ЛЁД
ЛЁД
І
Галубоўскі даўно прасіў свайго прыяцеля і калегу па службе Фелікса, каб той хоць раз узяў яго з сабой на зімовую рыбалку. Фелікс абяцаў — ды ўсё не выходзіла нешта.
Ужо і зіма прайшла, снег знік з вуліц Мінска, лёд на рэчках і азёрах вось-вось павінен быў растаць, а яны ўсё не ехалі. Нарэшце Фелікс сказаў:
— Ну што — заўтра?
І вось назаўтра, у суботу, яны селі ў электрычку і паехалі. Чаму не на машынах, якія меліся ў аднаго і ў другога? А выпіць? Святое на рыбалцы, рыба ж па сухім не ходзіць…
Дзіўна толькі, што пры іх не было ніякіх рыбацкіх прычындалаў, і адзеліся яны зусім не па-рыбацку: Фелікс — у чыстай куртцы, Галубоўскі — у новым паўпальто, у Фелікса на нагах чаравікі, у Галубоўскага — бліскучыя, як рыбіная луска, туфлі, Галубоўскі — у андатравай шапцы, Фелікс увогуле з непакрытай галавой… Усё тлумачылася проста. Ні на якую рыбалку яны не ехалі, гэта толькі для канспірацыі звалася — «рыбалка», а на самой справе яны ехалі здраджваць жонкам. Прычым вопытны Фелікс звыкла схлусіў сваёй, што розныя там лескі-палкі, кручкі-мармышкі, ватнікі і бахілы возьме ў Галубоўскага, а Галубоўскі таксама даволі спрытна, як для першага разу, наманіў сваёй, што ўсё гэта ёсць у Фелікса. Во як хітра прыдумана — малайцы! Начаваць, збрахалі яны, будуць у «спецыяльнай рыбацкай хатцы, дзе іх збярэцца чалавек дзесяць рыбакоў». Жонкі іхнія адна адну не любілі, не перазвоньваліся, таму і рызыка выкрыцця была нулявой.
З кожнай новай станцыяй электрычка аддаляла сяброў ад нецікавага Мінска і набліжала да новых прыгод і вострых адчуванняў. Фелікс з Галубоўскім сядзелі каля вакна, адзін насупраць другога, і моўчкі, з засяроджанымі тварамі сузіралі аднастайны сакавіцкі пейзаж: як мільгаюць і застаюцца ззаду паляны, пералескі, рабыя бярозы і елкі з касмыкамі пацямнелага снегу на лапах…
Скарыстаемся момантам, пакуль яны маўчаць, нічога яшчэ не адбываецца, і ўставім у паўзу колькі слоў пра іх.
Абодвум каля трыццаці. Фелікс выглядае маладзей за свае гады, а Галубоўскі — старэй. Калі невысокенькага, поўненькага, з жывоцікам, з бакенбардамі-катлеткамі і чорнымі вусікамі-стрэлкамі Галубоўскага вельмі ўмоўна, грубавата можна параўнаць з Пуаро, дык высокі, светла-русы, блакітнавокі і з вузкім выцягнутым тварам Фелікс — яго цень Гастынгс. Галубоўскі імпульсіўны, рухавы, любіць і ўмее пагаварыць. Фелікс — маўклівы, «флегма», нетаропкі ў рухах. Тонкія вусны яго часта ажыўляе загадкавая ўсмешка, якая сведчыць, што чалавек пазнаў цану і сабе, і людзям, і гэтаму жыццю, у якім вымушаны існаваць з-за адсутнасці лепшага.
І ўсё ж было нават у тварах іхніх нешта агульнае, ледзь улоўнае, што рабіла іх падобнымі. Гэта — узрост, той самы сумна-славуты «крыху за трыццаць», пра які кажуць, што ён «накладвае свой адбітак», узрост, пры якім звычкі спакваля пачынаюць выступаць заменай шчасцю, калі чалавек супакойваецца душою і часткова целам, калі сёе-тое ў жыцці дасягнута (а дасягнуць хацелася, канечне ж, «чаго і ўсе»: сямейка, дзеткі, кватэрка, кар’ерка, машынка…), словам, калі жыццё больш-менш уладкавана, распланавана, калі ведаеш, што было, што ёсць і — на жаль — лёгка ўгадваецца, што будзе (а будзе яшчэ круглейшы жывот, яшчэ большая азызласць, мяшкі пад вачыма, вяласць мышцаў, усё менш будзе заставацца валасоў на галаве і зубоў у роце і ўсё расці будзе пералік хваробаў у медыцынскай картцы…), і — як вынік — пытанне: гэта ўсё?! няўжо ўсё?! — і разгубленасць, нават лёгкая паніка — да чаго ж сапраўды імклівы гэты пракляты час, які ж ён насамрэч няўлоўны, як хутка праходзіць! — гэта ж яшчэ ўчора на вуліцы, у краме, у транспарце звярталіся да цябе «малады чалавек», а сёння — так нечакана, рэзка і непрыгожа — «мужчына», і разам з тым — нехаценне мірыцца, што самае лепшае, самае цікавае — ззаду, усё, што магло адбыцца, адбылося, і ўсё мацней прага нейкага бунту, хоць бы бунціку, усё вастрэй жаданне ўхапіць рэшткі маладосці, паспець «загрузіцца»…
ІІ
— Як камп’ютэр, — прамармытаў Галубоўскі, адрываючыся ад вакна і ад сваіх думак. — Нічога! — ён ляпнуў Феліксу рукой па калене. — Тут галоўнае без комплексаў. Проста! Гарэлка дадзена, каб яе піць, жанчыны — каб з імі спаць, электрычка — каб у ёй ехаць, так жа?
— Так, — адказаў Фелікс. І ўсміхнуўся сваёй усмешкай. Хто-хто, а ён выдатна ведаў, што робіцца цяпер на душы ў сябра — Галубоўскі яшчэ ні разу не здраджваў жонцы, таму цяпер балталогіяй хацеў перабіць нерваванне.
— Я чалавек не дурны, згадзіся, — казаў Галубоўскі (нібыта Фелікс спрачаўся), — прывык ва ўсім шукаць і знаходзіць падтэкст. Вось мы цяпер чаму ўперыліся ў вакно і маўчым? Ну, само сабою, з натуральнай, цалкам апраўданай асцярогі сустрэць знаёмага, іх жа, знаёмых, чорт у такіх выпадках наносіць, гадамі можна не бачыць, жывучы ў адным пад’ездзе, а тут вырасце перад табою, ды здароў, ды куды, ды чаго…
— Тонка заўважана, — сказаў Фелікс.
— Ці яшчэ момант, — падбадзёраны, працягваў Галубоўскі. — Каму з гэтай электрычкі можа прыйсці ў галаву, што два здаровыя бугаі, дарослыя дзядзькі, з такімі сур’ёзнымі тварамі, едуць не на дачы, не на… ну куды? — не на які-небудзь кангрэс дэмакратычных сіл, а да самых прымітыўных дзевак?
— Ну, не такіх ужо і прымітыўных… Але ў цэлым — праўда. І адкуль у цябе што бярэцца? — шчыра спытаў Фелікс.
— Назіральнасць плюс аналітычны розум, — патлумачыў Галубоўскі. — Цяпер канкрэтна наш выпадак. Пытанне: калі на душы так няўтульна, дык чаго мы едзем? Куды нас нясе нячыстая ды нячысты дух? На ноч гледзячы? Не дзеля ж блакноціка — ведаеш, такія нататнікі, імёнамі спісаныя ледзь не на кожную літару алфавіта, супраць якіх плюсікі… Не для таго ж, каб у забягалаўцы за куфлем піва была магчымасць уплішчыцца: «А вось я раскажу!.. А вось са мной было!..» Цьфу! І ўжо самае агіднае, калі рабіцца гэта з прычыны біялагічнай, медыцынскай — ці як сказаць… Калі — не дай Бог, канечне! — хвароба жонкі, астыванне да яе, механічнае жаданне перамены… Тут ужо ніякага апраўдання! Жывёльнасць, голы юр…
— Элементарная подласць, — згадзіўся Фелікс (у якога якраз-такі жонка была хворая, нешта звязанае з парушэннем абмену рэчываў).
— З іншага боку, чаго ламацца? Лепш здаровы цынізм, чым… Канечне, мне, у самай сіле мужчыну, проста… гм… па-чалавечы цікава. У кожнага бываюць моманты, калі так захочацца плюнуць на маральныя ўмоўнасці…
— Адарвацца па поўнай.
— Гэта раз! Другое, мы ж не толькі біялагічныя — мы ж і сацыяльныя стварэнні, нам жа хочацца неяк расквеціць будні новымі фарбамі, гукамі, адчуваннямі… Што называецца — «абнавіць кроў»… Калі з’явіцца нейкая свая маленькая тайна, уласны сакрэт, без якога як жыць нармальнаму чалавеку?
— А вось гэта — вельмі трапна, — без усмешкі пацвердзіў Фелікс.
ІІІ
Перад патрэбнай станцыяй яны падняліся — Фелікс на паўтары галавы вышэй за нізенькага, кругленькага Галубоўскага — і выйшлі ў тамбур. Электрычка задрыжэла і стала, як укопаная. Фелікс з Галубоўскім стукнуліся адзін аб аднаго і злезлі на перон. Адразу на іх дыхнула прыемным пахам чыгункі, вясны, расталага снегу… Было каля шасці вечара, зусім яшчэ светла, хоць пахмурна.
Фелікс адышоў да бардзюра і, затыкнуўшы пальцам вуха, пачаў гаварыць па мабільніку. Электрычка паехала. Галубоўскі закурыў і агледзеўся. Перон. Лаўкі. Будыначак станцыі… Вялікае возера ляжала падковай, канцы якой падыходзілі да самага чыгуначнага палатна, беручы станцыю з абодвух бакоў у абцугі. З вышыні перона, наколькі бачыла вока, возера падобнае было на жаўтаваты ліст паперы, на якім чорнымі кропкамі і коскамі рассыпаліся сагнутыя постаці рыбакоў. Злева возера падпірала сцяна лесу, а прама — на далёкім беразе, там, дзе падкова выгіналася эліпсам, відаць былі дамы дачнага пасёлка. Усё гэта імгненна ўхапіў позіркам і адклаў у памяць Галубоўскі (трэба ж будзе потым штосьці расказваць).
Падыйшоў Фелікс:
— Ну, усё выдатна. Спозняцца крыху…
— Дзе ж выдатна, калі спозняцца?
— Павячэраем, агледзімся…
План іхні быў — у Фелікса знаёмая, яна прыедзе ўвечары з Мінска ў пасёлак, у спецыяльную «хату», і прывязе сяброўку. Абедзве замужам, што дае пэўную гарантыю чысціні фізічнай і няпэўную — маральнай. Вось такая рыбалка, ха-ха!
Фелікс прапанаваў ісці да пасёлка цераз возера. Калі спусціліся на лёд — веснавы, падшэрхлы, зусім не слізкі — і пайшлі па ім, лавіруючы між накручаных рыбакамі дзірак-палонак, Галубоўскі ў сваіх туфлях адзін раз усё ж паслізнуўся і ледзь не ўпаў. Цяпер, чым бліжэй да мэты, тым актыўней мянціў яго язык.
— Тут галоўнае што? — пытаўся Галубоўскі і сам адказваў: — Якаясьці каверза, нечаканасць… Увогуле, як гэта робіцца? Ну, падрыхтоўка, прэлюдыя? Не браць жа моўчкі за руку і не весці ж! Трэба ж штосьці казаць, неяк сябе паводзіць…
І тут рознае ўяўлялася Галубоўскаму, самае палярнае:
— Каб і не надта груба, і каб не інстытут шляхетных дзяўчат…
Таксама ён дзяліўся ўголас — а як бы ён хацеў, каб было? Так сказаць, у ідэале? Поўзмроку, аказваецца, ён хацеў бы, ружовага або сіняватага адценняў, нейкага флёру… Сціпласці, няўмення. Каб такі ўтульны пакойчык невялікі, ізаляваны, глухі, які б абавязкова замыкаўся на ключ з сярэдзіны… Чагось такога. Аднак не супраць быў і на адваротнае: на распусту лёгкую, сімпатычную — у пэўных межах, канечне:
— Ведаеш, без гэтых жахлівых «дядя», ці «мущина» — во ўжо ненавіджу!
— Пік пошласці, — пагадзіўся Фелікс.
Дапускаў Галубоўскі і самы горшы варыянт: непрыстойнасць, неахайнасць, развязнасць, калі рэчы называюцца сваімі грубымі імёнамі… Карацей, да ўсяго быў гатовы.
— Натуралізм! — усклікваў ён. — Але таксама някепска!
Асабліва ж карцела яму прасачыць адзін момант. Як гэта чужая, апранутая, недаступна-непрыступная жанчына, якую звычайна праводзіш у лепшым выпадку позіркам, жанчына, якіх сотні на вуліцах, у транспарце, у крамах, паліклініках, бібліятэках, офісах і ў розных канструктарскіх бюро — як яна паступова будзе ператварацца ў індывідуальную, даступную, голую, тваю — па адным тваім жаданні, па адным кіўку твайго пальца, і належаць будзе толькі табе, нейкаму Галубоўскаму…
— … Хаця ты не маеш на яе аніякага права! Ці гэта і ёсць адзіна-сапраўдная, несумненная ўлада, дадзеная смяротнаму чалавеку, а зусім не ўлада палітычная?
Фелікс згаджаўся, падтакваў, не забыючы нагадваць, каб гаманкі сябар хоць трохі глядзеў пад ногі.
IV
Возера прайшлі, ускараскаліся, памагаючы адзін аднаму, па слізкім адкосе і апынуліся на пасялковай вуліцы, вузкай, гарбатай і крывой («Як п’яны бык пасцаў», — заўважыў Галубоўскі) вуліцы. Людзей па дарозе траплялася мала, у асноўным мужчыны-рыбакі ў сваіх ватоўках, бахілах і са скрынкамі на плячах; хто ішоў з возера, хто на возера…
Каля мясцовай крамкі стаяў, пакурваючы, дзядзька з браканьерскай мордаю. Побач, на кавалку цэлафана, раскладзены быў тавар — акуні, шчупакі, плоткі, судакі… Рыбіны былі розных памераў, некаторыя яшчэ варушылі плаўнікамі і жабрамі. Побач стаяў пусты глыбокі таз. У Галубоўскага загарэліся вочы, ён раптам падскочыў да прадаўца і загаварыў холадна, строга, начальніцкім тонам:
— Што за рыба? Адкуль? Чым лавіў — сеткаю? Электравудаю? А дазвол? Пасведчанне паказаць?
Дзядзька цыркнуў слінай, змерыў Галубоўскага сонным паглядам, нібы вырашаў, ці варта траціць на такога словы. Вырашыў, што не варта, і пагардліва адвярнуўся.
— Цяпер разумею, — зрабіў чарговае адкрыццё Галубоўскі, калі ледзь адцягнуў яго Фелікс і яны пайшлі далей па вуліцы, — чаму знаёмыя рыбакі ніколі без улову не вяртаюцца! На якую «рыбалку» ездзяць!
— Ды не. Сапраўдны рыбак смаркатага ярша ніколі не памяняе на самую залатую бабу… Прашу! — Фелікс паказаў на металічныя веснічкі.
Дом. Звычайная дача. Як вясковая хата, толькі высокая, з вакенцамі ў паддашшы. Нічога не паказвала, што гэта загарадны публічны дом, ці дом спатканняў, скажам мякчэй.
— Не Капенгаген, — скептычна заключыў Галубоўскі. А калі ўвайшлі ў двор, і навязаны на ланцугу ля будкі сабака, замест таго, каб гаўкаць на чужых, толькі хвастом завіляў, Галубоўскі пасміхнуўся: — Прывык!
У халоднай — пара з рота — верандзе ім насустрач падалася жанчынка, звычайная вясковая бабулька, у пуховай хустцы, вязанай кофце, у пантофлях з кутасамі і ў мужчынскіх шкарпэтках. Рукі ад холаду яна трымала ў рукавах кофты, як у муфце. Твар свяціўся лагоднымі зморшчынкамі, вочы ззялі радасцю, нібы гэта маці сустракала даўно чаканых сыноў.
— Не занята, баба Ганя? — спытаў Фелікс, і Галубоўскі, распранаючыся каля вешака, кідаючы на табурэтку шапку і шалік, паспеў заўважыць, як сябар дастаў з кішэні і нешта піхнуў бабулі ў руку.
— Дзякую, родненькі, — расчулілася тая, ці то парушынку змахнула з павек, ці то нават слязіну. — Ніколі не пакрыўдзіш старую… Абы добра было…
— Абы грошы і харчы харошы, — крыху не ў тэму ўставіў Галубоўскі. Цяпер, калі распрануліся, дык Фелікс нібыта яшчэ больш падрос, а Галубоўскі яшчэ паменшаў. Без шапкі ў яго на самай макаўцы адкрылася круглая, акуратная, падобная на ярмолку лысіна.
Доўгім калідорам прайшлі у нейкую цесную баковачку. Галубоўскі машынальна агледзеўся, шукаючы вачыма ложка ці канапы, але іх не было. Быў стол пасярэдзіне, засланы сінім у белыя гарошыны абрусам, і некалькі табурэтак. На стале — сальніца і попелка. Невыветраны тытунёвы пах прымусіў паморшчыцца нават курца Галубоўскага.
— Прысядзем?
Сябры паселі на табурэткі, склаўшы рукі на каленях. Пакуль стол з дапамогай бабы Гані сервіраваўся няхітрымі сялянскімі закускамі, Галубоўскі ад няма чаго рабіць цікаваў за ёю — за гэтай носьбіткай маралі і чысціні духоўнай, за гэтым жывым увасабленнем народнай мудрасці і прастаты, за гэтым адвечным літаратурна-мастацкім сімвалам дабра, справядлівасці, цягавітасці і працавітасці, —словам, сачыў за гэтай старой зводніцай — гаспадыняй прытона, і гучным шэптам дзяліўся з Феліксам сваімі назіраннямі, у прыватнасці, звяртаў увагу сябра на яе рукі — спрацаваныя, сялянскія, патрэсканыя, якія чаго толькі на сваім вяку не перарабілі, перш чым ладзіць ім, такім, як Галубоўскі з Феліксам, пачастункі і перасцілаць для іх пасцелі.
Калі ж стол быў нарэшце сабраны (міска з квашанай капустай, салёнымі гурочкамі, талерка з ружовымі брускамі сала, хлеб — чамусьці не чорны, а нарэзаны батон, і пляшка гарэлкі), Галубоўскі зусім развесяліўся, разыйшоўся да таго, што пачаў смехам заляцацца да бабкі Гані:
— Вось і дама нашая!
Ламаўся, галантна схіляў у паклоне галаву, выказваў намер пацалаваць «даме» ручку… І дабіўся свайго, угаварыў. Чырвоная, збянтэжаная бабка вымушана была прынесці сабе чарачку, прысела за стол і сарамліва пачала церабіць вузлаватымі пальцамі махры абруса.
— Вясёлы таварыш ваш, дзякуй яму…
Пачалі выпіваць, закусваць, і тут ужо ідылія наступіла поўная: вось прыехалі з горада сыны — памагчы старэнькай матулі, дроў нарэзаць-накалоць, вады нанасіць, хлеўчык паднавіць, і цяпер набіраюцца сілы перад нялёгкай, але важнай, патрэбнай справаю.
Баба Ганя толькі прыгубіла сваю чарку і панюхала кавалачак батона. Фелікс таксама не праяўляў ахвоты ні ў выпіўцы, ні ў закусцы. Затое Галубоўскі еў за дваіх, а гаварыў за траіх. Жарцікі, анекдоты, каламбуры, не зусім прыстойныя і зусім непрыстойныя показкі так і ляцелі з яго набітага рота разам са слінаю направа і налева. Асабліва падабаліся яму самому ўласныя інверсіі, гэтыя смешна-несуразныя перакруткі слоў, такія як «шутка юмора», «рыбалка — любімы спорт віда» (Галубоўскі знарок картавіў, і гучала не «рыбалка», а «яб…лка»), «не в дела курсе», «насчёт картошки дров поджарить»… Таксама бліскаў пярлінкамі: «на…бі бліжняга свайго, бо дальні наблізіцца і на…бе цябе», «няма часу грудзі мяць», «у лесе пра баб, з бабамі — пра лес», «у рыбака голыя бака, зато абед панскі», «у дзеўкі ўсё шчасце спераду, а калі нагнецца — ззаду», «дамы запрашаюць кавалераў на палку чая», і вядомае ўжо, неаднойчы паўторанае — «былі б грошы і харчы харошы!»…
Баба Ганя таксама хутка асвойталася, увайшла ў кампанію, пачала памагаць яму рэплікамі, падсыпаць слоўкі і выразы народныя, сакавітыя (якія ў гэтай сітуацыі гучалі куды пашлей, брыдчэй і пахабней за, у прынцыпе, бяскрыўдна-дзіцячыя непрыстойнасці Галубоўскага).
— Ежце на здароўечка… Бронь Божа… У Бога дзевак многа… Мне чужога век не трэба… Усё жыццё з мазаля жыла… Хай вам Бог дае ў ручкі, у ножкі і туды трошкі… Каб ведаў, дзе ўпадзеш — саломкі падаслаў бы… Спанаравіцца — дык станеце часцей наязджаць, будзе вам свая дача…
— Дзеўкі спорылі на дачы — у каго та-та-да-та-ча, — зрыфмаваў Галубоўскі. Ён пагладжваў сабе жывот і глядзеў перад сабой алейнымі, крыху асалавелымі ад гарэлкі і тлустай закусі вачыма.
Баба Ганя яшчэ пасядзела трошкі, ветліва падзякавала, культурна папрасіла прабачэння і выйшла, шлэпаючы сваімі пантофлямі з кутасамі. Фелікс з Галубоўскім засталіся чакаць.
V
За вакном хутка сцямнела. Галубоўскі не мог уседзець на месцы. Ён то курыў, то мераў крокамі пакой, то адхінаў фіранку, узіраўся ў цемру… І — не пераставаў балбатаць.
Звычайна чалавек выгаварыцца, стоміцца і дасць магчымасць пагаварыць іншым. Ды толькі не Галубоўскі. Гэты наадварот — чым больш балбатаў, тым больш сам сябе заводзіў. Спіртное толькі выпукліла яго няўрымслівы характар. І тон балбатні змяніўся — з жартоўна-гуллівага, як з бабкаю за сталом, стаў з’едліва-абвінаваўчым, нават злым.
Фелікс, на якога гарэлка зусім не падзейнічала, супакойваў: «Рана яшчэ… куды спяшацца… уся ноч наперадзе… што цябе каўбасіць?» — і гэтая сябрава ўпэўненасць, панібрацтва, асабліва яго ўхмылачка яшчэ больш распальвалі Галубоўскага.
— Убога, — казаў ён, стукаючы пальцам па падваконніку. — У-бо-га! У гэтай бабкі Ганькі — дзеці ж, канечне! Унукі! Што, не ведаюць, чым займаецца іхняя клапатлівая матулька і бабулька? Адкуль у яе грошы на падарункі?
— Ды баба як баба. І нашто табе іншая? Сам жа казаў: электрычка — каб ехаць, гарэлка — каб піць, дзеўкі — каб з імі спаць… Ну і бабка — каб спальню арганізоўваць…
— А твар? — гнуў сваё Галубоўскі. — Заўважыў? У жанчын увогуле, чым больш ім гадоў, чым бліжэй да старасці, начыста знікае былая прыгажосць, блякне, адмірае тое, чым раней можна было браць, застаецца голая існасць! І тварамі яны робяцца падобнымі, як блізняты, уладнасць, хцівасць, жорсткасць ледзь не драпежная — усё, што было прыхавана маладосцю, раптам так праяўляецца!..
— Ды звычайны твар. Ну, а калі б замест бабы быў дзед? Якая розніца? Чаго ты яшчэ хочаш?
— Розніца… Дзед, — Галубоўскі курыў ужо трэцюю запар цыгарэту, у клубах сіняга дыму, як вожык у тумане, перасякаў туды-сюды пакой — ад стала да вакна, за якім чарнела ноч. — Чаго я хачу…
— Што табе не падабаецца?
— Не падабаецца… Усё! Нейкая баба, нейкія дзеўкі… А то я не ведаю, што іх гоніць сюды! Уцёкі ад кухні, бялізны, руціны, пастыласці, вечна п’янага хама-мужа без кветак… Марна, ад сябе не ўцячэш!
— Не дуры, калі ласка, — не зразумеў Фелікс. — Дзеўкі чыстыя, правераныя, бясплатныя… Чаго табе яшчэ? Устроіў лекцыю на голым месцы, — з мяккім дакорам ён яшчэ спрабаваў спусціць сябра на тармазах.
Але Галубоўскага ўжо несла:
— …І як танна, безгустоўна, прыкра! Так нецікава аддаваць сябе! — захапіўшыся, Галубоўскі не заўважаў, што звяртаецца ўжо не да ні ў чым не вінаватага Фелікса, а напрамую да гэтых дзевак, нібы яны сядзяць тут, і яго слухаюць. — Я б яшчэ зразумеў, калі б бралі грошы, хоць нейкая логіка! А так — сувакупленне, іменна — механічны акт, з усімі атрыбутамі, з усёй юрыдычнай казённасцю слова! Ад якога патыхае жалезным вузкім скрыпучым ложкам, кратамі на вокнах, голымі сценамі з цвіллю на тынку, рэжымам, строгасцю, пошласцю, сумам, сумам…
— Не трэба было ехаць, — справядліва заўважыў Фелікс. — А раз ужо прыехалі, дык давай рабіць тое, дзеля чаго прыехалі.
— Рабі! — з гарачкі ўсклікнуў Галубоўскі. — Я яшчэ не настолькі апусціўся, каб… Шкада мне вас!
Фелікс памаўчаў. Яму яўна надакучыла ўлагоджваць капрызнага сябрука, нянькацца з ім, як з галоўным тут, як з цэнтрам, вакол якога ўсе яны — другасныя персанажы, павінны кружыцца, бы начныя матылькі вакол лямпы.
— Ды ці не баішся ты, таварыш? — спытаў ён неяк стомлена, без звыклай сваёй іроніі, амаль холадна.
Ад нечаканасці Галубоўскі аж задыхнуўся.
— Ты… ты…
Дык вось які ты! Такое яно, тваё сапраўднае нутро?! А ён тут распінаецца… Перад кім?! Прэч… Прэч… Не марудзячы ні секунды… З гэтага пошлага прытона, ад гэтай вульгарнай бабкі, ад гэтага чалавека, якога некалі лічыў сябрам!..
— Пайсці хочаш? — данеслася яму ўслед. — Дык позна. Ужо…
Далей Галубоўскі не чуў, дзверы за ім ляпнулі.
VI
На вуліцы востра пахла адлігай і вясной. Галубоўскі ішоў, дыхаў, падстаўляючы свежаму ветру твар. Ён аслабіў шалік, шапку зняў і нёс у руцэ. Неўзабаве стала холадна. Галубоўскі спыніўся. Надзеў шапку. Цёмна, пуста, незнаёма… Ад станцыі данёсся шум электрычкі.
Павярнуў назад. Пастаяў каля веснічак, чакаючы, калі выйдзе Фелікс, папросіць прабачэння і тады ён, Галубоўскі, трохі паламаецца і пойдзе ў хату. Бо на самой справе ён хацеў толькі адвесці душу, выгаварыцца, пакрычаць для парадку, з’едлівасцю і найгранай, перабольшанай злосцю паказаць, што сітуацыі ён не адабрае, але вымушаны застацца.
У хаце свяціліся вокны. У двары сабака пазвоньваў ланцугом. Ніхто не выйшаў.
«Баішся, таварыш?» — успомнілася Феліксава. Крыўда і злосць зноў падступілі да душы. Усё ж такога ён ад рахманага, ціхага, вечна на другіх ролях Фелікса аніяк не чакаў.
Гусь свінні не таварыш!.. Пазней можна будзе абыграць — як-небудзь: голуб свінні не таварыш… Каб адразу ясна было, што свіння менавіта Фелікс, бо нельга так з сябрамі.
Пальцы намацалі ў кішэні мабільнік. Таксама выйсце… «У крайнім выпадку пазваню. А пакуль прагуляюся, хоць бы да возера, ці нават да станцыі і назад… А што? Заадно працверазею».
Пайшоў. Цяпер дарога — мо ад таго, што была знаёмая, — падалася не такой і доўгай. Завулак. Крама, каля якой днём Галубоўскаму запраста маглі даць па мордзе. Адкос, спуск на лёд… Возера. Успомніліся кропкі і коскі на лёдзе — сагнутыя постаці рыбакоў. І цяпер сям-там па ўсім возеры мільгалі слабыя агеньчыкі — ліхтарыкі ў палатках рыбакоў, якія засталіся на ноч.
Галубоўскі спусціўся на лёд, пакрочыў апасліва, пазіраючы ўніз, помнячы, колькі дзірак накручана ў гэтым рыхлым, як сыр, лёдзе. Месяц то хаваўся, то выплываў з-за хмарак, нібы прапаноўваў гульню: ці запомніў ты шлях? Але і без месяца арыенціраў хапала. Тыя ж рэдкія агеньчыкі ў палатках, чорная сцяна лесу справа і цьмяная пляміна святла ў тым баку, дзе станцыя.
Яшчэ адна электрычка, ужо з Мінска, праехала, на гэты раз бліжэй, весялей яе перастук, і ўжо не толькі вачыма, а і вушамі можна арыентавацца. Месяц перастаў гуляць у хованкі, выплыў з-за хмараў увесь, на лёд легла роўная светлая палоска. Галубоўскі забыў пра асцярожнасць і даволі бадзёра тупаў па гэтай сіняватай падманлівай сцежцы.
Так ён перасёк амаль усё возера. Ужо бераг і лес былі зусім блізка, ужо выразна бачыліся агні ліхтароў на пероне… У гэты момант лёд нечакана і яшчэ не страшна трэснуў звонкімі стрэлкамі — ці-і-іў!.. Але не праламаўся, толькі ўвагнула яго пад цяжарам цела. Галубоўскі запрацаваў нагамі, стараючыся выбрацца з гэтай неглыбокай варонкі з ледзяным скатам, заслізгацелі тонкія падэшвы гарадскіх туфляў… Марна — лёд! Галубоўскі наверх, а яго цягне на дно ўвагнутай варонкі, Галубоўскі на карачкі, грабсціся рукамі, а няма счаплення — паехаў уніз, дзе ўсё больш нецярпліва і грозна патрэсквае — грабіся, паўзі, а будзеш ты мой! І вось чарговы раз трэснула, вухнула пад нагамі, і Галубоўскі шухнуў у ледзяную ваду па пояс. Апякло не холадам, а жарам, і ў мазгі нібы тысячы голак утыркнулі. Вады было яму па пояс, а здалося — па шыйку. Ногі, праўда, стаялі на цупкім дне.
Ён, раскінуўшы ў бакі, як купальшчык, рукі, сунуўся быў уперад, да берага — а яно глыбей, дна няма! Ён назад, каб выбрацца зноў на тоўсты лёд — а яно ніяк, лёд крышыцца, ламаецца ў пальцах! Позна зразумеў, што собіла яму праваліцца акурат на закраінах, на саменькай мяжы, дзе стары, падточаны знізу вадою лёд пераходзіць у малады, прыбярэжны, які чым бліжэй да берага, тым танчэйшы, бо днём растае, а на ноч схопліваецца…
Ён паспрабаваў легчы на жывот, распластацца, каб выпаўзці з палонкі чарапахаю… Але хрумснула пад ім яшчэ мацней, паламалася, ды так, што ён ледзь не даў нырца з галавою, паспеўшы падумаць: шапка намокне! І гадзіннік, і цыгарэты, і тэлефон… Якраз тое, што трэба ратаваць!..
У паніцы кінуўся ў адзін бок, другі, і трэці, і чацвёрты… Ужо хоць бы куды, хоць уперад — да станцыі, электрычкі, хай мокраму, без рыбы і без сябра, у горад, да жонкі, кухні, канапы, тэлевізара і фікуса ў гаршчку, хоць назад — у прытон, да Фелікса і бабы Гані… Усё роўна! Абы не стаяць, абы рухацца!
Ды не можна было. Ён ужо бачыў, што куды ні рынься — толькі горш. Супакоіцца… Пастаяць. Апамятацца. Абдумаць план ратунку. Званіць Феліксу? І ён прыйдзе, насмешлівы або злосны, і пачнуць яны перазвоньвацца на ўсё возера, бо не адразу ж знойдзеш, і пойдуць потым назад, і ён, Галубоўскі, мокры, аблезлы і нікудышны, паўстане перад «дамамі»…
Гукаць рыбакоў? А мо сам выграбуся? Мо не так усё кепска? Яно ж нібыта не глыбока, утапіцца не ўтопішся…
Ён сціскаў у руцэ тэлефон — і не званіў. Набіраў у рот паветра — і маўчаў. Холадна вельмі было… І вельмі сорамна.
Вось табе прынцыповасць! Вось яна, плата за маральнасць — заместа ўзнагароды! А не трэба было акторстваваць, дурыць, капрызіць не трэба было — і не праваліўся б, не замярзаў бы цяпер, не боўтаўся б, як дзярмо ў пельцы, не стаяў бы раскіракаю — а ляжаў бы ў цёплым ложку з дзеўкаю, як Фелікс, мабыць, зараз… Трэба яна табе была, гэтая прынцыповасць? А калі б Фелікс не сказаў бяскрыўднае «баішся» — застаўся б? Не, не застаўся б… Калі б Фелікс нават каўнер адрываў, утрымліваючы, — уцёк бы. Чаго ўжо тут… Не кожнаму, дарагі мой, дадзена, не так гэта проста, як у тваіх анекдоціках!..
Плакаць хацелася і ад холаду, і ад бяссілля, і ад сораму… А сама больш — ад несправядлівасці.
Ён і заплакаў. Стаяў па пояс у ледзяной вадзе, пад гэтым вечным месячным святлом, маленькі, скалелы, напалоханы, бездапаможны — мікраскапічная пылінка ў Космасе, і хныкаў, румзаў так, што салёныя слёзы ажно ў нос зацякалі!
Ужо ў мазгах у яго пачало муціцца. Месяц, вада, лёд, снег, лес, агеньчыкі палатак і агеньчыкі зорак, і белае, і чорнае, і сіняе… Ён перастаў усхліпваць. Закінуў галаву, углядаючыся ў неба, невядома што там шукаючы. Месяц быў той самы, што суправаджаў яго ўсё жыццё, ад дзяцінства і да сёння, зазіраў у яго пакой, у кухню, асвятляў яму сумесна з ліхтарамі мілыя мінскія вуліцы… А цяпер сеяў сваё сіняе, халодна-прыцягальнае, мёртвае святло і не было яму аніякай — абсалютна ніякай справы да таго, што чалавек так несправядліва гіне!..
— Хто тут? — раптам пачулася зусім блізка.
Ён хацеў адказаць: «Памажыце, замярзаю, таплюся», — але не змог, словы захраслі ў горле.
— Руку давайце!.. Ды смялей, не бойцеся… Як вас уперла сюды?
VII
У палатцы, ці хутчэй гэта быў нейкі шалаш, гарэлі, ціха патрэскваючы, штук пяць свечак-лампадак, невялічкіх, але ад іх было светла, цёпла і нават утульна. Пахла плаўленым парафінам, свежай рыбай і трохі бамжатняю.
Галубоўскі сядзеў у кутку на лахманах, прагна глытаў гарачы чай з алюміневай конаўкі, адчуваючы, як марудна, млявай прыемнай хваляю разліваецца цяпло па змучаным целе і спалоханай, збалелай душы.
Яго збавіцель корпаўся нешта ў кутку, перабіраў свой рыбацкі скарб і (быў, відаць, з пароды «галубоўскіх») усё гаварыў, гаварыў — ціха, манатонна:
— А я чую, нехта боўтаецца… Плёхае… Спалохаліся? Ды тут не ўтопішся — неглыбока… Адно холадна… Вы піце, сёрбайце хоць гарбату! Як ведаў — заварыў акурат… Трэба ж, як калоціць вас, беднага! Яно каб у пасёлак, ды выкруціцца, пасушыць вас… Бо як вы ў электрычцы паедзеце? Ці потым па горадзе? Як-ніяк сталіца, а вы ў мокрым… Пазіраць будуць, падумаюць немавед што…
Галубоўскі не мог вызначыць яго ўзрост, не бачыў і яго твару — рыбак увесь час нібы знарок паварочваўся да яго то спінаю, то бокам. Але здавалася, чалавек гэты яшчэ не стары, чамусьці абавязкова з барадою, з мяккімі, вельмі добрымі і вельмі сумнымі вачыма. І ад таго, што ён так шкадуе яго, чужога і дурнога Галубоўскага, называе бедным, асабліва ад гэтага мілага «выкання» Галубоўскаму хацелася прытуліцца да яго і яшчэ трохі ціха паплакаць.
— Грэйцеся, піце на здароўе… На электрычку ішлі? Дача тут? Мабыць, дача… У мяне таксама была… І дача, і машына, і жонка, і кватэра ў Мінску… Усё было, як у людзей. Цяпер толькі халупа тут, у пасёлку… Больш нічога няма. Я б вас завёў, дык там месяц не палена, халадрыга, дроў няма… Памерла ў мяне жонка, во дзе бяда… І паліць няма каму… І навошта? А ў мінскай кватэры дачка, з сужыцелем жывуць… Хай жывуць. Я ім не суддзя. Зімой толькі кепска — холадна ў хаце, у халупе маёй… Адзінока… А вы жанатыя? І дзеці ёсць? І працуеце? На фірме? І машына свая? Хаця цяпер у каго іх няма… Толькі жыві… Шчаслівыя вы, і такія маладыя яшчэ… І мне грэх скардзіцца! Многа не трэба — як, мусіць, і вам… Што маю — тое і маё. Скора пацяплее, а там вясна, лета, жыві не хачу… Возера, сонца, рыба, палатка гэтая… Рыбакі выкінулі, я падабраў, падлатаў, яно і нічога, жыць можна… Яшчэ гарбаткі? Піце на здароўе, пакуль гарачая… Ды і пойдзем патроху. На станцыю… Бо ў пасёлак, да чужых, толькі сунься — яшчэ ў прытон пападзеш, тут гэтага дабра поўна… Хто наркатой займаецца, хто самагонам, хто бл…вам… У мяне ў самога, сказаць вам, дачка б…дзь. Гэта каторая ў Мінску. Выгнала вось з кватэры… Хай. Я не ў крыўдзе… Жывіце. Яе вось толькі шкада, нібыта і замужам — і бл…дзь. А ў вас нічога! Усё добра ў вас… Пасядзіце, дапівайце, я вас да самага вагона давяду. Палкі толькі пабярэм, ды і пойдзём — яно хоць месячна, светла, а паспрабуй прайдзі такім лёдам!..
2002, 2007 г.