100. Немцы. Хойбнэр

100. Немцы. Хойбнэр

Патэлефанавалі з СП, сакратарка паведаміла, што прыйшлі нейкія немцы, пытаюцца каго з кіраўніцтва. Але кіраўнікоў нікога няма, дык яны просяць, каб спаткацца з Быкавым. Ну што мне было рабіць? Кінуў свае справы, паклаў у кейс бутэльку каньяку і паехаў на вуліцу Фрунзэ.

Немцаў аказалася немалая група (чалавек 12), усе чакалі ўнізе, я завёў іх у канфэрэнц-залю. Адзін, што больш-менш выразна гаварыў па-расейску, патлумачыў, што гэта група нямецкіх сьвятароў эвангелічнай царквы, што яны прэзэнтуюць Aktіon Suhnezeіchen, якая апекваецца ахвярамі нацызму ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Што яны ў Нямеччыне чыталі мае кнігі і ўважаюць Быкава за пісьменьніка-пацыфіста, прыхільніка дружбы паміж нямецкім і беларускім народамі. Я сказаў, што ўвогуле яны не памыляюцца, я сапраўды вораг варожасьці, значыць, прыхільнік міру і дружбы з усімі народамі, у тым ліку і зь нямецкім. З гэтай нагоды запрашаю выпіць за беларускім сталом па чарчыне грузінскага каньяку.

Так адбылося мае знаёмства зь нямецкай пацыфісцкай арганізацыяй, якое шчасьліва доўжыцца і па сёньняшні дзень.

Тады ў трупе былі розныя людзі — сьвятары і студэнты, два-тры ветэраны мінулай вайны, адзін меў пратэз замест правай рукі. Ён распавёў, як у 43-м годзе ляжаў у шпіталі ў Менску, дзе яму ампутавалі руку. Другі меў царкоўны прыход у Кройцбэргу — раёне Заходняга Бэрліну. Малады, чарнявы, болей падобны на італьянца, чым на немца, быў Крыстаф Хойбнэр, паэт і супрацоўнік Акцыі. Немцы мяне зацікавілі, я адчуў, што гэта — зусім ня тыя, вядомыя з вайны, фашысты. Так яно і атрымалася.

Праз колькі часу ў Дом дружбы і культурніцкіх сувязяў, які ўзначальваў Арсен Ваніцкі, прыехала прыгожая, выкшталцоная дама Хельга Сібаі, дамаўлялася пра канкрэтнае супрацоўніцтва Акцыі зь Беларусьсю. Было палагоджана наконт догляду помнікаў ахвяраў фашызму (Хатынь), удзелу нямецкіх валанцёраў у лекаваньні нашых псыхічна хворых (Навінкі), доглядзе малых у занядбаных дзіцячых садках. Напрадвесьні прыехала вялікая група маладых хлопцаў і дзяўчат, якія адправіліся прыбіраць Хатынь. На гэты раз яе прывёз Хойбнэр. Пасьля працы ў гатэлі была наладжана гутарка, мяне папрасілі распавесьці пра Беларусь, пра вайну і трохі пра літаратуру. Тое было яшчэ да перабудовы, калі савецкія людзі і асабліва чынавенства глядзелі на немцаў як на нядаўніх фашыстаў, некаторыя з навукоўцаў Акадэміі навук у час візыту чужынцаў запіраліся ў туалеце — каб не спатыкацца. Хіба адзін Дом дружбы і ягоны старшыня Арсен Ваніцкі сьмела ішлі на кантакты і нават дамагаліся іх пашырэньня, на тое запрашалі і Быкава. Пасьля, як вядома, кантакты разрасьліся з усімі краінамі, але дзеля таго спатрэбілася шмат часу і немалых зрухаў у масавай сьвядомасьці. Да тых кантактаў былі прыцягнуты Саюз мастакоў, вельмі нясьмела — Саюз пісьменьнікаў. Прыяжджалі да нас, запрашалі нашых людзей у Нямеччыну, — вядома, за кошт немцаў, у нас жа вечна не ставала сродкаў.

Аднойчы зімой немцы прыслалі мне запросіны ў Заходні Бэрлін на імпрэзу, зьвязаную з угодкамі захопу ўлады Гітлерам.

Што гэта будзе антыфашыстоўскае мерапрыемства, у мяне не было сумневу, я ўжо ведаў пра адносіны Акцыі да нядаўняга мінулага Нямеччыны. Але ўсё ж я ня мог ведаць усяго, а найперш меру папулярнасьці антыфашыстоўскіх ідэяў сярод жыхароў Заходняга Бэрліну.

Iмпрэза ладзілася ў вялізнай (аграмаднай) залі тэхнічнага ўнівэрсытэту, пачатак быў прызначаны на 18 гадзінаў. Мы з гаспадарамі прыехалі за паўгадзіны, і заля ўжо была поўная, сядзелі і стаялі ўздоўж сьцен і ў праходах. Кіраўніком (мэдыятарам) усяго стаў мой сябра Крыстаф Хойбнэр, і я ўпершыню падзівіўся зь яго арганізатарскіх і шоўмэнскіх здольнасьцяў. Цягам шасьці гадзінаў ён няспынна кіраваў хадой складанага інтэрнацыянальнага фэсту, які ўключыў у сябе шматлікія выступы ветэранаў-антыфашыстаў, гасьцей з усіх краінаў Эўропы, што чаргаваліся зь песьнямі і музыкай розных вакальна-інструмэнтальных групаў, у тым ліку і цудоўнай групы і хору зь Iзраілю. Мне таксама давялося там выступіць, распавесьці, як адгукнуўся фашыстоўскі пераварот у Беларусі — пра нашыя ахвяры і партызанаў. Заля апладзіравала стоячы.

Пасьля аж да разбурэньня Бэрлінскай сьцяны я шмат разоў наведваў Заходні Бэрлін. Кожная паездка мела свае праблемы. Найперш транспартныя. Заходні Бэрлін ці ня ўвесь час быў у жорсткай блякадзе. Аэрапорт Шонэфэльд, як вядома, знаходзіцца з усходняга боку, цягнік у Заходні Бэрлін не даходзіў. Як было да яго дабрацца? Даводзілася зьвяртацца ў савецкую амбасаду, прасіць памагчы, хоць амбасадаўцы зусім не былі зацікаўлены ў маіх паездках.

Тады з чамаданамі ішоў пехатой. Правілы пераходу сьцяны-мяжы ўвесь час мяняліся ў бок ускладненьня, часам завярталі назад. Аднойчы, праўда, ужо ў перабудовачны час, мяне з Анатолем Кудраўцом амаль нелегальна перавезла на той бок жонка Хойбнэра — храбрая францужанка Мішэль. Вярнуцца ж пасьля трох — пяці дзён гасьцяваньня ў Заходнім Бэрліне было яшчэ цяжэй, — ніякі транспарт ва ўсходні не хадзіў. Тады я ішоў напярэдадні ў савецкі кансулят і прасіў генконсула з прозьвішчам Быкаў, каб той даў машыну. Можа, з прычыны сугучнасьці нашых прозьвішчаў генконсул ішоў насустрач, і назаўтра ўранку мяне давозілі да Шонэфэльду. (Пасьля, аднак, генконсула Быкава перавялі ў Маскву, дзе ён і памёр, не дажыўшы да 40 год. Болей у генкансулят я не хадзіў.)

Звычайна ў Заходнім Бэрліне мы з Кудраўцом пасяляліся ў «Багоце» — не дарагім і не шыкоўным гатэліку, які мясьціўся амаль на Курфюрстэндам, што вяла да Кудаму зь яго выдатным помнікам мінулай вайне — Гедахтніскірхе. Гатэлік той зь цягам часу мне вельмі спадабаўся — і месцам, і абслугай. Пасяліўшыся пару разоў запар, ты ўжо рабіўся там як бы сябрам ці добра знаёмым, цябе пазнавалі ў рэцэпцыі і пры сустрэчы радасна ўсьміхаліся. Мне дарэчы ўспаміналася колішняе сьведчаньне Хэмінгуэя, які пісаў, што варта пры ад’езьдзе даць гішпанцу-парцье трохі даляраў, як у наступны раз — хоць праз год ці тры, калі ты вернешся, цябе пазнаюць і прымуць як лепшага сябра. Тут мы не давалі ніводнага даляра (самі ня мелі), але сапраўды нас пазнавалі. I не гішпанцы, а немцы, што таксама нешта ды значыла.

У дзень прыезду ці на другі дзень пачыналіся нейкія сустрэчы — у бюро Акцыі каля вакзалу, дзе-небудзь з моладзьдзю ў якім клюбе, са студэнтамі ў Свабодным нямецкім унівэрсытэце. Або з актывістамі Акцыі ў Кройцбэргу ці іншым з рабочых раёнаў Бэрліну. Часам, асабліва на пачатку майго супрацоўніцтва, удзельнічаў у працы цэнтральных органаў эвангелічнай царквы на Ванзэе, цудоўным зялёным прыгарадзе Заходняга Бэрліну. Аднойчы выступаў на пратэстанцкай імшы ў царкве, разам зь вельмі шаноўным епіскапам Шарфам любаваўся беларускімі танцамі ў зялёным тэатры. Усе немцы, зь якімі я меў кантакты, вельмі спаважна адносіліся да беларускага народу і спачувалі яму ў бядзе, спасьцігнутай беларусамі цераз нямецкі фашызм. Пра бяду ад бальшавізму, аб якой я распавядаў, выказвацца ўстрымліваліся, але я адчуваў, што і тут яны — на маім баку. Звычайна з Хойбнэрам мы карысталіся складанай трасянкай з трох моваў — расейскай, нямецкай і польскай, апошнюю Хойбнэр няблага ведаў. У іншых выпадках перакладчыцай служыла Iрма, студэнтка паходжаньнем з Рыгі. Гэта была разумная маладая асоба, якая няблага арыентавалася ў нямецкай гісторыі і палітыцы і шмат пра што распавяла мне. Шкада, пасьля яна выйшла замуж, нарадзіла дзіця і перастала супрацоўнічаць з Акцыяй. Намі з таго часу стала апекавацца наша зямлячка зь Менску Лена Прэнц, якая вучылася ў Бэрліне.

Там я дазнаўся пра некаторыя дзівосныя рэчы, недаступныя на радзіме. Неяк мне паказалі кнігу супрацоўніка Гітлера доктара Раўшнінга, які запісваў для гісторыі кожнае выказваньне фюрара. I сярод іх — такі во пасаж: «Паміж намі і бальшавікамі болей падабенства, чым розьніцы. Я аддаў распараджэньне, каб былых камуністаў бесьперашкодна прымалі ў нашу партыю». Або іншае сьведчаньне — ужо доктара Лямперса. «Нацыянал-сацыялізм — гэта тое, чым мог бы стаць марксізм, калі б вызваліўся ад сваёй бязглуздай сувязі з дэмакратычным уладкаваньнем. Рэвалюцыйнае вучэньне — во сакрэт новай стратэгіі. Я вучыўся ў бальшавікоў. Я не баюся гаварыць пра тое», — казаў Гітлер. Несумненна, і Сталін вучыўся ў фашыстаў, пэўны час яны дзейнічалі суладна і згодна, аж пакуль не схапіліся ў двубоі. Як піша іншы сьведка, Сталін, дазнаўшыся пра самагубства Гітлера, раздумна мовіў, стоячы ля крамлёўскага вакна: «Дагуляўся падлюга! А колькі слаўных спраў мы маглі б зрабіць разам…». Ды не зрабілі. Ня ўсё ў сьвеце было падзелена паміж чырвонымі і карычневымі, заставаўся свабодны сьвет, які і сьцёр з мапы карычневую палавіну. Чырвоная пакуль што заставалася.

Пасьля аб’яднаньня Нямеччыны фінансавыя справы Акцыі сталі пагаршацца, бюро вымушана было пераехаць у таньнейшы раён Бэрліну. Але Акцыя ўпарта не хацела адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Усходам, у тым ліку і зь Беларусьсю, кожны год слала туды валанцёраў-альтэрнатыўшчыкаў. Маладыя людзі цягам месяцаў працавалі санітарамі ў Навінках і Бараўлянах, яшчэ дзе, навучаліся мове, — шкада, болей расейскай. Адзін толькі малады чалавек вельмі зьдзівіў мяне ў Бэрліне, прамовіўшы з паўтузіна беларускіх словаў, якія ён засвоіў ад старой цёткі-санітаркі ў Бараўлянах. Кіраваў усімі той жа Крыстаф Хойбнэр. Праўда, вершаў ён стаў пісаць меней, за клопатамі і працай стала не да вершаў. Часта езьдзіў у Беларусь і Польшчу, дзе прыняў на сябе пасаду шэфа нямецкага культурнага цэнтру ў Асвэнцыме. Кватэру меў у старым фэшэнэбельным раёне Заходняга Бэрліну, там гаспадарыла ягоная францужанка-прыгажуня Мішэль і падрасталі два слаўныя хлопцы, што ўжо ў школьныя гады добра гаварылі на трох мовах — нямецкай, ангельскай і французскай. Неяк малодшы, Нэма, запытаў: «Скажыце, гэр Быкаў, якой маркі ваш гунд?». Toe дужа пацешыла мяне — у адной фразе пачуліся водгукі дзьвюх розных цывілізацыяў…

Аднойчы позьняй восеньню ехаў у Нямеччыну на нейкую імпрэзу Эвангельскай царквы. На бяду якраз у той час забаставалі нямецкія чыгуначнікі. Наш цягнік, не дайшоўшы да польска-нямецкай мяжы, спыніўся на нейкай непрыкметнай станцыі. Правадніца сказала: далей не паедзем. Сьвятло ў вагоне адключылі, ацяпленьне таксама. Пасажыры пачалі разбрыдацца, шукаць які іншы транспарт. Я сядзеў адзін у сьцюдзёным купэ і ня ведаў, што рабіць. Так мінула, можа, гадзіны дзьве. І раптам чую знаёмы голас: «Где ест Васіль Быкаў?». То ж мой Крыстаф! І адкуль ён узяўся на гэтай польскай станцыі? Аказваецца, прыехаў па мяне з Бэрліну. Мы абняліся, я быў зьдзіўлены і бясконца абрадаваны. Узялі яшчэ аднаго пасажыра — ленінградзкага навукоўцу, забытага, як і я, на пад’ездах да Нямеччыны. І паехалі.

У Франкфурце на Одэры падхапілі яшчэ адну пасажырку, маю зямлячку Людмілу Корбут, якая чакала Крыстафа. З таго часу яна надоўга стала маёю з жонкаю сяброўкай. Жыла ў Бэрліне, добра валодала нямецкай, хадзіла з намі ў эміграцыйнае ведамства, памагала пісаць розныя анкеты. Затым прыязджала да нас у Віперсдорф, дзе мы жылі, у Копенік. У самой лёс склаўся ня надта шчасьліва, але яна ахвотна памагала іншым. Як і яе нямецкі сябра Крыстаф — наш агульны найлепшы таварыш.

Крыстаф Хойбнэр адзін ці з групай валанцёраў пасьля доўга і рэгулярна прыязджаў у Менск, трэба была гасьцініца, зь якой у нас заўсёды ўзьнікалі праблемы. Клапаціліся мы з Анатолем Кудраўцом, які пад той час надрукаваў у «Нёмане» некалькі вершаў Хойбнэра, часам хадайнічалі праз Ваніцкага, а то замаўлялі самі. Налета Хойбнэр запрасіў нас на нейкія імпрэзы ў Бэрлін, а то і ў іншыя гарады ФРГ. Там мы выступалі на малітоўных сходах эвангелістаў, давалі інтэрв’ю газэтам. Спатыкаліся і з палітыкамі, дэпутатамі бундэстагу. Двойчы я меў гутарку зь цяперашнім міністрам абароны, а тады проста дэпутатам спадаром Шарфінгам, а другі раз былі на прыёме ў прэм’ера зямлі Ніжняя Саксонія спадара Шродэра. Усе яны цікавіліся справамі Беларусі ды імкнуліся ёй памагчы.

Патрэба ў нямецкай дапамозе стала дужа канкрэтнай, як у Кудраўца ад наступстваў Чарнобыля захварэла ўнучка. У яе лячэньні памагла Хельга Сібаі, якая пазнаёміла дзеда з уплывовым чалавекам у Нямеччыне, і шасьцігадовая дзяўчынка з маці паехала ў гарадок Iсьні (зямля Альгой). Здаецца, тое дапамагло, хаця і няхутка.

У час наглых візытаў у Нямеччыну наш мілы гід Крыстаф Хойбнэр імкнуўся паказаць нам розныя бакі нямецкага (заходняга, буржуазнага) жыцьця. I ў культурніцкай сфэры, і ў побыце. Мы з Кудраўцом толькі глядзелі і маўчалі. Часам скупа абменьваліся захапленьнем пасьля ў гатэлі. Адказаць Крыстафу тым жа па нашай радзіме пры ягоных наведаньнях Беларусі мы не наважыліся — баяліся шакаваць яго кантрастам. Тады здавалася — правільна рабілі, бо невядома, як бы ён паставіўся да таго кантрасту.

А разам і да нас таксама.

Хаця, як пасьля выявілася, ён ведаў пра нас ня меней за нас. Але як чалавек далікатны нідзе і нічым ня даў нам зразумець таго…

Некалькі разоў нас з Кудраўцом клікалі на кірхентагі, якія рэгулярна ладзіла эвангелічная царква. Хойбнэр вазіў нас у Дортмунд, Гамбург, Франкфурт — цераз увесь захад Нямеччыны. Неяк напрыканцы існаваньня ўсходненямецкай дзяржавы кажа: «Ці вы ня хочаце выпіць гэдээраўскага піва?». Мы, вядома, хацелі, але як? Яшчэ стаяла славутая Бэрлінская сьцяна, пры ёй была пільная варта. Тады Крыстаф павёз нас у Ванзэе, дзе ў зарасьніку на старых могілках была вузкая праломіна ў сьцяне. Мы праціснуліся празь яе і апынуліся на ўскраіне ўсходненямецкага дорфу, знайшлі на вуліцы мясцовы гаштэт, дзе і выпілі па куфлю ўсходненямецкага піва за заходненямецкія маркі. А як выбраліся назад, на той жа сьцяне напісалі флямастэрам:

«Тут былі два беларусы і адзін немец». Паставілі дату і ўтрох расьпісаліся. Той знак нямецка-беларускага сяброўства, мабыць, пабурылі ўжо, і заходнія немцы піць піва ў тую вёску езьдзяць на сваіх «фольксвагенах». Што ж, у час добры!