20. Вечарына
20. Вечарына
У мяне, як у Плюшкіна, нічога не прападае, усё пад рукою — бібліятэчна-бібліяграфічная адукацыя плюс сялянская натура.
Вось сімпатычны вузенькі запрашальнік:
«Паважаны таварыш!
ЗАПРАШАЕМ ВАС
на літаратурны вечар-сустрэчу
з Таварыствам маладых літаратараў
пры Саюзе пісьменнікаў БССР.
Чакаем Вас 10 снежня 1987 года».
Дыхнула трохі залатымі часамі? «Таварыш», «БССР»… Дом літаратара, паўнюткая зала. У першым радзе Законнікаў, Быкаў, Гілевіч, Брыль, Сачанка… Анатоль Сыс — вядучы. Дабіраюцца да майго ўрыўка «Заява» з аповесці «Мяжа», чытае прафесійны дыктар з радыё, светлай памяці Алесь Свістуновіч, чытае з такім уздымам, пафасам — як сапраўдную класіку, і як жа страшэнна сорамна слухаць гэта, і думаецца: ды каб ведаў, што яно будзе гучаць са сцэны, хіба так напісаў бы — стараўся б лепш у сто разоў!..
Тым не менш, дзякуючы Свістуновічу, гэтая амаль школьная слабізна праходзіць на «ўра». Мне перадаюць словы Барыса Іванавіча Сачанкі: «Не, у такім ключы, на такім узроўні аповесці ён не выцягне…» (Як у ваду глядзеў, аповесць з такой назваю я не напісаў.) Анатоль Сыс — Сяргею Законнікаву: «Ну што, возьмеце ў „Полымя“?» — «Калі ўся аповесць такая — возьмем». Запабягаючы наперад, у «Полымя» ўзялі не аповесць, а мяне самога, літаральна са студэнцкай парты, я вучыўся, здаваў экзамены і адначасова працаваў на поўную стаўку ў часопісе.
Міхась Тычына: «А ўсё так добра пачыналася — з’явілася апавяданне Андрэя Федарэнкі „Заява“, і пра яго дружна загаварылі. І „левыя“, і „правыя“, і „цэнтрысты“. Кожны знайшоў у творы нешта сваё: традыцыяналісты-бытапісальнікі — вернасць паказу жыцця „ў формах самога жыцця“, адкрывальнікі „новай літаратуры“ — смеласць у пастаноўцы „рабром“ вострых нацыянальных праблем. Над аб’ектыўным сэнсам намаляванай карціны, як водзіцца, мала хто задумаўся…»