29. «Банальнае дарожнае знаёмства»
29. «Банальнае дарожнае знаёмства»
…N. падумалася, колькі заходніх фільмаў ён перагледзеў за апошнія гады. Як там усё лёгка і проста! Знайшоў праблему — пазнаёміўся ў цягніку з дзяўчынаю, якая не пакінула свой нумар тэлефона! Ды выйдзі з цягніка, заходзь у любую кавярню — і знойдзеш дванаццаць яшчэ лепшых, якія дадуць не толькі тэлефон!..
«Чаму ж я калупаюся ў гэтым?
Таму, што веру адзіна сваёй інтуіцыі.
Таму, што мяне палохае гэта, мне гэта найбольш цікава; а каму не цікава і каго не палохае гэта — тым горш (ці лепш) для яго…»
І так, паехалі. Секс-матывы калі і ёсць, дык не галоўныя. Вырашэнне супярэчнасцяў — важнае, але недастатковае; мала што можа абяцаць жанчына, а потым не выконваць! Не трэба спадзявацца, тады не будзе і расчаравання.
Адкінем яе абяцанні, словы і магчымыя думкі. Возьмем канкрэтнае дзеянне. Учора раніцаю што зрабіла дзяўчына? Яна пайшла. І сёння пайшла. Узнік страх. І ўчора, і сёння.
Значыць, яму не хочацца, каб яго кідалі? Хочацца быць побач? Што ён хацеў узяць ад яе? Выгаварыцца? 3 такім жа поспехам можна было выгаварыцца і сябрам, і маці, і жонцы…
N. здавалася, што ён круціцца недзе блізка-блізка ад разгадкі. Нешта казала яму, падавала сігналы — «цяплей, цяплей!», калі ён пачынаў шукаць гэтай разгадкі не ў сваім жыцці, а ў сваіх ранейшых творах. Ён зноў пазваў на дапамогу памяць, і ўсплылі перад вачыма старонкі, раздзелы… Што хацелі яго героі ад жанчын? Ад адной — сексу, ад другой — пакаяння, ад трэцяй — усяго толькі тэлефоннага нумару… І побач з гэтым хаценнем заўсёды ішоў страх. Што кепскага рабілі, ці маглі зрабіць, яго героям тыя жанчыны? Маглі сысці, кінуць іх.
«І тады я пайшоў да Тані, — успамінаў N. свае цытаты, — і бажуся, як толькі пастукаў у дзверы, зайшоў, сеў, павітаўся — уся мая трывога некуды знікла».
«Страшна і незразумела, калі думаеш, што яна бавіць час са мною і цалуе на развітанне…»
«Галоўнае, я падышоў, сеў насупраць — і ўсе страхі мінулі без следу. Як гіпноз. Як п’яніцу з пахмелля трэба гарэлка, так мне трэба яе бачыць увесь час».
«Ён заўсёды панічна баяўся расстанняў…»
Разгадка аж закружыла галаву.
А любімыя песні, якія ён заўсёды мурлыкае пра сябе, едучы на працу ці з працы, або напявае ўголас, калі застаецца адзін?
«Не говорите мне прощай — я это слово ненавижу…»
«Не уходи, побудь со мною…»
«Бывай, абуджаная сэрцам дарагая, чаму так горка? — не магу я зразумець…»
«Я так устала с тобой расставаться, что ненавидеть стала дороги…»
«Давай пожмем друг другу руки — и в дальний путь на долгие года…»
«Самая нелепая ошибка — то, что ты уходишь от меня…»
Яшчэ раней N. усё распытваў маці, які ён быў малы. «Ціхі быў, спаў усё, — адказвала маці неахвотна. — Я з раніцы пайду ў калгас, а ты ляжыш у калысцы, спіш, чакаеш, пакуль прыйду і пакармлю». — «Я заставаўся цэлы дзень галодны?» — «Ну, бацька карміў трохі… Нажуе якога хлеба ў суслу… А то раз баршчом цябе накарміў, у паўгода, ледзь адратавалі. Цэлы месяц у бальніцы з табою ляжала. Уколы табе ў галаву давалі». — «А я плакаў, калі ты раніцаю сыходзіла?» — «Гм, яшчэ як! Як і ўсе дзеці».
Адзін з нямногіх яркіх успамінаў да двух гадоў: калыска, з якой трэба выбрацца. Трэба знайсці чалавека, які ўратуе ад голаду, ад адзіноты. Палачкі з аднаго боку калыскі, аказваецца, можна рассунуць. Можна пралезці ў гэтую дзірку, вываліцца неяк. Удар аб падлогу. Боль, кроў. Прыбягаюць нейкія людзі (бацька?), сварацца, выціраюць кроў, кладуць назад у калыску. На гэты раз палачкі папраўленыя, сядзяць моцна, не рассунеш…
Ежу, ласку, супакой — усё можа даць адзін чалавек, Жанчына. І раптам яна сыходзіць. І дзіця не ведае, на колькі — на гадзіну, на дзень ці назаўсёды?
Дык што: кожнае расстанне з любой жанчынаю — закамплексаваны ў падсвядомасці тых гадоў страх? Не, не кожнае і не з любою. Гэта зусім проста. Страх ад развітання з жанчынамі такога тыпу, якія нагадваюць N. маці. Якія словамі ці дзеяннямі пачынаюць клапаціцца пра яго, выказваць сваю прыхільнасць, любоў да яго.
Ён патрапляе ў залежнасць ад іх. Пакуль яны побач, яму спакойна. Пакуль яны побач, ад іх можна ўзяць штосьці…