9. Спачуванне

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

9. Спачуванне

А тут ужо гэтая — «некраложная» — тэма пачынае патрабаваць самастойнасці, ці хаця б нейкага (у нашым выпадку даволі жорсткага, трагічна-камічнага) завяршэння.

Адзін вясковы грамацей, ідыёціна першай гільдыі, пасля падзей на Нямізе ў 1999 годзе прачытаў газету, згарнуў, паклаў у кішэню і пайшоў да маёй маці. Прыйшоў:

— Прымі, Іосіфаўна, самые іскранніе сабалезнаванія ў связі з трагіческой гібеллю тваіх сына і нявесткі на раке Няміга ў цэнтры сталіцы нашай Родзіны, — і зняў шапку.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што апрыёры ўсё, што адбывалася ў Мінску, звязвалася са мною — ад падпісання важнага міжнароднага пагаднення да інфармацыі пра дробныя дарожна-транспартныя здарэнні. А тут яшчэ гэтая ўскосная сувязь з некралогамі, помнікамі, смерцямі…

Маці паўдня — пакуль бегала пехам у горад на паштампт і дазваньвалася да мяне, пражыла з адчуваннем, што трэба рабіць двайное пахаванне. Пазычала грошы… (З грошай пачалі гэты блок, імі і заканчваем.)