6. «Труцень»
6. «Труцень»
…Алег прыслухаўся, азірнуўся і ўбачыў у тумане пляміну святла, якая досыць хутка набліжалася і большала.
— Матрос! — пазваў ён ціха.
— Чую.
Матрос з’ехаў з асфальту на край насыпнога вала, прытрымаў каня, Алег — таксама.
— Што за чорт! — углядаючыся, устрывожыўся раптам Матрос. I калі машына, асляпіўшы іх фарамі, параўнялася, ускрыкнуў: — А-а!
Машына затармазіла так рэзка, што кінуліся ўбок коні, і ў Алегаў твар паляцелі дробныя каменьчыкі.
— Мянты! — звонка крыкнуў Матрос. — У лес!
Ён мог бы і не крычаць. Напужаны святлом, віскам тармазоў конь пад Алегам ляцеў, не выбіраючы дарогі. Пад капытамі нешта трашчала, чаўкала і гэтаксама трашчала і чаўкала ззаду. Матрос? Ці гоняцца? Алег ляжаў грудзямі на мокрай кастлявай шыі, якая хадзіла пад ім і муляла, і з жахам чакаў, што вось-вось зляціць у гэтую цемру, у гразь, пад ногі свайму ці Матросаваму каню. Адной далонню ён закрываў вочы, а ў другой намёртва заціснуў пук грывы. Пра аброць ён даўно забыўся, і павады целяпаліся недзе каля конскіх каленяў.
— …Аве-ей! — данеслася да яго, але ён нават не паварушыўся. «Зараз, я, заб’юся… Зараз, я, заб’юся…» — скакала ў ягонай галаве, акрэслівалася нават у нейкую мелодыю, як у чалавека, што едзе цягніком.
Матрос скакаў увесь час ззаду, за Алегам, і ў думках хваліў яго за кемлівасць. Алег быццам чытаў ягоныя думкі: нацянькі, праз лес, выскачыць на паплоўчык, там перачакаць і, можа, нават лесам ужо і дабірацца да горада. Але нечакана Алег рэзка ўзяў управа, а Матрос ведаў — там балота, і вельмі проста можа здарыцца, што конь, даўшы паўз балота круг, вынесе зноў праменька да міліцэйскай машыны. «Правей!» — крыкнуў ён, і ў той жа момант пачуў, як нешта цяжка бухнула на зямлю, і прыглушаны Алегаў ускрык.
Алег стаяў, прываліўшыся бокам да алешыны і заціскаў рукою плячо. З-пад парванае кашулі свяцілася голае цела.
— Во, чорт! — выдыхнуў узрадаваны Матрос. — Я думаў, ты ўжо халодны.
— Ай-яй, плячо!.. — прастагнаў Алег, падымаючы і апускаючы руку.
— Стукнуўся моцна? — Матрос саскочыў на мяккую балотную зямлю. — А дзе конь?
— Я яго, мабыць, загнаў… Вунь! — паказаў рукою Алег.
Матрос глянуў туды і ўбачыў, што тое маўклівае і чорнае, што ён спачатку палічыў за тоўстае бервяно, і было канём.
— Загнаў… Каня не загоніш праз кіламетр. — Ён падышоў да маўклівага і чорнага (конь ляжаў) і, намацаўшы аброць, ірвануў на сябе: — Но!
Конь тузануўся наперад, але не зрабіў нават намагання падняцца. Матрос шморгнуў яшчэ і здагадаўся, што тут нешта не тое. Чыркнуў запалкаю, закрываючы яе далонню, схіліўся бліжэй, сунуў другую руку каню пад жывот і ўсё зразумеў: пярэдняя нага ў каня моцна сядзела паміж тоўстымі каранямі магутнай балотнай вольхі. Карані адыходзілі ад ствала ва ўсе бакі і, як адросткі спрута, здавалася, прыпадымалі алешыну над зямлёю. Падышоў Алег і таксама нагнуўся, каб глянуць, але запалка патухла. Матрос падзьмухаў на пальцы.
— Што? — прашаптаў Алег.
— Нагу ў карані ўпёр… Сам не вылезе. А пакінем — здохне на… Тады ўжо іменна — чысты крадзеж! Я ж табе крычаў «управа».
— Здохне? I… што? — Алег нават забыўся на боль у плячы. «Турма? Ці калонія?» — халадзеючы, падумаў ён.
— Штраф! — Матрос плюнуў.— Упякуць рублёў па дзвесце. Ён жывы рубля не варты, а здохлага ацэняць як залатога. Выламай галузіну і аперажы добра! — распарадзіўся ён. — Ці бізун там недзе пад лазою…
Алег вобмацкам, хапаючыся, выламаў маладую алешыну і, пакуль церабіў, ліхаманкава перабіраў у думках: «Штаны — сто дваццаць рублёў, куртка — сто, красоўкі, туфлі, магнітафон чатырыста рублёў…» За тыя рэчы, якія ён насіў на сабе і якімі была завалена кватэра, яго пакой, бацькі, калі верыць Матросу, што за каня запатрабуюць чатырыста рублёў, заплацілі як за табун коней. Алегу стала лягчэй — ён не сумняваўся, што, як прыпячэ, яны заплоцяць не толькі чатырыста, але й яшчэ шмат-шмат грошай… Толькі няўжо прыпячэ, няўжо такое будзе?
Алег нерашуча падступіўся да каня. Матрос узяў за аброць.
— Бі!
Алег заплюшчыў вочы і ўдарыў па чорнай спіне. Ён ледзь паспеў адскочыць, бо конь з нечаканаю прыткасцю падкінуў зад, адначасна брыкнуўшы паветра. Вызваліцца яму не ўдалося.
— Бі тоўстым канцом! — шморгаючы за аброць, закрычаў Матрос.
Але конь стаяў цяпер з паднятым задам, брыкаўся і пагрозліва пырхаў.
— Ідзі па бізун! Бегаеш з гэтай палкай, як…
— Віця, кідай яго! — узмаліўся раптам Алег. — Ну, заўтра скажам, дзе гэты конь, пісьмо напішам і прышлем!
Моўчкі Матрос выпусціў павады і пабег да лазіны, намацаў у мокрай траве бізун і, вярнуўшыся, схапіў Алега загрудкі.
— Пайшоў… адсюль, — прашыпеў ён, — пакуль я добры. Бягом! — ён адштурхнуў Алега, размахнуўся і са свістам секануў каня па галаве.
Конь, як пасля ўспамінаў Алег, падскочыў на паўметра ўгору — Алегу здалося, што, перабіраючы ў паветры капытамі, конь ляціць проста на яго. Алег упаў на спіну ў твань, закрыўшы твар рукамі, але ўжо ў наступную хвіліну перакуліўся на карачкі і што было сілы кінуўся ў лес.
Напалоханы сам, Матрос стаяў у лазовым кусце і глядзеў, што робіцца з канём. Пасля ўдару той, мабыць, вырваў з пасткі нагу, але з зямлі не падымаўся. Матрос паслухаў трохі, як конь цяжка соп, ці то ён так стагнаў, паслухаў і ўжо смялей вылез з куста. Калі адвязваў свайго каня, той хрыпеў і не даваўся ў рукі.
А Алег тым часам, залезшы ў нейкі ажыннік, увесь абдзёрты, мокры, як мыш, выбраўся на шашу.
Ішоў не шашою, а паўз саменькі лес, спыняўся, прыслухоўваўся і быў гатовы кожную хвіліну кінуцца ў гэты мокры страшны лес. Было ціха. Калі з высокага месца замільгалі агні горада, ён аж трошкі ўсхліпнуў. «Я тут блукаю, мокры, галодны, а Алачка… Ты недзе спіш пад цёплай пушыстаю коўдраю — самая лепшая, самая прыгожая мая дзяўчынка! Спі сабе, — гаварыў ён, выціраючы слёзы замілавання, — спі, не чакай мяне, не думай пра мяне! Я чалавек кончаны!»
Ён шаптаў і добра ведаў, што ніякі ён не кончаны, і ніхто, акрамя бацькоў, яго не чакае. Але думаць так было прыемна — тым больш прыемна, што ўсё скончылася. «А магло ж і не скончыцца… Ой-ой! Маглі б забраць у міліцыю, мог бы скалечыць конь, я мог бы павыбіваць сабе вочы… Мяне маглі, урэшце, судзіць! Судзіць! У дзесятым класе, выдатніка!.. I нічога гэтага не здарылася, можна жыць як і жыў».
«Шчасце… я шчаслівы! — шаптаў ён, але думаў, што цяпер ён будзе ведаць тое, чаго не ведае Алачка, і калі ёй аб гэтым расказаць, дык ён у яе вачах… Алег палохаўся, быццам нехта мог пачытаць гэтыя думкі і зрабіць не так, і шаптаў: — Добра, што ўсё абышлося! Больш мне нічога не трэба — толькі быць другі раз разумнейшым…»
Рана, не было яшчэ і пяці, Алена прачнулася і ўспомніла, што па каня трэба ісці на стайню, што трэба ўжо ўставаць. Трэба было яшчэ выграбці з печы попел. Яна паднялася, накінула на плечы хустку і пайшла на двор, па вядро з венікам. На вуліцы заіржаў конь. Алена адчыніла весніцы.
Труцень стаяў з паднятай пярэдняй нагой, якая ад капыта да самага калена была тоўстая, як калода. Дрыготкімі рукамі Алена стала здымаць аброць і раптам войкнула і адхіснулася. З чорнай дзіркі пад рассечаным брывом, адтуль, дзе раней было вока, звісала доўгая крывяністая плеўка.
Жанчына заплакала, абдымаючы каня за шыю. Яна не ведала, нашто такое зрабілі з канём. Ён быў для яе як родны чалавек.