10. Капсула
10. Капсула
Аднойчы глядзім абавязковую праграму «Час». Дзіўнаватае, калі не сказаць дзікаватае, відовішча. Усе ў споднім, палавіна голых да пояса — падшываюцца каўнерыкі. А ў тэлевізары тым часам рэпартаж-сюжэт: старшакласнікі-выпускнікі (не намнога маладзейшыя за нас) закладваюць у падмурак нейкай стэлы капсулу з пажаданнямі самім сабе, што б яны хацелі выканаць праз 30, здаецца, гадоў. Тады яны збяруцца тут, капсулу адкапаюць і даведаюцца, хто сябе спраўдзіў. Журналісты, канечне, лезуць са сваімі мікрафонамі, гэткі exit-poll — «што вы там панапісвалі?»
І вось адна дзяўчынка, самая лепшая, самая модная, самая разумная, самая… — адказвае: «Напісала — мару прачытаць за гэты час усяго Льва Талстога».
Цікава, што жадаюць сабе цяперашнія выпускнікі? Ды і ці засталася цяпер гэтая традыцыя з капсуламі?
…Які ж я ўдзячны Богу і лёсу, што не да канца мяне скалечыла ў той арміі, і жыццё маё не пайшло па іншай каляіне, і не стаў я ні трактарыстам, ні будаўніком, ні палітыкам, ні алігархам, а знайшоўся ў мяне і час, і жаданне, і магчымасць прачытаць і ўсяго Талстога, і нават (запознена апраўдваючыся перад Міхалюком) — усяго Чэхава, з прадмовамі і дробным шрыфтам набранымі каментарамі.