16. Дзённікі
16. Дзённікі
Госпадзі! Мне ўжо самому цікава, для чаго ж тады, якой трасцы я так люта, так утрапёна пісаў?
Якога ражна ўвогуле піша пісьменнік, якому не патрэбны ні чытачы, ні грошы, ні слава, ні практычныя, прыземленыя выгоды: якісь СП, якія-небудзь лакальныя прэміі і вынікаючыя з іх прывілеі?!
Я вырашыў звярнуцца да дзённікаў. Харошая рэч. Я даволі рэгулярна вяду іх з 1986 года. Можа, там, у тым жа славутым раёне 23–25 гадоў адшукаюцца чыстыя дэбютныя мары?.. Паўгалодны, малады, амбіцыёзны, самалюбівы… Піша начамі, рыхтуецца да прэмій у Расійскай або сваёй Акадэміі навук, да будучага Парыжа, ставіць перад сабой высокія мэты…
Жудасць навалілася на мяне, як толькі вочы пачалі выхопліваць словы і радкі пад датамі 87, 88, 89.
Мне проста стала кепска. Гэта быў кашмар. Гэта былі штохвілінныя фіксацыі стану, такое самакалупанне, такое страхоцце, такія замарочкі, такая гадасная дрэнь, якой маглі б пазайздросціць нашы прафесійныя «чарнушнікі». Каб не знаёмы почырк (ён у мяне не мяняўся ад школы да цяпер), я б не паверыў, што гэта маё.
З 88 па 89 большая частка выдрана, спалена, знішчана — як чорная метка, як нядобрая, начараваная, намоўленая рэч; ужо тады адчуваў, што нельга такое трымаць у кватэры. Па той жа прычыне, відаць, і не карыстаўся тымі дзённікамі, баяўся перачытваць нават тое, што засталося…
Нічога я з іх не ўзяў і цяпер. Аднак сёе-тое ўспомніў.