12. «Іслач»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

12. «Іслач»

Пасля арміі (неаднойчы пісаў ужо), у 1986 годзе, мне пашэнціць патрапіць на семінар маладых пісьменнікаў у Дом творчасці «Іслач». Неўзабаве гэтая «Іслач» стане не менш вядомай за Каралішчавічы, пра яе нават складуць ананімную паэму — варыянт «Лысай Гары», толькі пра нашае пакаленне. Шкада, што яна недзе знікла — «канула ў Лету», і засталіся толькі «бурбалкі» — асобныя фрагменцікі кшталту гэтага:

О Іслач, край зусім нядрэнны!

Там Сыс пад хвойкамі гуляў,

І вечна п’яны Федарэнка

Свае законы ўстанаўляў…

Лухта, канечне. Хапала там каму ўстанаўляць законы без мяне. Васіль Быкаў з трыбуны тлумачыў, што ў аснову камуністычнага кодэкса пакладзены хрысціянскія, евангелісцкія пастулаты — крытыкі ў той час грызлі яго раман «Кар’ер», упікаючы аўтара ў богашукальніцтве. Іван Чыгрынаў агарошыў усіх заяваю: «У нас адна з найлепшых, адна з найбольш развітых літаратур у свеце, і гэта пры амаль поўнай адсутнасці размоўнай, бытавой мовы. Можа, у гэтым справа? Літаратура акумулюе, назапашвае, зберагае ўсё беларуска-культурнае, духоўнае — як фальклор некалі — да лепшых часоў».

Думайце!..

На семінар я прыехаў з двума апавяданнямі, адно пра армію. У «Іслачы» якраз адпачываў Янка Скрыган. Папрасіў узяць на ноч пачытаць «маладую прозу». Параілі мяне.

Назаўтра раніцаю ў сталоўцы Ян Аляксеевіч аддаў мне апавяданне. Акрамя рукапісу ў папцы яшчэ ляжаў ліст.

— Насупраць аднаго слова я нават паставіў плюсік, — сказаў Скрыган. — Вось гэтае — «выдаўжыўшы» ногі. Ніколі раней такога не чуў.

Апавяданне ўсё было скрэслена алоўкам — які халодны душ пасля «маладосцеўскай» пахвальбы! І нічога ўжо нельга паправіць — вось-вось павінен выйсці часопіс менавіта з гэтым «Пісьмом».

Скрыган доўга гаварыў пра расцягнутасць, слабы дынамізм, рыхлую кампазіцыю, невыразнасць галоўнага героя…

— І потым: няма такой думкі, такой з’явы, такога эпізоду, якіх нельга было б раскрыць на 6–7 старонках. Тады навошта вам для таго ж самага спатрэбілася ў тры разы болей?

Усё гэта паўторыць у скупой рэцэнзіі гродзенскі крытык Ігар Жук (мой сябар): «Пакуль цяжка гаварыць што-небудзь пэўнае пра зусім маладога А. Федарэнку… Літаратурная нявопытнасць выявіла свой знак найперш у празмерным жаданні ўціснуць у апавяданне як мага больш матэрыялу, праз што і сам твор кампазіцыйна аслаб»…