АДНАКЛАСНІК

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

АДНАКЛАСНІК

Прыехаўшы у вёску, я пайшоў у госці да былога аднакласніка.

Мы селі на лавачцы ў двары. Быў вечар позняга лета, ціхі, стомлены… Калі б я быў мастаком і захацеў намаляваць гэты вечар, дык пакарыстаўся б толькі трыма фарбамі: сіняй, жоўтай і трохі шэрай. Сіні туман, жоўтая пожня і шэраватае сутонне… Такімі вечарамі чамусьці з асаблівым нецярпеннем чакаеш ночы, цемры, маладых галасоў ў канцы вуліцы, дзявочага смеху, лёгкіх крокаў; здаецца, што ты і не жыў яшчэ, што ўсё ў цябе наперадзе, што і цябе нехта ўсё яшчэ помніць і чакае…

— Ты б вось якую гісторыю напісаў, — пачынае аднакласнік, хітравата на мяне зірнуўшы.

«Дык вазьмі і напішы», — хочацца даказаць. Дзіўныя людзі, адкуль гэтая вера, што пісьменнік першнайперш павінен кідацца на чужыя сюжэты? Яму менш за ўсё гэта цікава. Пісьменніку трэба дэталь, іскрынка: якінебудзь кляновы сухі ліст пры дарозе, зламаная травінка, трэшчына ў асфальце, выпадкова пачутая мелодыя ці нават проста чырканне запалкі аб карабок, — і гэтага дастаткова, каб сюжэт сам сабою «ўспыхнуў», прыдумаўся, і сюжэт гэты можа атрымацца больш рэальным за любую жыццёвую гісторыю, бо сфакусіруе многа падобных гісторый…

Але ніколі я так не адкажу свайму аднакласніку. Я буду слухаць яго. Ён — калека. У руках ён пакручвае кавеньку. У яго ўжо дзесяць гадоў баліць нага. У школе ён быў звычайны, як усе, хлопец, потым паступіў у чыгуначны тэхнікум, давучыўся да апошняга курса і раптам нага забалела і пачала сохнуць. Ні дактары, ні санаторыі не памаглі. Яна і цяпер сохне, зусім кароткая, маленькая.

Аднакласнік разумны, як і звычайна разумныя людзі, на каго бяда навальваецца з маладога веку, — мусіш быць разумным, каб выжыць.

— Ты змог бы помніць чалавека, не бачыўшы яго гадоў, скажам, пяць, дзесяць? — пытае аднакласнік.

— Неа, — легкадумна адказваю я.

— А я вось помню…

І аднакласнік расказаў. Калі ён перайшоў на апошні курс тэхнікума, усё ў яго было цудоўна. Малады, здаровы, добра вучыўся, праз год — у армію. Але вось гэтае, — што хутка ў армію, яго найбольш і мучыла. У яго не было дзяўчыны. Проста неяк не шэнціла з гэтым. Можа, таму, што жыў не ў інтэрнаце, а ў сваякоў на кватэры, у чужым горадзе, ні па дыскатэках не лётаў, ні па танцах, нікуды дужа не высоўваўся, сядзеў дома, «зубрыў». А ў іхняй групе былі амаль усе хлопцы.

І вось на апошнім курсе яму страшэнна захацелася быць як усе, каб потым таксама, як і ўсе, хваліцца, што ведае, як такое робіцца.

— Не смейся, калі ласка, і не думай, што гэта было мне лёгка, — зноў зірнуўшы на мяне, сказаў аднакласнік. — Я быў сарамлівы і ганарысты. Мне здавалася, лягчэй праз зямлю праваліцца, чым дзесьці на вуліцы, ці ў аўтобусе, ці ў тэхнікуме падысці да незнаёмай дзяўчыны і пачаць, як іншыя, «клеіцца». А раптам яна не так зірне, не тое скажа або моўчкі пагардліва адвернецца?.. Ды такое да смерці не забудзецца! Калі б я піў, магчыма, лягчэй было б, але я не піў і не курыў тады.

Вядома, можна было паспрабаваць — пацягацца ў інтэрнат, схадзіць з сябрамі на танцы — і я пазаёміўся б з кімсьці. Але, паўтаруся, мне не хацелася знаёміцца. Знаёмства заўсёды на нечага абавязвае. Пачаліся б тэлефонныя званкі, ды сустрэчы, ды провады дамоў, трэба было б дарыць кветкі, ды хадзіць разам у кіно… Урэшце, трэба было б жаніцца. Я тады не ўяўляў, як можна пасур’ёзнаму гуляць з дзяўчынаю і не мець у планах ажаніцца з ёю. Але пра гэта і думаць смешна, які мой век — семнаццаць гадоў!

Мне трэба была не чыстая дзяўчына, а жанчына, якую можна купіць, якая не запомніць нават майго імені, а я не пацікаўлюся, як яе завуць. Каб потым, пасля ўсяго, мы разышліся і ніколі больш не сустрэліся, і не цікавіліся б адно адным.

І вось аднойчы мы з сябрам, гарадскім хлопцам, на перапынку стаялі на калідоры, і каля нас прайшла дзяўчына. Сябар павітаўся з ёю.

«Шкада малую, — сказаў ён, — загуляла, курсавік не здала, выганяюць».

«На якім яна курсе? — спытаў я, а слова „загуляла“ ўжо тахнула ў скронях.

„На другім. Хочаш, вазьміся, зрабі ёй курсавы — яна чым хочаш аддзячыць“.

Сябра, хітры і назіральны, яўна чытаў мае думкі. „Што ж, ён дапускае, што яе можна купіць, што яна прадаецца, — значыць, няма ў гэтым нічога саромнага“, — думаў я, і, схапіўшы яго за рукаў, пакуль дзяўчына не знікла з вачэй, папрасіў:

„Пакліч“.

Сябра паклікаў: „Лена!“; дзяўчына вярнулася, стала перад намі. Яна была непрыгожая, зусім непрыгожая. У доўгай сукенцы, якія тады зноў толькі пачалі ўваходзіць у моду і непрывычна ўпрымаліся. „Гэта нічога, што непрыгожая, — падумаў я і яшчэ больш асмялеў. —Гэта нават лепш; мне трэба яе ногі і ўсё астатняе, а не прыгажосць“.

„Вось, Лена, пазнаёмся… Хлопец хоча табе памагчы зрабіць курсавы“.

„Праўда?!“ — яна засвяцілася і пахарашэла. — Ой, хлопчыкі, памажыце! Я не ведаю, што б для вас зрабіла!..»

«А гэта з ім дамаўляйся», — сказаў сябра і пайшоў.

«Дык што?» — смеючыся, спытала яна.

«Праз колькі дзён табе трэба здаваць?»

«Праз чатыры, апошні тэрмін».

«Добра, я зраблю. За… гэтае самае», — сказаў я.

Яна раптам патухла і зноў зрабілася непрыгожаю. Цэлую хвіліну яна маўчала і глядзела на мяне. Я круціўся, кашляў, чырванеў, падымаў і апускаў вочы, — а сам ужо цвёрда ведаў: яна — мая, яна купляецца. Інакш не маўчала б столькі.

«Ну, рабі, — прамовіла яна ўрэшце. — І ўсё будзе».

«Калі?»

«У той дзень, калі будзе гатова».

Яна завяла мяне ў сваю аўдыторыю і дала тыпавік курсавога.

Два дні я не хадзіў на заняткі, гарбаціўся дома над раскладзенымі на стале лістамі ватману. Якія то былі два дні!.. Як я рыхтаваўся, расцягваў хвіліны і гадзіны тых дзён, нават думкамі не даваў набліжацца да таго моманту, калі… А як цудоўна ўсё складвалася! У суботу курсавік будзе гатовы. Тады ж, у суботу, сваякі — гаспадары кватэры — з раніцы на ўвесь дзень едуць у грыбы. Кватэра будзе пустая.

Так і выйшла. Да суботы я ўправіўся. Прачнуўся рана, адзін, сваякі паехалі ў лес. Я пачаў туляцца па кватэры, думаючы, — хутка гэтыя сцены, шпалеры, мэбля, канапа стануць сведкамі чагосьці, і якая перамена хутка са мной адбудзецца, — я ўжо іншым буду… Узяў дзядзькаву брытву, памазок, пагаліўся ўпершыню ў жыцці, парэзаўся… Сорамна ўспамінаць!..

І вось тэхнікум, абед; у абед я адшукаў яе ў сталоўцы і аддаў два скручаныя ў рулон лісты ватману. Яна разгарнула і ад радасці аж засмяялася, — і сапраўды, я для сябе ніколі так не рабіў: чысценька, акуратна…

«Дык што, Лена? — сказаў я, пакуль яна любавалася курсавым. — Сёння я адзін у кватэры, да позняга вечара».

«Давай адрас, — спакойна адказала яна. — У шаснаццаць гадзін я у цябе буду».

Яна не прыехала, вядома. Ні ў шаснаццаць, ні ў семнаццаць, ні ў дзевяць вечара, калі вярнуліся гаспадарысваякі з поўнымі сумкамі грыбоў.

Дзіўна, але мне не было крыўдна. Была толькі нейкая пустата ў душы. «Значыць, нельга купіць тое, што табе не належыць, нельга штучна змяніць лёс!» — думаў я.

Праз тыдзень мы выпадкова сустрэліся ў той жа тэхнікумаўскай сталоўцы. Лена мая, смеючыся, сказала:

«Ну ты малайчына! Дзякую, курсавы на пяць прайшоў!»

Я прамаўчаў. Яна спытала ціха:

«Што, у пралёце, як у самалёце? Пакрыўдзіўся?»

Я паціснуў плячыма.

«Праўда, не пакрыўдзіўся?» — і яна раптам зноў, як і той раз, калі мы дамаўляліся, пачала моўчкі, доўга глядзець на мяне. Але цяпер я ўжо не чырванеў і не апускаў вачэй.

«Паехалі да мяне», — прамовіла яна.

«У нас дзве лекцыі яшчэ…»

«Як хочаш», — і павярнулася ісці.

«Пачакай, — я ўзяў яе за руку. — Паехалі. Толькі зараз заскочу забяру сумку…»

Мы моўчкі праехалі аўтобусам амаль праз увесь горад. Яна жыла ў старым раёне, у пяціпавярховай «хрушчоўцы». Мы падняліся на трэці паверх і ўвайшлі ў маленькую двухпакаёўку. У прыхожай я зняў чаравікі і стаяў, як дурань.

Яна правяла мяне ў пакойчык, я прысеў на канапу, дзяўчына — побач. Нечакана мяне пранялі дрыжыкі, бы пры тэмпературы. Я баяўся, каб яна не заўважыла гэтага, зірнуў на яе скоса — і вачам не паверыў: такія ж дрыжыкі праймалі і яе! Яна хвалявалася і баялася нечага таксама, як і я.

«А цяпер паслухай, — пачала яна. — У мяне ёсць хлопец у арміі. Ён кахае мяне. Верыць мне. Табе было б прыемна, каб ты служыў, а хтосьці вось так, як ты цяпер, прыйшоў купляць тваю дзяўчыну?»

«Калі кахае пасапраўднаму — тады ён цябе ўсялякую прыме», — адказаў нехта маімі вуснамі. Нехта, бо я ўсё ж ведаў сябе, ведаў, што не мог ляпнуць такой дурноты!

«Усялякую? — перапытала яна. — Вось як вас, хлопцаў, пасля гэтага не ненавідзець… Але хай: не баішся ты, няма ў цябе сумлення, дык паслухай яшчэ. Я — дзяўчынка».

Я пасміхнуўся. Я ўспомніў сябрава «загуляла» і не паверыў ёй, вядома, — ды і хто на маім месцы паверыў бы?

«Распранайся», — дзелавіта, рашча, суха сказала яна, заўважыўшы маю ўсмешку.

Яна не зманіла.

Гэта было падобнае на кашмарны сон: абое ўпершыню, абое нявопытныя… А самае брыдкае, самае гадкае, што я і ў тыя хвіліны стараўся запамінаць больш розных дэталяўпадрабязнасцяў, каб хваліцца потым сябрам: запамінаў дыханне яе, ускрыкі, абрыўкі слоў, запамінаў, што балконныя дзверы прачыненыя і вецер варушыць гардзіну… А потым мая бедная непрыгожая дзяўчынка, спалоханая, заплаканая, абдымала мяне і зацалоўвала, і ўсё дапытвалася:

«Ты ж рабіў гэта таму, што закахаўся, і цяпер кахаеш? Такое ж нельга рабіць без кахання! Праўда ж?»

«Праўда», — адказваў я, жадаючы толькі аднаго: хутчэй вырвацца адтуль.

Я так нікому і не расказваў потым, не змог. Мне здавалася, у мяне гэта было зусім інакш, чым ва ўсіх, — нецікава, саромна, брыдка, непатрэбна… Лену ў тэхнікуме я пачаў пазбягаць. А пры рэдкіх выпадковых сустрэчах на калідоры ці ў сталоўцы лавіў на сабе яе спалоханыя позіркі.

Аднойчы, ужо зімою, калі ў мяне пачала балець нага і гэта мяне больш за ўсё турбавала, Лена сама заглянула ў нашу аўдыторыю, падышла да маёй парты:

«Што ж ты… нават не вітаешся… цяпер?»

Я не ведаў, што адказваць. Я думаў больш пра нагу. Думаў, так, застудзіў, можа, пахаджу на ўколы, падлечаць і ўсё пройдзе.

Больш з Ленаю мы не бачыліся.

І вось столькі гадоў пасля, і цяпер, я часта думаю: каб не гэтае ліха, не нага гэтая, хутчэй за ўсё я забыў бы на сваю першую і апошнюю дзяўчыну. Ды мільёны такіх выпадкаў, калі дзяўчат кідаюць і забываюць іх!.. Але цяпер я ведаю: кожнаму — сваё, і кожны толькі сам за сябе адказвае. Што дазволена многім, тое — вельмі можа быць — зусім не дазволена табе. Увогуле, каханне жанчыны, калі ўдумацца, гэта такая страшная загадка, такая тайна; ёсць у тым, што жанчына ахвяруе сабою, аддае ўсю сябе чужому чалавеку штосьці такое містычнае, незразумелае і нежартоўнае, што нельга гуляцца з гэтым. А я захацеў менавіта пагуляцца… І дагуляўся.

— Верыш, — ціха сказаў аднакласнік, — усё адно я пасвойму шчаслівы. Было ж у мяне хоць штосьці, і яна, Лена мая, была, і ёсць недзе, яна ж не прыдуманая мною! Няважна, помніць яна мяне, няважна, што ў яе даўно ўжо, відаць, муж, дзеці, — важна, што я яе помню… І больш мне нічога не трэба. Ведаць, што яна жыве цяпер на Зямлі, кожную раніцу глядзець на адно з ёю неба, кожны вечар — на адны зоры…

Аднакласнік замоўк.

І праўда, цёмна ўжо, зоркі над галавою. Мы развітваемся, і я пустой вуліцай іду дамоў, пакінуўшы яго аднаго сядзець на лаўцы, думаць.

1995 г.