8. Слава
8. Слава
Гляньце, як тэмы пераплятаюцца, адна на адну накладваюцца, нанізваюцца, як пацеркі на нітку…
Вось хоць бы і гэтая «конская» тэма. Быў у мяне блізкі сябар. Мы разам вучыліся, разам пачыналі пісаць, друкавацца. Ён загінуў ад дзікага, неверагоднага ў наш век выпадку: конь скочыў яму на грудзі, праламаў пярэднімі капытамі грудную клетку, змяў лёгкія, парвалася пячонка, кровазліццё ў брушную поласць… (Знаёмы дыягназ.) У Мінску ўратавалі б, ён быў дужы, трывушчы, але то было ў Дуброўне на Віцебшчыне… Застаўся пасля яго маленькі шасцімесячны сын, маладая жонка. Яна перадала мне папку яго чарнавых апавяданняў. Два былі надрукаваны ў «Першацвеце», з маёй прадмоўкаю.
«…Вядома, як пасля смерці блізкага чалавека адразу стараешся ўспомніць яго апошнія словы, адшукваеш зусім іншы сэнс, успрымаеш іх, бы нейкі наказ, папярэджанне… Пад час апошняй нашай сустрэчы Алесь прыехаў да мяне ў рэдакцыю. Мы прайшліся да кінатэатра „Піянер“. Мне трэба было сустрэцца з адным чалавекам. Стаяў халодны веснавы вечар. Я прысеў на лаўку. Алесь, развітаўшыся, пайшоў, раптам вярнуўся і папрасіў: „Не сядзі доўга, бо прастудзішся! Пачакай хвілін пяць і едзь дамоў!“ Я засмяяўся, а ён быў сур’ёзны. Потым завярнуў за вугал Купалаўскага тэатра — і знік. Назаўсёды. Бывай, Алесь!»
Чалавек ідзе ў нікуды, на смерць, а клапоціцца, каб «цёпленькі» Андрэй, не дай Бог, не застудзіўся! Неверагодна.
Калі прачыталі ў вёсцы і гэта, да мяне прыйшла сапраўдная слава. І як раней спачувалі мне, так цяпер шчыра радаваліся майму поспеху. Нарэшце! Вось якое практычнае прымяненне можна даць яго занятку! Мой былы аднакласнік, які жыў у Кіеве, зваліўся па п’яні з 9-га паверха, паламаў рукі, ногі, хрыбетнік і цяпер поўным паралізаваным калекам ляжаў у матчынай хаце.
— Хай бы мо Андрэй прапісаў…
Да маткі пачалі прыходзіць. Хто з курачкаю пад пахаю, хто са слоікам малака, хто з пакункам свежыны. «Мо Андрэй, як памру, што напіша…»
— А божачкі, што пра цябе можна напісаць?!
— Ну, як яно пішацца… як у газетах… што вот буў такі й такі… мог бы жыць ды жыць…
Маці пахарашэла, памаладзела. Магла ўжо не апускаць вачэй пры сустрэчах, не чырванець пры пытаннях — кім твой сын працуе?
— …Хутка дзевер памрэ, дык хай Андрэй што на помніку чыркне…
— Хутчэй вам! Чыркне… А мацерыял? Яму ж мацерыял трэба сабраць! — з веданнем справы, важна тлумачыла «пісьменніцкая» маці.