16. Палітэх
16. Палітэх
Спатрэбілася «пройти чуть не полмира», каб зразумець, якое ў цябе дома ўсё унікальнае, багатае, рэдкае, непаўторнае…
Мой падлеткавы перыяд быў шчаслівы, адназначна. Маці… Сябры… Гумар, назіральнасць… Арэхі, ягады, грыбы, рыбалка — прырода… Усяго хапала, усё пад бокам. Мне шэнціла. Я не проста хадзіў па жыццёвым лязе — я па ім бегаў, без страхоўкі, не балансуючы, і не звальваўся.
І навошта ж, навошта трэба быў дабраахвотны зыход з таго рая?!
Чаму не адцягваў, як мог, дакуль можна, хаця б 9-м, 10-м класамі? На халеры ён мне здаўся, той політэхнікум?
Медкамісія. «Як ты вучышся?» — «На пяць». Доктарка ўсплясквае ў ладкі: «Куды ж ты лезеш? Ты ж сабе лёс ламаеш!» Не лёс яна, канечне, сказала, судьбу, але сэнс ад гэтага не мяняецца.
Блат быў? Так, блат. Не хацелася ўпускаць выпадку. Экзамены… Паперка аб залічэнні, больш падобная на міліцэйскую павестку. «…Вам необходимо явиться для отработки 2-х недель по упорядочению общежития. При себе иметь…»
Да, б…, приехал и попал,
Как Чацкий — с корабля на бал.
Помню, стаю каля інтэрнацкага ганка, размаўляю з прыбіральшчыцай. Ба-бах!!! — з пятага паверха аб асфальт трохлітровы слоік з фарбаю! «Свінні! — лаецца прыбіральшчыца. — Гэта ж каб крыху бліжэй, усё адзенне аблілі б». — «Каб бліжэй, — кажу, — дало б па галаве і адзенне не спатрэбілася б». — «Ну правільна — каб бліжэй, так бы абпырскала, што пасля не адмыць».
Адарванасць ад прыроды, вырванасць з яе, як дрэва з коранем, выбачайце за банальнае параўнанне. Не інтэрнат — менавіта абшчага, абшчак, брыдкая, з доўгімі калідорамі, за дзвярыма клеткі з чатырма койкамі. Усё. Абавязкова мець пры сабе тапкі і дыванок на сцяну (кот у капелюшы ідзе з вудамі і з вядром, з якога тырчаць рыбіныя хвасты). Скразнякі, смурод, агульныя туалеты, адсутнасць — поўная — гарачай вады. Раз на тыдзень кіно. Голад, холад, па выхадных прыезды-наезды ў вёску. Праўда, канікулы, але і яны атручаныя тым, што неўзабаве скончацца і зноў трэба будзе вяртацца ў ненавіснае пекла…
Пераглядаючы сваё напісанае, я са здзіўленнем бачу, што нічога — ніц — (за выключэннем ніжэй прыведзенага ўрывачка) няма ў мяне пра перыяд ад 15 да 18 гадоў. А гэта ж, здавалася б, такія залатыя гады! Няўжо нічога? Чаму час і памяць не падфарбоўваюць тыя гады ў ружовае?
Не. Не хочуць. І ўжо бачу, і ведаю, што ніколі, ніколі —
не покорюсь, не примирюсь
со всею мерзостью,
жестокостью и скукой
тех лет…
Увольте — я ещё поэт!