14. Прамое дзеянне
14. Прамое дзеянне
Калі аснову першай часткі складалі творы, якія друкаваліся (праўда, без аніякай надзеі ўбачыць іх калі-небудзь асобным выданнем), дык аснову другой павінна было скласці самае ранняе, «напісанае ў стол», тое, што чытач убачыць упершыню. Дзве аповесці, куча апавяданняў…
Але з сумам, з расчараваннем, з жалем мушу ўключыць у эсэ толькі невялічкія ўрыўкі.
Не з-за адной іх мастацкай слабасці. Падпраўленыя рэдактарскай рукою, пайшлі б яны роўным ходам.
Не — сорамна мне па іншай прычыне. Амаль усё, што там напісана, «было на самой справе». Гэты сказ гучаў, і гэты эпізод быў падгледжаны ў жыцці. А значыць, думалася 23-гадоваму «пісьменніку», яно як мінімум мае права на існаванне.
Колькі такіх аўтараў, і «увы», і «отнюдь», і ох, і ах — не толькі 23-гадовых. Якія не проста не разумеюць, а хваляцца, ганарацца і даводзяць рэдактару, што «мая Рэч, мой Твор не можа быць слабы, бо ўсё гэта так і было», чым самі сабе падпісваюць суровы прысуд.
Тое, як хутка могуць старэць, выходзіць з ужытку дэталі — розныя рублі-капеечкі, порткі-джынсікі, прычоскі-фрызузыкі, пэйджэрыкі-мабільнічкі, прывязаная да свайго недаўгавечнага часу лексіка, аднадзённыя слоўкі-тэрміны — яшчэ паўбяды. Нічога так не старэе, як прамыя словы, прамыя думкі, прамое дзеянне. Г.зн., калі герой хоча выклікаць шкадаванне, дык аўтар так і піша — ён быў такі няшчасны, што не перадаць, слёзы проста ліліся з яго вачэй, акрапляючы пыл пад нагамі… А калі трэба паказаць радасць, дык так і пішацца: радасць яго залівала ўвесь сусвет, так і перла з яго, ён быў вельмі, вельмі, бясконца, несказана рад…
Прыблізна так я і пісаў.
Не трэба забываць тую літаратурную і грамадска-палітычную атмасферу. А таксама мой узрост і духоўны багаж. Я слаба ўяўляў, што хачу сказаць. Чалавек ідзе, правільна, ён можа ісці і ў рэальным жыцці. Але чаго ён ідзе, куды? Не было падтэксту. Між тым як кожнае, літаральна кожнае дзеянне, дэталь, думка павінны быць матываваны. Калі герой глядзіць на яблыню, дык трэба, каб не аўтар накіроўваў яго вочы на яе, а каб гэтае сузіранне з чагосьці вынікала, а наступнае дзеянне чаплялася ўжо за эпізод аглядвання яблыні.