18. Смірнова
18. Смірнова
Зіма. Ноч. Пішу. Перыядычна выходжу на калідор перакурыць. Скразнякі — а тут цёплая батарэя ў кутку калідора. Да яе можна прытуліцца спінай. Прыкладна ў гадзіну ночы чутно, як ляпаюць унізе ўваходныя дзверы. Крокі па лесвіцы. І вось ідзе, рослая такая кабыла з крутым, круглым задам.
Больш не дам нікому веры,
Лепш пачну усё па-нову,
І патрачу шмат паперы
На цудоўную Смірнову!
Во-во. Менавіта гэтае, выпадкова выскачанае акравершнае слова. Лепш бы што іншае на яе патраціў.
Падыходзіць, прысаджваецца на кукішкі. Калені разведзеныя. Сінякі пад вачыма. Прыкурвае, пальцы трымцяць.
І ў канцы доўгага, вузкага, шэрага, з абшарпаным лінолеумам калідора цьмяная лямпачка выхоплівала малюнак: пачынаючы пісьменнік і блудніца, «странно сошедшиеся за…» (прыплялося з іншага Міхайлавіча).
— Што, Смірнова? Цяжка?
— Вазьмі ты мяне замуж… Гэта ж няма ўжо ні сіл, ні душы!..