23. Тэорыя Фрэйда

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

23. Тэорыя Фрэйда

Яна простая, як дышла (паводле Фрэйда — фалас): у кожным сучку на дрэве бачыць мужчынскае, а ў кожнай трэшчынцы на кары — жаночае.

У аснове любога ўчынку, тым больш маніі (а пісьменніцтва такой і з’яўляецца), ляжыць альбо эдыпаў комплекс, альбо сексуальная траўма, атрыманая ў да-свядомым, пад-свядомым перыядзе жыцця.

Выключна ўсё, ад насмарку да шызафрэніі, вырастае з таго, што вышэйшыя ўчасткі мозгу, сфармаваныя цывілізацыяй, ваююць з ніжэйшымі — першабытнымі, інстынктыўнымі, жывёльнымі.

Адсюль выснова, яна ж лекі: прызнайся самому сабе, што табе хочацца ў гэтым плане, развяжы свае комплексы, аддайся жывёльным інстынктам — і табе адразу палягчае.

Сутнасць ачышчанага, «голага» фрэйдызму і метадаў лячэння па ім можна перадаць пахабным анекдотам: «Калі цябе гвалтуюць, расслабся і атрымоўвай задавальненне», а калі цябе некалі гвалтавалі, пастарайся забыць ад гэтага кепскае, а ўспамінай адно харошае.

Нягледзячы на ўвесь цынізм, было б гэта, мабыць, няблага. Калі б чалавек жыў не ў соцыуме, а ў малпоўніку. Але справа ў тым, што барацьба — увесьчасная і бязлітасная — вышэйшага з ніжэйшым, маралі з інстынктамі — гэта не паталогія, а норма.

Атрымоўваецца абсурд: вучэнне Фрэйда ў тым, як нармальнаму, здароваму чалавеку ўбіць у галаву, што ён хворы.

Не трэба гэта чалавеку. Проста не трэба. Пражыве і так, прыпяваючы.