27. Фантазіі на тэму
27. Фантазіі на тэму
Давайце ўявім, што я са сваімі праблемамі прыйшоў у кабінет да, скажам, зошчанкаўца.
— Вось, так і так… Да 40, 42 гадоў пісаў, і атрымоўваў задавальненне, і бачыў ва ўсім сэнс, і быў адносна шчаслівы… Потым гэта перастала памагаць. Чаму?
— Прасцей простага, — прагучаў бы адказ. — Тваё пісанне было ўцёкамі ад «хворых» прадметаў. Яны цябе палохалі. І ты ў літаратуры хацеў наблізіцца да іх, разгледзець, абмацаць і абясшкодзіць. Пра рукі пісаў?
О-о! Яшчэ як пісаў! Рука… Адрывае ад цыцкі, карае — і плескачом па задніцы, і папругай, і аплявухай… Жабрак з працягнутай рукою — каго ў дзяцінстве не палохалі: «прыдуць старцы і забяруць»?..
Рука настаўніцкая можа вывесці ў школьным журнале «двойку», пасля якой столькі непрыемнасцяў… Рука доктара абмацвае цябе… Рука дзяўчыны піша пісьмо, ад зместу якога залежыць, служыць табе і радавацца ці застрэліцца або дэзерціраваць… Рука разбівае, трушчыць сківіцы… Рука падпісвае чарговае размеркаванне, якое вызначае твой лёс… Рука ваенкома, якая адным указальным пальцам можа паслаць у Афганістан… Рука адбівае на ваганетцы засаўку, ад якой можа знесці галаву…
Дзявочая рука вылузваецца з тваёй далоні («Рэктар», І частка).
Рука са скальпелем крамсае тваё голае цела. Рука са шпрыцам — можа або даць выратавальны наркотык, а можа пакінуць пакутліва здыхаць.
Начальніцкая рука, якая грукае кулаком па стале, якая можа падпісаць ці не падпісаць кантракт, у апошнім выпадку пазбавіўшы цябе ежы…
І шмат, шмат яшчэ ў якіх іпастасях выступае і якія сімвалы набывае гэтая ўсемагутная рука, ад якой ніколі не ведаеш, чаго чакаць: ці ласкі, ці пакарання! Нездарма ж пры вітанні, знаёмстве першым чынам працягваюць руку.
— Пра ваду, вадкасць, вільгаць пісаў?
Пісаў, адказваю вінавата-пакорліва. Толькі ў маім выпадку вада была хутчэй пераносам на спіртное, кроў і слёзы. І тут жа побач — зноў рука. Калі кепска пасля п’янкі, успамінаеш — хто наліваў? — рука ў таго, значыць, цяжкая… Там, дзе спіртное — вадкасць, там і рукі, і крыкі, і жанчыны, і мацюкі, і кроў («Адзін зімні дзень»)…
— Ты сказаў — крыкі? Стук, шум? Значыць, і яны цябе непакоілі?
«Непакоілі»… Не тое слова. Рэзкія гукі самі па сабе агідныя (кожны, мусіць, заўважаў, як пры нечаканым гуку — напрыклад, сігнале аўтамабіля або асабліва цягніка ў метро, канвульсуе-дрыгаецца, як у жабкі, мышца нагі).
Крык, плач, мацюк, каманды «пад’ём!», «строицца!», «сюда подошел!»…
Канечне, з часам проста бязвінны стук у дзверы мог перарасці, трасфармавацца ў сігнал небяспекі. Тым больш стукаюць заўсёды, як правіла, рукой («Душ», «Ліліт»). Вось паказальны ўрывак з маёй даўняй паэмы «На Каляды ў інтэрнаце».
Раз пачуў я ў дзверы стук,
І падумаў: то Клімчук.
Я схаваў свае паперы,
Расчыніў шырока дзверы,
Паглядзеў туды-сюды,
І ўбачыў: дзве…
Ля маіх дзвярэй таўкуцца,
Матам лаюцца, смяюцца,
Ззаду іх стаіць Клімчук,
П’яны, тоўсты, як вяпрук…
Самае цікавае тут нават не стук, а — «схаваў паперы». Стук — гэта рука, рука заўсёды штосьці просіць, адбірае, патрабуе — як правіла, самае каштоўнае, а што ў мяне было больш каштоўнага за паперы?
— Ежа, яна ж жанчына, яна ж секс, прысутнічалі?
Адказаў бы я вам, дарагі зошчанкавец… Вечны страх, жах, што не дадуць стыпендыі і настане голад!.. Жанчына — якая аб’ядноўвае ўсе 4 раздражняльнікі і ўзмацняе іх у сотні разоў! Жанчына — носьбіт, крыніца, фантан небяспекі, «заражаная бомба» (як у Талстога ў «Крэйцэравай санаце»)… Жанчына — з яе цыцкамі, слязьмі-вільгаццю, наліваннем спіртнога; гэтая ж рука налівае, яна ж абдымае, яна ж адштурхоўвае, можа даць і не даць…
Плач, стук у дзверы, споведзі-аборты, высмоктванне энергіі, навязванне сябе ў жонкі, г. зн., добраахвотна быць, жыць, знаходзіцца ў цеснай сувязі з аб’ектам павышанай небяспекі 24 гадзіны ў суткі, пастаянна! Тут сапраўды ўцячы! зачыніцца! ратавацца пісьменніцтвам, адзінотай, паперай, толькі б не бачыць, не чуць!..
Вось за што б яшчэ абавязкова ўхапіўся зошчанкавец.
Калі я прыязджаў у вёску на канікулы, я заўсёды выдатна адчуваў сябе і, самае галоўнае! — не пісаў, не мог, ды і патрэбы не было. Але чым бліжэй да восені, тым больш разыгрываліся ва мне нейкія неверагодныя немачы. Адзін раз, перад першым вераснем, проста абязножаў. Не змог устаць з ложка. Страшны артрыт абедзвюх ног. А як толькі мінула першае верасня, устаў, як ні ў чым не бывала, і, як у той біблейскай прытчы, не проста пайшоў — пабег. Я ўвязваў гэта то з абвастрэннем армейскіх балячак, то з Чарнобылем («і цяпер наш мірны атам уся Еўропа крые матам»)… Але калі ўлічыць, куды мне трэба было вяртацца (паводле зошчанкаўца) — у набіты дзявочымі целамі гарэм, у месца, якое страшней за перадавую лінію фронту, дык цалкам магчыма, што арганізм наіўна, як мог і ўмеў, не пытаючы дазволу ў дарослага мозгу, прыдумваў свае прычыны, каб адцягнуць тую паездку.
— Усё з табой ясна, — пасміхнуўшыся, сказаў бы зошчанкавец. — Да 40–42 гадоў ты разбіраўся з «хворымі» прадметамі пры дапамозе мастацкіх твораў. І ўрэшце разабраўся. Гэтыя прадметы перасталі цябе палохаць. Яны сталі табе нецікавымі. Літаратура аказалася больш непатрэбнай. Тэма вычарпала сябе.