пляваць, дзякуючы наркотыкам гэта, ці дзякуючы марознаму зімоваму вечару за вакном, ці размове з вамі, дзядуля… А хутчэй за ўсё радасна і лёгка мне ад усведамлення, што мог бы памерці на аперацыйным стале — а я выжыў!

— Не хваліся…

— А я другі раз на свет нарадзіўся! Што гэта, як не знак? Як не сігнал — momento mori, іншымі вачыма на ўсё глядзі, цані жыццё, пі яго маленькімі глыткамі…

— Пі, — панылым, як з глыбокага калодзежа, рэхам адгукаецца чалавек-лемур.

— І як гэтага перавароту можна было дабіцца? Правільна — нечым звышардынарным! Няшчасным выпадкам, бядой, аперацыяй, болем… Раней не разумеў: навошта і каму трэба, каб душы дзіцячыя, бязвінныя, пакутавалі і адляталі? Цяпер разумею — а каб задумаліся тыя, хто побач, хто застаўся! Бо чым яшчэ прабіць нашы тоўстыя закарэлыя скуры, як інакш дабрацца да сэрца, розуму, душы? Як не пакутамі роднага, смерцю блізкага? Усё на сваім месцы, там, дзе яму трэба быць, усё даўно кімсьці размеркавана, і вельмі мудра…

— Адзін ужо ляжаў на тваім ложку, такі мудры, — зларадна шэпча дзед. — Накрылі прасцінаю і вывезлі…

— …У гэтым не жорсткасць, — не чуе, гне сваё малады, — у гэтым любоў да нас. Чаму мы лічым жыццё сапраўдным толькі тады, калі яно дае нам прыемнасці, калі нам шэнціць? Вельмі і вельмі верагодна, што тое, што раней здавалася нам бядой, трагедыяй сусветнага маштабу, з часам ператворыцца ў аб’ектыўную неабходнасць, якая перасцерагла нас ад няшчасця куды большага! І высветліцца, што калі б не зламаная рука, можна было б апынуцца ў іншым месцы і зламаць шыю. Усё малое — знак, урок, сімвал, папярэджанне аб тым, што магло б здарыцца, але, на наша шчасце, не здарылася… Плюсквампэрфэкт.

— А браце! — уздыхае, варочаецца дзед.

— І калі глянуць на жыццё ў такім ракурсе — усё яно спрэс сладаецца з сімвалаў, увесь Сусвет скіраваны на цябе аднаго, усё вакольнае размаўляе з табой на асаблівай мове знакаў, любая драбнюткая драбяза мае важны, важкі сэнс — ад галення да адзення, ад таго, які чаравік цісне — левы ці правы, якія купюры ў кашальку і ці маецца ў наяўнасці сам кашалёк… Хіба б я задумаўся над гэтым, хіба б адчуваў усё так востра, каб не гэты няшчасны і разам з тым — цяпер толькі разумею! — непазбежны выпадак са мною? Ды ніколі! Адным мазгі былі занятыя — лізінг, бля, маркетынг, бля! Браць ад жыцця, патрабаваць ад яго, нават разумець, што нічога не даецца за так, задарма, мы з горам папалам навучыліся, вось толькі цаніць не ўмеем! Хіба я цаніў? Прымаў як належнае, само ў рукі плыло, ды і шэнціла мне, каціўся па жыцці абаранкам, не пабываўшы — ні разу! — ні ў бальніцы, ні ў турме…

— Пабудзеш, — шэпча дзед, — пачакай-но.

— Нават у арміі не служыў!

— Яшчэ паслужыш…

— Што ж дзіўнага — рана ці позна павінен быў адбыцца якісь эпізод са мною. Прычым, самы ідыёцкі. Выйшаў з офіса пакурыць у двор. Хлопцы грузяць у кузаў шыны. Тры-чатыры чалавекі, крэкчучы, падымаюць адну. Які чорт, пад якую руку мяне штурхануў? Навошта мне спатрэбілася — у белай кашулі, з цыгарэтаю ў зубах, галоўнае, калі мяне ніхто не прасіў — памагаць ім?! Чаму ім нічога, а ў мяне хрумкнула нешта ў грудзіне, і пачало расці, надзімацца, як футбольны мяч, лёгкае? Чаму яно надарвалася, калі ў людзей звычайна надрываецца штосьці іншае? А вось чаму: не цаніў тое, што меў. На, параўнай. Не адчуўшы смагі захацеў пазнаць смак вады?

— Вады, — гатоўна паўтарае чалавек-лемур.

Ізноў дзверы насцеж — з’яўляецца знаёмы ўжо доктар у сваёй шапачцы-«клабуку» і ў пантофлях на босу ногу, з ім яшчэ адзін такі ж самы. Сталі па абодва бакі ад дзвярэй, рослыя, дужыя, як целаахоўнікі, пачціва прапускаючы трэцяга, маленькага, нізенькага, апранутага не ў доктарскае, а ў цывільнае: касцюмчык, чаравікі, акуляры на апушчаным уніз гарбатым носе, з лысінай на ілбе і з доўгімі сівымі патламі на патыліцы.

Акружылі ложак маладога, разглядалі на святло рэнтгенаўскія здымкі, гарталі, перадаючы адзін аднаму, паперы ў папцы, гаварылі ціха на сваёй доктарскай, для звычайнага чалавека страшнаватай мове… Гэтыя два звярталіся да маленькага і сівенькага — «прафесар». Зноў прагучала гісторыя няшчаснага выпадку маладога пацыента, як ён кінуўся ад дурной зухаватасці падымаць цяжкую шыну, надарваў лёгкае і яно надзьмулася, а пасля аперацыі пайшоў «зваротны працэс», «ускладненне», лёгкае сціснулася і «не разгортваецца»…

Нічога новага прафесар не сказаў. Спытаў толькі, ці ёсць сям’я, і за маладога адказаў доктар: ёсць, жонка і маленькі сын; на што прафесар насупіўся:

— Цяпер толькі маўчаць, маўчаць яму трэба… І спакой.

Хоць малады і так маўчаў увесь гэты час і ляжаў спакойна. Дактары затрымаліся яшчэ на хвілінку каля ложка чалавека-лемура. Перш-найперш прафесар спытаў, ці хоча той піць. Адказ:

— Хачу, — цалкам прафесара задаволіў, і тройца пакінула палату.

На нейкі момант стала ціха. Чуваць толькі, як лямпа дзённага святла гудзе. Але вось малады прыпадымаецца — і пайшло-паехала:

— Які просты рэцэпт. Супакойся, не варушыся — выжывеш сам і ашчаслівіш сяброў, жонку, сына… Маўчы — і не будзе выцэджвацца з твайго цела ў буталь апошняя, магчыма, кроў… Які злавесны, і разам з тым паэтычны сімвал! Як шматкроць падымае ён цану літаральна кожнага слова, нават неабавязковага, уводнага, выпадковага! Я калі-небудзь шкадую, што не пісьменнік. Вось так, мне здаецца, і павінны пісаць: кожнае слова — порцыя крыві… Я, каб меў талент, апісаў бы найперш вочы хірурга — апошняе, што бачыў перад тым, як заснуць на аперацыйным стале. У іх было развітанне са мною… Але нават не столькі вочы — самым жахлівым было адчуваць, што можаш памерці, а не сказаў нейкага вельмі важнага слова — родным, блізкім, увогуле людзям, і дзікі, нечалавечы кашмар ад таго, што не можаш гэтае слова ўспомніць, а калі і ўспомніш, дык ужо не будзе як сказаць… Бр-р! Як жа мы павінны проста крыкам крычаць ад страху і болю, калі лёс разлучае нас з блізкімі людзьмі хоць на дзесяць хвілін! Хоць на дзесяць секунд! У любы момант яны могуць стаць апошнімі — так у Буніна…

— Ды якога Буніна — Дуніна! — сярдзіта папраўляе, як яму здаецца, памылку дзед.

— Не зразумеў…

— Дунін такі быў! Каторы восі з воза пакраў, ды міліцыя шукала… Жыў далей туды трохі, трэцяя хата за хутарам…

Малады задумваецца. Падымае руку разам з трубкаю кропельніцы і пацірае лоб.

— Што ж, слушная заўвага. Усё правільна, мудры мой дзядуля. Дакуль мы будзем цытаваць чужых Буніных, забываючы на сваіх Дуніных-Марцінкевічаў? І гэта, сапраўды, вельмі важна, і над гэтым яшчэ трэба ўсур’ёз падумаць…

Чарговае кварцаванне. Сястра — не тая, што рабіла ўколы, але такая ж сярдзітая, унесла сінюю лямпу, уключыла і, засланіўшы вочы далоняй, хутчэй выскачыла з палаты.

— Самі дык не любяць, чэрці, — бурчыць дзед і нацягвае прасціну, хаваецца ледзь не з галавою. Акрамя ўколаў, ён увогуле баіцца, не разумее і не любіць нічога бальнічнага, нават бяскрыўднага танометра і «грушы» для вымярэння ціску. — Раней ніхто не ведаў ні рэнтгенаў, ні кварцаў, ні ўколаў, а жылі не горш за нас, і не хварэлі…

— А мне падабаецца святло кварца, — з добрай усмешкай кажа малады (наркотык усё яшчэ дзейнічае!). — Калі паветра робіцца сіняе, мяккае, нават злёгку ў тумане. Як летне-ранішняя смуга над поплавам, а ты ідзеш з вудамі на рэчку… Дзеля гэтага варта перанесці любыя аперацыі! Якая насалода — ведаць, што ўсё страшнае, брыдкае, балючае — ззаду, а наперадзе цэлае жыццё! Цэлае лета! Узяць на ўсе тры месяцы адпачынак, паехаць у вёску; ні пра што не думаць, сесці на беразе, вудку закінуць…

Згадка пра вёску завяла і дзеда. Ён высоўвае галаву з-пад прасціны і таксама вырашае паразважаць больш шырока, відаць, з мэтаю павучыць неразумных цяперашніх маладых.

— Нашто мне вудкі? Мы жылі во там во, дзе хутар колісь быў, тры копанкі, увечары слоік з-пад малака пакладзеш у ваду, такое малако тлустае было, каб адмакаў, дык раніцай абавязкова карась у слоіку…

— А вясна! — не слухае малады. — Калі сок з бяроз капае. Легчы пад бярозу на прагрэтую зямлю, заплюшчыць вочы, раскрыць рот, і хай капае…

— Капае, — гучыць рэха чалавека-лемура.

Дзед дагаворвае сваё адначасова з маладым:

— … Хоць адзін карась ды ўлезе…

— А восенню! Лісты каляныя пад нагамі… Грыбы — Божа мой! А пахі прэлай лістоты, а агароды восеньскія, і гэтая ўтома на ўсім… Няўжо ўсё будзе?!

— …Дык папрэбуй выцягні яго, таго карася… Яго цягнеш за хвост, а ён растапырыцца, слоік жа не будзеш біць…

— А зіма! Стаяць і дыхаць, нічога больш… нічога… Носам удыхаць, ротам выдыхаць…

— …Калоціш, трусіш той слоік, пакуль карась не ўпадзе пад ногі…

Бывае, людзі гавораць на розных мовах, пра зусім розныя рэчы, а выдатна разумеюць адзін аднога. Так цяпер і ў старога з маладым. Малады нават у тым, што чуе, знаходзіць нейкую дарэчнасць і логіку, адшуквае нейкі асаблівы падтэкст.

— І вашая, дзядуля, гісторыя — цуд. Ва ўсім народным — мудрасць, назіральнасць, чароўнасць, прыгажосць… А ў цэлым — Бог! Шукаем яго, забываючы, што ён паўсюль, на ўсім…

— … А ніякага Бога не бачыў за восемсят два гады… Няма!

— … Заўсёды вакол нас… — да маладога даходзяць апошнія дзедавы словы. — Як… няма?!

— Так. Яшчэ даўно, маладзейшы за цябе быў, думаю — пайду на могілкі, праверу, ёсць Бог ці няма…

— Уночы хадзілі?

— Дурны я ўночы — удзень! Прыйшоў на могілкі, кажу: «Бог, калі ты ёсць, стань перада мною». Бог не стаў, я памачыўся на нечы на крыж і з таго часу не веру ў Бога.

Паўза.

— Дык няма? — упалым голасам, увесь абвялы нейкі, перапытвае малады.

— Няма. А святы Мікола ёсць! Гэта як калі рэзалі мяне, я паглядзеў на каляндар, акурат на Міколу зімовага аперацыя, тады прашу: «Святы Мікола-заступнік, зрабі, каб не памерці пад нажом!» Святы Мікола-заступнік зрабіў, у яго і веру. А Бога няма ніякага!

Бліжэй да паўночы маладому робіцца горш. Ён яшчэ спрабуе гаварыць, але словы даюцца яму ўсё цяжэй, паўзы паміж імі ўсё большаюць, ён усё мацней і часцей хекае, кашляе, задыхаецца. Твар яго ўвесь у кропельках поту і сіні, як гэтае кварцаванае паветра. Прыбягае сястра, за ёю доктар, робяць маладому адзін укол, другі, але ўжо і наркотыкі не памагаюць.

Пачынаецца ў палаце бесталковая, як заўсёды ў такіх выпадках, мітусня, дзверы то расчыняюцца, то ляпаюць, зачыняючыся. З грукатам прыкацілі рэнтген-апарат, пакруціліся ля яго і патарабанілі назад, так і не выкарыстаўшы. Крыкнуў нехта: «Каталку хутчэй!» — «Асцярожней… кропельніцы…» — «Ды ён сіні вунь ужо!» — «Аперацыйная занятая…» Перавалілі з ложка на каталку, павезлі ледзь не бягом, разам з кропельніцамі і крывавым бутлем.

Толькі тады сціхла нарэшце, хоць вочы прыплюснуць можна.

Раніца ў палаце вызначаецца прыходам санітаркі. Звычайна яна ледзь не нагою адчыняе дзверы, плюхае анучаю ў вядры, грукае швабраю… Сёння ўшмыгнула ціхенька, нязвыкла-заміраная, без вядра і без швабры, з пакункам бялізны пад пахаю. Стараючыся не шумець, узялася перасцілаць пасцель каля вакна.

— Нянечка! — чалавек-лемур прачнуўся. — Паглядзіце, там вады не засталося ў яго ў тумбачцы?

Дзед таксама ўжо не спіць, больш таго — нават падымаецца і сядае, маленькі, сухенькі, беленькі і страшны, як вязень канцлагера.

— Во, і сядзець ужо можаце, — ухвальна кажа санітарка. Яна сцягвае, камечыць і кідае на падлогу прасціну, накоўдранік, выварочвае падушку з навалачкі. — Хутка паправіцеся. Выпішуць вас. Дамоў паедзеце. Дома добра, цёпла. Сям’я, дзеці, унукі, праўнукі… Цяпер старыя доўга жывуць, а маладыя мала. Прыдзі на могілкі, дык на партрэтах скрозь адны маладыя.

— Новага каго пакладуць? — слабым, не падобным на свой голасам пытае дзед. — На гэты ложак?

— Пакладуць, пустым не будзе.

— Але ж і папагаварыў ён! Ды пра смерць, ды пры вудкі, ды пра абы-што… А браце мой! Так жыць хацеў.

— Каб маўчаў, дык жыў бы.

Санітарка — куды ёй спяшацца? — з навалачкаю ў руцэ прысаджваецца на незасланы ложак, гатовая слухаць разумнага чалавека.

— А не знаў нічога, — расказвае дзед. — Бунін, Бунін… А то ж Дунін быў! Я яго ведаў, і жонку яго… Колісь восі пакраў з воза, тады хаваўся ў лесе, міліцыя прыехала, шукалі зямлянку, паролі такімі прэнтамі вострымі…

— Знайшлі? — спагадліва пытае санітарка. Яна слухае гэтую ахінею з непадробнай цікавасцю, нават галаву падперла рукою.

Замест адказу дзед стогне, памаленьку лягае на бок, ікае пару разоў.

— Я люблю са старымі пагаварыць. Гэта ж як задарма розуму набрацца. Мяне ўсе хвалілі, бо слухалася. І цяпер матку слухаю. І бабулю слухала, калі яна жыла. І бацьку слухала, хоць ён і біў мяне папругаю. А ў вас мо і баба яшчэ жывая? Чуеце, дзед? О дзеду?

А няма каму адказваць. Дзед халодны ўжо. Толькі звісае з ложка да падлогі бяскроўная ручка. Санітарка мацае яе.

— Госпадзі святы, — жагнаецца яна. — Двое за ноч! І чаго яны так мруць, гэтыя людзі? Няўжо паміраць цікавей, чым жыць?

— Нянечка, — падаў голас чалавек-лемур, — кабецінка! Гляньце, там вады не было ў дзеда?

— Не ўп’ешся ты той вадою! Ужо ставіць няма куды, забіў тумбачку чужымі недапіткамі… На! Вадахлёб… Каб ведала, дык яшчэ пасцель прыхапіла б, а так лішні раз хадзіць…

Учарашні промень сонца прабіўся праз шчыліну ў шторах, паспеў бліснуць на біле ложка. Але быў заўважаны пільнай санітаркай. Яна чамусьці азірнулася на дзверы і зашморгнула шторыны шчыльней.

2007 г.