8. Армія
8. Армія
І вось — павестка. Ці, як мяне правяць, позва.
У прынцыпе, увесь той — даармейскі — перыяд жыцця быў чаканнем гэтай павесткі-позвы, арміі: гэта павінна было стаць нейкім пераломам, пробным каменем, можа, самым галоўным у жыцці іспытам. Усё, што да арміі, было як бы несапраўдным. І, як ні дзіўна, адчуванне гэтай часовасці надавала сэнс жыццю. Туды, у войска, ідзеш адзін — адтуль вяртаешся іншы, усе іншымі вяртаюцца, нават гаварыць інакш пачынаюць.
Пра тое, што адтуль можна зусім не вярнуцца, што «армія добрая школа, але лепш скончыць яе завочна», — не думалася, ды і не верылася.
Някепска было б патрапіць у будбат. Там, расказвалі, можна за два гады падзарабіць сякія-такія грошы. На поўным сур’ёзе, з алоўкам у руцэ я вылічваў (калі пашэнціць патрапіць у будбат), колькі ў канцы службы я атрымаю «чыстымі» на рукі, каб потым, калі паступлю ў ВНУ і не дадуць стыпендыі, мець нейкі матэрыяльны запас.
Армія да таго ж давала магчымасць бясплатна пабачыць свет. Яго я нямнога пабачыў: вячэрні цягнік з Брэста, начны Мінск, ранішняя Масква, упершыню ў жыцці — метро, ізноў цягнік — Іванава, Яраслаўль, Мурам… Цэнтральная Расія, у выніку МВА — Маскоўская ваенныя акруга, сувязь («кто е…ся в дождь и в грязь? — наша доблестная связь»)… А запомніўся з усяго гэтага «вялікага свету» толькі Мінск, якога і выгледзеў — начныя агні, кавалачак вакзала ды запляваную, у акурках, платформу.
Самае брыдкае ў арміі — хранічнае невысыпанне. Малады арганізм хацеў расці, і гэтае насілле над ім, ранішнія пад’ёмы даводзілі да нейкага трансу, да фізічнага адчування, што табе вялізнымі нажніцамі адразаюць макаўку галавы разам з валасамі, скураю і кавалачкам чэрапа — роўна столькі, наколькі за ноч падрос. Другое — голад (хоць да яго хутка прывыкаеш) і адсутнасць спіртнога (да чаго прывыкнуць немагчыма). Трэцяе — падаўленне волі. Я раней думаў, што гэта так, выдумкі, перабольшванне. Калі чалавек дастаткова моцны духоўна, паспрабуйце ў яго ўлезці. Нічога падобнага — абсалютна свядома, паступова, няўхільна цябе пазбаўляюць індывідуальнасці, «замбіруюць», і недзе праз паўгода дабіваюцца свайго: твайго атупення, ператварэння з індывідуума ў амаль бяздумную часцінку цэлага. Ідыёцкі, неверагодны «на волі» пастулат: «Приказы не обсуждают, их исполняют» набывае ў войску цалкам рэальнае ўвасабленне. «Приказываю закрыть своим телом амбразуру!» — папаўзеш і закрыеш. Ты са сваімі думкамі, сэрцам, душою — асобна, цела тваё — асобна, яно табе ўжо не належыць.
Разгружаем аднойчы на станцыі шчэбень з спецыяльнай ваганеткі, у якой ніжнія бункеры трэба адчыняць здаравенным малатком на двухметровым дзержаку. Некалькі ўдараў гэтага молата, адкінуліся дзверцы, свіснулі вузкай засаўкай прама па шыі нейкаму чурку, не з нашай часці, які здуру ці з цікавасці стаяў, нагнуўшыся, блізка і не паспеў адскочыць, — толькі адсечаная галава, як у Берліоза, пакацілася з насыпу… Каб на «волі», звар’яцеў бы, мабыць, а тут — ты асобна, цела тваё асобна… «Воз костей и море крови», — толькі і сказаў нехта. Загарнулі ў шынель тулава, побач паклалі галаву, так і ляжала ўсё, пакуль камандзіры некуды бегалі, некуды званілі, а мы памаленьку разгружалі ваганетку.
А тут яшчэ пачалі паміраць генсекі: Чарненка, Андропаў… І кожны раз сярэдначы — трывога, пад’ём, і тырчым, пастроеныя, на плацы да пасінення, чакаючы чорт ведае чаго. Камандзіры казалі: «Вось памрэ (чарговы) генсек — адразу будзе вайна альбо Афганістан».