26. Сіні канверт
26. Сіні канверт
Калі іду праз прахадную інтэрната, часта сядзіць там выхавацель Тупы. Ніколі не праміне прычапіцца:
— Не ндравішся ты мне, ох, не ндравішся… Не п’еш, па бабах не ходзіш… Г. но, а не хлопец.
Можна было ў поўным сэнсе з’ехаць з глуздоў, калі што небудзь тэрмінова не прыдумаць. Трэба была хоць павуцінка ў той рай, з якога самахоць апынуўся ў гэтым пекле.
Так узнікла пісанне.
Паслаў у «Чырвоную змену» абразок. Цяпер бы яго надрукавалі. Восень… Яблыня шкрабе галінаю ў шыбу… Успамін пра лета і нейкае каханне, якое адляцела разам з летам… Сум, туга, настальгія… Мапасан (якога тады не чытаў) — «прощай, молодость!»…
Чакаю адказу, лепш сказаць, нічога не чакаю. Апошні курс, робім дыпломныя, потым размеркаванне, у дзяўчат наперадзе замуства, у нас — армія. Армія ўсё спіша. Пасля яе можна перакрэсліць ранейшае жыццё і паспрабаваць жыць новым.
З новага года я не жыву ў інтэрнаце, выгнаны за парушэнне рэжыму. Хлопцы ў пакоі пілі, я нават не начаваў тады, у вёску ездзіў, але выклікаюць у дэканат аднаго мяне: «По заявлению воспитателя Шелепня… За организацию пьянки…» Апраўдвацца і не думаў, ужо разумею, што лёс яшчэ не аднойчы будзе выкідваць са мной такія штукі. Не апраўдваюся, не надта здзіўляюся, але і не пакараюся, — не, лёс, у мяне дужа многа ёсць чаго табе супрацьпаставіць… У мяне ёсць пах снегу, лотаць, бліскі вады ў веснавых ручаях, жоўты лісток на шляпцы грыба… І яшчэ шмат, шмат чаго, з чым табе давядзецца лічыцца.
Жыву ў дзядзькі, чарчу — раблю дыпломную работу — днямі ў вольных аўдыторыях. Нават два дыпломы раблю — сабе і сябру. За гэта ён падараваў мне кнігу «Чехов о литературе и искусстве».
І вось — сіні вялікі канверт са штэмпелем «Чырвонай змены». Пісьмо на афіцыйным бланку. Мой абразок быў на старонку, а адказ — на тры машынапісу праз адзін інтэрвал. «Талент… разуменне прыроды… пранікненне ў псіхалогію… пішыце»… Падпісана Вольгай Іпатавай. Дзе б ні быў, Воля Міхайлаўна, кім бы ні стаў, ніколі не забуду Вам гэтага, светлая мая…
Абаранілі дыпломы, адбылося размеркаванне, іду ў інтэрнат — п’яны, з цыгарэтаю ў зубах, з дзеўкаю (вольных паводзін) пад руку…
Тупы прыемна здзіўлены. Ён нават мармыча штосьці, якіясь прабачэнні…
— Шэлепень, — хістаючыся (дзяўчына падтрымлівае мяне, Тупы глядзіць на гэта з разуменнем, з павагаю), выцягваю з кішэні ўжо зашмальцаваны канверт, — вы вось мяне выгналі, а мяне хваляць, у Мінску ведаюць…
Тупы тупа глядзіць на канверт.
— Гэта нічога не значыць, — кажа ён не зусім упэўнена, нават крышку трусліва. — І Героя Савецкага Саюза можна выселіць з абшчагі…
Якая дурасць, шэрасць, душната! Я шчаслівы. Я не ваш. Я знайшоў сябе. Я цяпер ведаю, кім буду. Як мне жыць. Хто будзе мяне акружаць.
У гэтым сінім канверце — мой новы, бясконца сіні свет.