5. Чытачы
5. Чытачы
Я не ведаю свайго чытача, не надта веру, што ён — сапраўдны — існуе, а калі існуе, дык прызнаюся, што пазбягаю і пабойваюся яго. Найперш за непастаянства і ўсяеднасць. Як пісаў мне некалі сябар у час свайго мядовага месяца: «Бачу, адчуваю, што рана ці позна яна мне абавязкова здрадзіць…» Так і мой чытач — абавязкова ж на якім-небудзь 58-м апавяданні адвернецца і плюне: «18-е было лепшае! Выпісаўся!»
І таму, калі ідуць у тэксце, асабліва ў першай частцы, патэтычныя заклікі-звароты «да чытача», вядзецца нейкі «даверлівы ўяўны дыялог з ім», дык гэта хутчэй даніна архаічнаму стылю, для звязкі слоў, інакш — для адчэпу; прымітыўная, няўмелая спроба пусціць пыл у вочы і тым нямногім добрым людзям, хто па службовым абавязку гэта яшчэ вымушаны чытаць, — каб пад шумок, пакуль вочы праціраюцца, кантрабандаю правезці свой, аднаму мне вядомы груз. Тое самае, дарэчы, і з дыдактычнымі разборкамі: «адкуль што бярэцца», ды «чым канчаецца», «ды што ёсць мастацтва»… Я не настолькі наіўны, каб прымяняць законы логікі да законаў творчасці, разумеючы, што апошняя хутчэй прывілея медыцыны. І не так важна, канечне, дасталося гэта табе ў спадчыну, ці было «падчэплена» на якім-небудзь зігзагу біяграфіі.
Яшчэ ў дэбюце я прайшоў такую загартоўку чытацкай увагай, якая надоўга, калі не назаўсёды, адвучыла мяне ўспрымаць гэтую катэгорыю — «чытач» — усур’ёз, адбіла ахвоту аперыраваць ёю, як нечым вартым увагі.
Аднойчы я быў у вёсцы на летніх канікулах. І не ведаў, пра што пісаць. І, успомніўшы Дастаеўскага, звярнуўся да газетнай крымінальнай хронікі. А так як газета была адна, раённая брахалаўка, адтуль я і вывудзіў сваё «злачынства і пакаранне».
Нататка, падпісаная інспектарам камісіі па справах непаўналетніх, называлася «Забавы падлеткаў». Гарадскія хлопцы ўкралі (цяпер пішуць — скралі, «во ўжо дзе ненавіджу!» — Сыс бы сказаў) са стайні калгаснага каня, каталіся, мучылі яго ўсю ноч, а раніцай адпусцілі. «Бацькі павінны больш пільна сачыць за тым, чым забаўляюцца ў вольны час іх дзеці», — мякка заключае ў канцы інспектар. Я ж так жыва ўявіў таго каня, як ён цэлы дзень працаваў, уночы марыў паесці, адпачыць…
І напісалася апавяданне. Такое прыкранька-сентыментальнае. Як і ўсе яны, калі нароўні з людзьмі дзейнічаюць жывёлы.
Адзінокая, ды яшчэ і кульгавая жанчына Алена, малаказборшчыца (ездзілі колісь такія па хатах з раніцы, з бідонамі ў возе, збіралі малако — як казалі, «для арміі»), мела старога каня Трутня. Ён жыў у яе дома. Але мець цяглавую сілу тады забаранялася. Час ад часу, калі наязджалі з горада правяральшчыкі, старшыня загадваў ёй адводзіць Трутня на стайню.
Ад конюха яна даведваецца, што з блізкага горада амаль кожную ноч сюды прыходзяць падлеткі. Забіраюць коней, а пад раніцу адпускаюць. Ніякай рады ім даць не можна: конюх стары, мясцовыя мужчыны з гарадской шпаною звязвацца баяцца, міліцыя адмахваецца, бо, у прынцыпе, крымінальнага парушэння тут няма — фармальна падлеткі коней не крадуць, а толькі «бяруць у карыстанне», як бы цяпер, напрыклад, чужую машыну — узяў, пакатаўся, паставіў назад, і калі нічога з машыны не прапала, крымінальнай адказнасці за гэта не прадугледжана — хіба што калі зловіць гаспадар, дык начысціць морду.
Алена слухае конюха, прыгадвае, што сапраўды чула начамі на вуліцы гіканнне і конскі тупат. Яна баіцца, каб і яе каня не забралі. Конюх суцяшае яе, што такі замораны шкілет нікому не трэба.
Аднак начныя гулякі выбіраюць менавіта гэтага Трутня (інакш не было б апавядання).