26. «Хворыя прадметы»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

26. «Хворыя прадметы»

Вандруючы ў памяці ад сёння да пачатку, усё далей і глыбей, Зошчанка дагробся да наступнага выпадку ў сваёй біяграфіі.

Аднойчы маці карміла яго, зусім маленькага, цыцкай. У гэты момант бліснула маланка, улупіла ў двор дачы. Забіла карову. Загарэўся хлеў. Жахлівы гром супаў з працэсам кармлення. На хвіліну маці страціла прытомнасць і выпусціла немаўля з рук. Яно ўпала на край ложка, скацілася ў балею з вадою, пашкодзіла руку…

Маленькі мозг няправільна злучыў гэтыя факты, паблытаў прычыны з вынікамі. Такія страшныя катаклізмы, — зафіксавалася ў маленькім мозгу, — маглі адбыцца ад таго, што вусны дакрануліся да цыцкі. І вось пакаранне: за ежу, за цыцку, за жанчыну — пякельны ўдар грому, падзенне, вада, зламаная рука, нерухомае цела маці!..

Удар, грукат, цыцка-ежа, вада, рука сталі першымі раздражняльнікамі, якія па ходу жыцця ўсё ўскладняліся, атрымоўвалі ўсё новыя пацвярджэнні сваёй небяспекі (нпр., у час вайны Міхась лёг у ложак з жанчынаю, побач разарваўся снарад — і дзіцячыя жахі ажылі, і яму стала блага, і нават забалела тая самая рука: зноў жанчына, цыцкі, гром, небяспека… І з таго часу калі ён толькі бачыў жынчыну, быў з ёю побач, а снарад не рваўся, яму ўжо рабілася не па сабе — па прынцыпе ілжывай сувязі, умоўнага рэфлексу — як выдзяленне сліны пры выглядзе або паху ежы).

Пазычыўшы ў швейцарскага неўрапатолага Дзюбуа тэрмін, Зошчанка вылучыў ужо згаданыя «хворыя прадметы». Гэта:

— рука,

— вада,

— крык, выбух, стрэл, стук,

— ежа (па эвалюцыйным ланцужку: цыцка — жанчына — секс).

Вось 4 асноўныя рэчы, якія з’яўляюцца ў тых ці іншых варыянтах для кожнага (па перакананні Зошчанкі) небяспечнымі. Паміж імі існуюць сувязі. З дзяцінства гэтыя сувязі маглі няправільна зафіксавацца ў псіхіцы, а потым, у далейшым жыцці, умацавацца грунтоўна. І менавіта яны, «хворыя прадметы», могуць выклікаць самыя сур’ёзныя хваробы — ад душэўных да фізіялагічных: страўніка, сэрца, лёгкіх, нырак, артрытаў і інш, і інш.

Трэба ўсяго толькі адшукаць ілжывыя, умоўныя сувязі і разарваць іх.

Самому Зошчанку гэта ўдалося. Лепшая частка яго жыцця (да 30 гадоў) была атручана цяжкай немаччу — у яго «было нядобра з нервамі», а адсюль — нядобра і з усім астатнім. Аб’ездзіўшы лепшыя савецкія курорты, абхадзіўшы ўсіх славутых дактароў, пераспрабаваўшы ўсё, што можна — ад гіпнозу да, як ён піша, «тон парашкоў і пілюляў», упарты пісьменнік расчараваўся ў медыцыне, узяўся за лячэнне сам… І здзейсніў цуд! — цалкам вылечыўся. Яму ўдалося зазірнуць у найпатаемныя куточкі ўласнай псіхікі, святлом розуму выхапіць іх і ўбачыць, што тое, што атручвала яму жыццё — усяго толькі дзіцячыя, смешныя, несур’ёзныя сімвалы. І яны зніклі, як знікаюць прывіды ў пакоі, калі ўключыць святло.

Бяда Зошчанкі ў агульнай бядзе многіх філосафаў, вучоных, псіхолагаў і г.д.; менавіта — тое, што памагло ім, яны пачынаюць пераносіць на ўсіх агулам. Заганарыўшыся сваім адкрыццём, пісьменнік вырашыў даказаць, што яго індывідуальны выпадак — гэта агульнае, універсальнае правіла, што яго вучэнне, яго тэорыя — гэта частка цэлай праграмы па духоўным аздараўленні кожнага, што яна можа ашчаслівіць усіх без выключэння — у першую чаргу савецкага чалавека, а затым і кожнага чалавека на Зямлі. Адзін з варыянтаў назвы яго кнігі на гэтую тэму — ні многа ні мала «Ключы шчасця». (Хто толькі не вынаходзіў гэты перпетум-мобіле ашчасліўлення чалавецтва!)

«Законы ўмоўных сувязяў адносяцца да ўсіх людзей. Не ў аднолькавай меры, але ў той ці іншай ступені яны небяспечныя нават і тым людзям, якія не маюць вострай псіхікі».

Калі ж справа пачала даходзіць да практыкі — нам застаецца толькі развесці рукамі.

Яго ключы адкрывалі замкі такога «шчасця», пры якім жыццё свядома зводзілася да адных ўмоўных рэфлексаў, да голай фізіялогіі, без веры ў Бога, без жаданняў, спадзяванняў, кахання і цуда, — словам, да існавання сабакі Паўлава. Нам для нашага ж шчасця прапаноўвалася ператварыцца ў аднаго з тых бадзёрых савецкіх дэбілаў, якіх сам Зошчанка, жартуючы, знішчаў дзвюма пстрычкамі-радкамі любога з сваіх геніяльных апавяданняў.

Вось два класічныя прыклады «лячэння» па Зошчанку. Да яго прыходзіць малады чалавек і, страшэнна саромеючыся, скардзіцца, што ў яго праблемы са страўнікам. Ваніты, млоснасць, спазмы кішэчніка… Малады чалавек у адчаі. Пазбягае людзей. Страціў усе радасці жыцця. «Вашыя прыпадкі ўзмацняюцца калі? — не так пытае ў яго, колькі канстатуе Зошчанка. — Калі вы чакаеце жанчыну?» Малады чалавек моўчкі ківае галавой. І, чырванеючы, расказвае гісторыю (занадта знаёмую нам гісторыю!), як некалі маці заснула, калі ён смактаў яе цыцку. Яна ачомалася ад дрымоты, калі ён быў амаль сіні.

«Адказ арганізма відавочны, — заключае Зошчанка. — Страх і жаданне пазбегнуць гібелі ляжалі ў гэтым». (Страх падаваў сігнал: жанчына — небяспека.)

Другая гісторыя. Маладая жанчына цяжарная трэці раз, і ўсё не можа нарадзіць. І зноў дактары настойваюць на аборце. Зошчанка пытае ў жанчыны, ці была звязана яе першая цяжарнасць з чымсьці непрыемным. «Не, — адказвае жанчына спакойна. А затым, збянтэжыўшыся, перапытвае: — Ах, першая? Самая першая?» (Якія мапасанаўскія інтанацыі! Памятаеце апавяданне «Шафа»?) Аказваецца, першы раз яна была цяжарная ў 17 гадоў, вучаніцай, хавала гэта ад бацькоў, ад школы, потым паехала да сяброўкі за горад і нарадзіла там мёртвае дзіця.

«Цяжарнасць і гора звязаліся ў адно, — робіць выснову Зошчанка. — Умоўны рэфлекс застаўся. Сувязі не былі разарваныя нават тады, калі змяніліся абставіны. Мозг не адзначыў перамены…»

І гэтак далей, і таму падобнае. Усе гэтыя гісторыі пакідаюць непрыемны асадак чагосьці несур’ёзнага, наіўнага і таксама, як і фрэйдызм, патыхаюць шарлатанствам. Я думаю, было б і лепш, і разумней, каб Зошчанка параіў маладому чалавеку звярнуцца да спецыяліста па страўніку, а жанчыне — да талковага гінеколага.

Савецкая цэнзура расправілася з бедным аўтарам-вынаходнікам імгненна. Яму прыпісалі два грахі: 1) — у грамадстве сацыяльнай роўнасці не можа быць ніякіх выключных прафесій, і псіхіка пастуха, генсека і пісьменніка аднолькавая; 2) — у савецкіх людзей увогуле не можа існаваць ніякіх псіханеўратычных праблем, любыя размовы на гэты конт — ерась, іншадумства, дысідэнцтва.

Праца Зошчанкі была аб’яўлена шкоднай «галиматьей, нужной лишь врагам нашей Родины», сам ён — «падонкам у літаратуры», яго выкінулі з Саюза пісьменнікаў (а гэта значыла немагчымасць друкавацца і пазбаўленне прадуктовых картак), адпаведна, і з жыцця. Старасць яго і смерць — асобная гісторыя…

Мы ж падзякуем гэтаму мудраму і мужнаму пісьменніку і чалавеку хоць бы за сам метад, які ён на сабе выпрабаваў і з намі падзяліўся.