20. Лагун і Алёшкіна

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

20. Лагун і Алёшкіна

2-гі курс. Іван Лагун — хлопец з маёй групы, Алёшкіна — першакурсніца (15 гадоў). На заняткі не ходзіць, бадзяецца па горадзе, а ноччу спіць з гэтым самым Лагуном.

Упершыню ў жыцці ўбачыў голую дзяўчыну ў ложку, якая не саромелася гэтага.

Тэхнікум, перапынак. Курым у туалеце, акно расчыненае. Хтосьці заўважае на вуліцы Алёшкіну.

— Лагун, пакліч!..

Лагун звешваецца з вакна, закладвае два пальцы ў рот, свішча.

— Ідзе! — рагочам мы. — А яна ідзе!

— Алёшкіна, Паганкіна ты!

Яна стаіць, глядзіць знізу ўверх на вакно мужчынскага туалета і пасміхаецца. Прыгожая, тоненькая, стройная… Вось бы мне такую! Як бы я яе любіў, абараняў, колькі ўсяго б нарасказваў, мы б хадзілі ў кіно, марожанае, тыры-пыры, ёй не было б са мною сумна, я б называў яе багіняй і феяй, а не Паганкінай…

Ну чаму яна не адчувае, хто мог бы яе па-сапраўднаму ацаніць?