33. Ружовыя акуляры

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

33. Ружовыя акуляры

Вось цяпер нам крыху лягчэй. Цяпер мы можам паспрабаваць падступіцца да адказу на пытанне: чаго чалавек да 42 гадоў пісаў, і быў шчаслівы гэтым, а потым узнікла апатыя і нават агіда да літаратуры?

Гэта была няроўная барацьба з Часам. Дзіцячае, наіўнае жаданне такім чынам перастрахавацца, абараніцца ад непазбежных, страшных, пастаянных Сыходаў.

І літаратура — выдумка, фантазіі — бачылася адзінай магчымасцю змагання з Часам і з Сыходамі (ў тым ліку і з уласным сыходам). У пісанні, на паперы Час можна было не проста спыніць, зафіксаваць — яго можна было нават павярнуць назад.

Літаратура так трывала і так рана ўвайшла ў жыццё, што стала не проста звычкай, а амаль біялагічнай патрэбай — як есці, спаць, дыхаць.

Непазбежна трэба было прыйсці — і прыйшоў — да казуістыкі, што рэальнае жыццё — гэта пабоі, небяспека, міліцыя, жаночыя здрады, абразы, недавер, хлусня, беднасць, прыніжэнні, выжыванні, боль, кроў, аперацыі, бальніцы; што рэальнае жыццё — «кніга, поўная трывог, падманаў, гора і зла», і рана ці позна аграмадныя, бязлітасныя колы накрыюць, раструшчаць і пацягнуць у жудкую, беззваротную цемру, і будзе прыгаворваць мужычок, працуючы над жалеззем, бязглуздыя словы па-французску…

А таму к д’яблу яго, вашае рэальнае жыццё! — лепш добраахвотнае вар’яцтва, ружовыя ці любога іншага колеру акуляры, лепш жыць ілюзіяй, імітацыяй жыцця, «ценямі ценяў», лепш проста гуляць у яго! Ды яшчэ і вялікае пытанне: можа, акурат г. зв. «рэальнае жыццё» і ёсць міф, абсурд, вар’яцтва (тысячы таму доказаў), а творчасць — самы сапраўдны, нармальны, прадукцыйны і пазітыўны стан?..