МЫЛА
МЫЛА
Той верасень быў надта халодны, дажджлівы і… хацеў напісаць «нудны», але на няпраўдзе спынілася рука.
Які нудны, калі табе дваццаць адзін год, ты паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову любімага горада-героя Мінска, і вось цябе паслалі «на бульбу», разам з незнаёмымі пакуль хлопцамі і семнаццацігадовымі дзяўчаткамі…
Якая нуда, калі вакол такая прыгажосць — азёрная Віцебшчына, са сваімі вёскамі, дзе хаты не адгароджваюцца ад вуліцы платамі, са сваёй асаблівай гаворкай — гэтымі «мальцамі» замест «хлопцаў» ды «прыехаўшы» замест «прыехаў», са сваімі выспачкамі барвова-жоўтых пяшчотных бяроз і асін проста пасярод бульбяных палеткаў, са сваім дрымучым яловым лесам, у якім, аднак, пад цёмнымі шатамі растуць белыя грыбы, са сваім дымком ад вогнішча, дзе ў прысаку пячэцца самы смачны ў свеце ласунак — бульба, са сваім (а цяпер на месяц і нашым) трактарыстам Фрэдзькам, мясцовым мудрацом, які ведаў толк у народных прыкметах і часта, пазіраючы ў неба, упэўнена заяўляў:
— А не, сёння дажджу ня будзіць! — і заўсёды амаль разам з гэтымі словамі пачынаў накропваць дождж, які затым паступова пераходзіў ў аблажны, на суткі-двое.
Не — нудным назваць той верасень ніяк нельга. Але тое, што быў ён дажджлівы і халодны — факт.
Вячэралі і снедалі мы «самапасам» — што Бог пашле ці што гаспадары, у якіх мы кватаравалі, адшкадуюць. Абедалі на калгасным мехдвары, пад навесам, за доўгім, знарок для нас збітым з новенькіх дошак сталом.
У будынку майстэрняў, або ў «ангары», як звалі яго механізатары, там, дзе ў бетоннай падлозе спецыяльная яма для рамонту тэхнікі, паўз сцяну было восем умывальнікаў, з халоднай, канечне, вадою. Можна ўявіць, якімі мы вярталіся з поля: адубелыя, злыя, мокрыя, а галоўнае — брудныя. Закарэлыя ад ліпкай, як гліна, зямлі рукі з чорнымі «манікюрамі» пазногцяў ажно свярбелі, такія паспрабуй адмый, каб можна было ўзяцца пасля за лыжку, за хлеб. А тут на ўсіх, чалавек трыццаць, не лічачы механізатараў, адзін разлезлы абмылачак, які, калі і дачакаешся яго, не столькі знішчае гразь, колькі, здаецца, яшчэ больш уцірае яе ў скуру. Непрыемна! Я падумаў, што вось мне харошы шанс вылучыцца сярод сваіх (абавязкова ж заўтра нехта спытае: чыіх рук работа? — а хтосьці абавязкова адкажа), а заадно прысароміць мясцовых, паказаць ім, што хоць бы дзеля нас, гасцей, маглі б парупіцца аб такой неабходнай рэчы гігіены.
Увечары я купіў у мясцовай краме восем кавалкаў мыла, самага таннага, «Туалетнага», па чатырнаццаць капеек за штуку, паразгортваў і паклаў каля кожнага ўмывальніка, і падалося, што змрочны «ангар» нібыта крышку пасвятлеў, неяк больш утульна, па-чалавечы там стала.
У абед наступнага дня ніводнага кавалка на месцы не аказалася. Гм…
Ёсць у мяне адна ці то добрая, ці то дрэнная рыса — упартасць. Вечарам, да немалога здзіўлення прадаўшчыцы, я набыў чарговыя восем кавалкаў. І на наступную раніцу, перад тым, як ісці на поле, забег у майстэрні і зноў параскладаў іх акуратна…
І зноў у абед не было ніводнага кавалка.
Гэта ўжо насцярожыла. Хто з механізатараў настолькі бедны? Ці гэта — свядомая акцыя? Але — навошта? Каб не лез са сваім статутам у чужы «ангар»? Хай так і застаецца адзін на ўсіх абмылак? Мы ж не мыемся — мы табе памыемся?..
Не! У людзей, у кожнага, ёсць элементраны сорам, і ён павінен абудзіцца рана ці позна.
Я пачаў купляць мыла рэгулярна, гэтак жа рэгулярна яно пачало знікаць. Быў момант, калі ў мяне на поўным сур’ёзе ўзнікла дурная думка — прыносіць яго, гэтае мыла, толькі ў абед, а на ноч забіраць. Вось даставіў бы ім (чамусьці ўяўлялася, што «іх» многа) радасці!
Недзе праз тыдзень я падлічыў фінансы і задумаўся. З такімі тэмпамі да канца «бульбы» мне хопіць на адно толькі мыла. А цыгарэты? А хлопцам, з якім разам харчуюся, што даваць у складчыну? Можа, напісаць маці, папрасіць, каб прыслала грошы пераводам? Тлумачачы тым, што трэба восем кавалкаў мыла ў дзень? Глупства… Аднак жа і не здавацца, не складваць лапкі. Думай, галава, шапку куплю!
І галава надумала: чатыры кавалкі, аказваецца, лёгка падзяліць напал. Абломкам старой касы я пачаў разразаць сваё «Туалетнае» — не разгорнутым, канечне, — і класці, як скупы армейскі старшына, каля ўмывальнікаў палавінкі.
Той самы вынік. Мыла знікала, нібы якаясь дурная карова злізвала яго сваім дурным языком. І тое ж пытанне — навошта?! Каму трэба, каб было горш? Я ж не клаў атруту, ад якой магла б пайсці на руках кароста, — наадварот… Што гэта? Звычайнае вясковае дзікунства? Як у тым выпадку з ракамі? Калі адзін мясцовы (прытыраны!) хімзаводзік зліў у сажалку ядавітыя адходы, і ў ёй перадохла ўсё жывое — акрамя ракаў; яны выкарабкаліся на бераг і пайшлі да суседняга чыстага возерка. Паўзлі — у спёку, чапляючыся клешнямі за сухую траву, нязграбныя, калючыя, шапацелі, грэбліся… На бяду, іхні маршрут перасёкся з вясковай вуліцай. Угледзеўшы працэсію, павыбягалі стары і малы, дужы і слабы, хворы і здаровы, лупілі дручкамі, чавілі нагамі, хвасталі дубцамі — і не супакоіліся, пакуль не знішчылі «ворагаў» усіх да аднаго.
Навошта, спытаеце, іх было чапаць, калі не есці?
А мыла нашто забіраць?
Пайшоў трэці тыдзень. Я ўжо чацвертаваў свае кавалкі — апошняя крайнасць, далей не было куды. Прадаўшчыца ў краме прывыкла да мяне і, пабачыўшы, не пытаючыся, звыкла апускала руку ў скрынку з мылам. Не ведаю, што яна пра мяне думала.
Пачаўшыся амаль як жарт, як бязвіннае спаборніцтва: хто каго? — мыльная гісторыя паступова зрабілася для мяне ідэяй фікс — навязлівай ідэяй, перайшла ў зацятае змаганне, калі не ў вайну — вайну здаровага сэнсу і этыкі з тупасцю і цемрашальствам. Прычым усё часцей пачынала мне здавацца, што ў вайне гэтай з супрацьлеглага боку дзейнічаюць не жывыя людзі, з рукамі, нагамі і галовамі, а якаясь няўлоўна-нябачная, злая сіла, моц якой у тым, што намераў яе не было ніякай магчымасці разгадаць.
На дваццаць пяты дзень я здаўся. Узнікла была, праўда, думка дзяліць яшчэ і чацвертаваныя кавалачкі, але тое было б нашмат горш, чым годна прызнаць сваё паражэнне і ў думках паціснуць праціўніку яго нямытую руку.
Але гэта не канец. Той эпізод стаўся толькі прэлюдыяй да маёй будучай жыццёвай «мыльнай оперы».
Аднойчы ўлетку на канікулах, у роднай вёсцы, надумаўся я зрабіць цераз нашу вузенькую рэчку масток, хоць бы з чатырох кладак, бо ляжала там усяго адно бервяно, круглае, вечна слізкае, нязручнае, небяспечнае. Я насёк у лесе жэрдачак, абчасаў, паклаў, зрабіў парэнчы, палюбаваўся на сваю работу, пакурыў, папляваў у ваду і пайшоў задаволены. Назаўтра ўсё было пабурана, зламаныя парэнчы плавалі ў вадзе, жэрдак не было і следу. А ляжала на іх месцы тая ж слізкая калодзіна. Чатыры дні я ўпарта «наводзіў» свой масток (паміж культураю і дзікасцю), і кожная спроба заканчвалася няўдачай.
У Магілёве — зноў-такі ў студэнцкія гады, на практыцы, быў у нас у інтэрнаце вахцёр, ніякі не адстаўны вайсковец, як многія з вас, напэўна, падумалі, — звычайны мужчынка, інтэлігентнага выгляду, прыстойна апрануты, з акулярамі на носе і са свежай газетаю ў руцэ; дык вось — ён ніколі не вітаўся. На працягу месяца ў кожную яго змену я гучна жадаў яму «добрай раніцы!», а ў абед — «добрага дня!». Нуль на масу. Ні слова ў адказ.
Бог ты мой! — толькі цяпер цюкнула ў галаву: дык а наша пісьменніцкая праца хіба гэта не тое ж «мыла»?! Адсюль «мыльныя оперы», серыялы, «мыльныя эпапеі» і г.д. «Мылам» называюць літаратурную цягамоціну… І як тут не згадаць бессмяротнага Лёвіна з «Ганны Карэнінай», які, «разглядаючы і разгортваючы духмяны кавалак мыла, прамовіў: — Гэта ж твор мастацтва!»
Хіба мы, майстры пяра, не займаемся тым усё жыццё, як толькі «наразаем» раманы, п’есы, аповесці, навелы і кладзем іх для агульнага карыстання, паняцця не маючы, хто іх забірае, якая з іх каму карысць, у якую прорву яны знікаюць?..
Сізіф ускачвае на гару камень, той затрымліваецца на імгненне — і па-а-акаціўся! Сізіф выцірае з ілба пот, спаўзае на «пятай кропцы» ўніз — і ўсё па-новаму…
2007 г.