23. Навушнікі
23. Навушнікі
Зноў вучуся. Усё добра. Выходжу неяк з аўдыторыі — рука на плячо. Чалавек у міліцэйскай форме. Маленькі ростам, з вусікамі. Твар добры, разумны, стомлены. Я ужо прывык да людзей у форме, ведаю, што ім трэба — яшчэ якія-небудзь дэталі па той справе, як мяне змясілі. Можа, знайшлі іх. Можа, штосьці так штосьці ўдакладніць. Але я нічагуткі не ведаю. Ноч, удары, боль і кроў. Нічога не магу дадаць новага.
— Заява на цябе. Загадчыца аддзялення бальніцы напісала. Навушнікі ад тэлевізара ў іх прапалі… Ты не браў?
Ну, што за глупства. Я не ведаў, што ў тым аддзяленні ўвогуле ёсць тэлевізар, як і першы раз чую, што да тэлевізараў ёсць нейкія навушнікі.
— «Рэкорд» стары, зламаны, у кабінеце загадчыцы стаіць.
Якая ахінея. Навошта мне ад зламанага тэлевізара навушнікі, ад мёртвага асла вушы…
— Андрэй, я табе нават падпісваць нічога не дам. Вучыся спакойна. Павар’яцелі яны там. Сука загадчыца: чалавек і так адмучыўся ні за што, дык яшчэ трэба жыццё яму ламаць… Упэўнены — капнуць: бяруць яны хабар, на хворых нажываюцца…
Які мілы, разумны чалавек! Вось такія і павінны працаваць у міліцыі.
Праз тыдзень павестка. «Явиться… В случае неявки…»
З’яўляюся. Кабінет. Мой следчы.
— Прысаджвайся. Што ж гэта ты, га? Паверыў табе…
І раптам ззаду па нырках удар складзенымі ў замок рукамі. Грымаюся з крэсла, ашарашаны, напалоханы, адурэлы не столькі ад нясправядлівасці, колькі ад незразумелай перамены, якая за тыдзень адбылася з такім мілым чалавекам, не сумняваючыся, што зараз будзе гасіць мяне нагамі. Зноў усё паблыталі, і злодзеяў, і ныркі мае з чужымі…
— Ты падпішаш, маць-перамаць, валэндацца яшчэ тут з табой! Навушнікі купі ў любым магазіне электратэхнікі, рубель дваццаць!
Падпісваю. Еду. Купляю. Малюсенькія дзве такія фіцюлькі, ніколі ў жыцці да гэтага не бачыў і ў руках не трымаў. Вязу ў міліцыю.
— Ну вось. Справа закрытая. Можа, ты іх і не браў.
— Вы… нікому не скажаце ў тэхнікуме? Стыпендыя… выганяць…
— Навошта? Як ты са мной, так я з табой. Жалезна. Замётана.
Выходжу з кабінета. Пара ўжо зразумець, дзе, з кім, у якім свеце я жыву і збіраюся жыць далей. Кім мне стаць у гэтым свеце? Прарабам? Доктарам, загадчыкам аддзялення? Следчым? Ці далучыцца да кампаніі і «мачыць» каго-небудзь групаю?..
Без жартаў. Трэба ведаць, кім хочаш стаць, і тады толькі можна выжыць.