29. Мікалаеў
29. Мікалаеў
Нядоўгі час пасьля я правёў у стралковай дывізіі пад Бургасам, але і тую расфармавалі, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласці. Са станцыі Унгены мы ішлі пешым маршам — якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалі. У тое лета на поўдні панавалі страшэнная засуха і яе звыклы спадарожнік — голад. Малдаўскія сёлы стаялі паніклыя, безь людзей, людзі сышлі на поўнач — Украіну, Чарнаўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзілі ўначы і дзе нас ледзьве не захапілі ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў ніводнага чалавека, яно зусім абязьлюдзела. Не было і гаспадара, які частаваў нас курацінай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае сьпякотай. У вайну не было гэткага…
Улетку я быў ужо ў Мікалаеве, у тамашняй стралковай дывізіі. Дывізія стаяла ў летніх лягерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўніцу зьведаць усе пяшчоты стэпавага поўдню. Найперш даліся ў знакі вецер, пыл і пясок. Страшэнная сьпёка, і нідзе ніводнага дрэўца. Усё ў пыле — пасьцелі ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамінаў я нашы мілыя лясы-пералескі, клёны і дубы прысадаў, іх паласатыя цені цераз вуліцу. Прыгажуны — лясныя азёры… Праўда, тут блізка была рака, але ля ракі патрулі — пільнуюць, каб ніхто не падышоў і блізка. Такі ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пушчаць. I гнаць, куды нікому ня трэба. Усе заняткі на голай, без травы, стэпавай роўнядзі, усё назіраецца са штабнога пагорку. Як заўсёды ў мірны (ды і ваенны) час, заняткі, страявая і палітпадрыхтоўка. Усё на сьпёцы, з ранку да вечару.
Там мяне ўпершыню пасадзілі на гаўптвахту — утапіўся салдат. Пасьля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуўся ў ваду і ня вынырнуў. Можа, знарок, а можа, і не. Але хто вінаваты? Вядома ж, камандзір узводу. Хоць камандзір у той момант быў на інструктажы па палітзанятках. Ды ўсё роўна пасадзілі. На гарнізоннай гаўптвахце парадкі катаржныя, — ні сядзець, ні ляжаць. У пяць пад’ём, лежакі выносяць. Каб не садзіліся, на цэмэнтную падлогу выліваюць пару вёдзер вады. Камэндант — зьвер. Мала банальных зьдзекаў, яшчэ ўносіць асабісты элемэнт — увесь дзень люта лаецца, абражае апошнімі словамі, бы ўласных заклятых ворагаў.
Пад восень захварэў, паклалі ў шпіталь. На гэты раз у самы здатны для таго час — перад інспэктарскай праверкай. Шпіталь вокнамі выходзіў на пляц фізгарадку. Iнспэкцыю прыехаў рабіць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назіраем з другога паверху шпіталю, як ён тое робіць. Усіх афіцэраў — маладых і старых — пастроілі ў шэраг ля фізкультурнага снараду «кабылы». Камандзір палку камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць які-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзір батальёну, робіць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны — тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць, і то ня ўсе. Хто не пераскочыў — у асобны шэраг. Такіх апынулася бальшыня. I маршал пачынае мацюгацца: зажраліся, распанелі, ня хочаце добрасумленна служыць савецкай радзіме, вялікаму таварышу Сталіну… Во як трэба — вучыцеся! Падтыкае пад дзягу полы шыняля, кароткая разьбежка і — гоп! Пераскочыў. I загадвае камандзіру палку: трэніраваць! Як натрэніруюцца, далажыць. Сеў у свой «віліс» і паехаў. «Дурак, хоць і Жукаў», — кажа яму ўсьлед сівы начфін артпалку.
Увечары адзін хворы, капітан-артылерыст, які ў вайну служыў на Першым Украінскім фронце, распавёў, як камандуючы фронтам Жукаў ліквідоўваў увосень 43-га нямецкі прарыў пад Жытомірам. Езьдзіў, як заўсёды, на «вілісе» з бронетранспарцёрам галаварэзаў-аўтаматчыкаў і бартавым аўтамабілем ваеннага трыбуналу. Дзе якая няўстойка, хапаў першых жа, хто трапляў пад руку, — салдат ці афіцэраў — загадваў аўтаматчыкам расстраляць. З кішанёў яшчэ не астылых трупаў трыбунальшчыкі даставалі дакумэнты і афармлялі прысуд. Маршал сам не забіваў і нічога не падпісваў, тое рабілі іншыя — паводле ўсіх правілаў вайсковай юрыспрудэнцыі.
Позьняй восеньню перайшлі на зімовыя кватэры. Салдаты — у старыя, мікалаеўскага часу казармы, афіцэры — хто куды, на прыватныя кватэры. Перад тым я спаткаў майго сябра Вальку Бахцігозіна, зь якім разлучыўся ў Сафіі. Валька ўсё малодшы лейтэнант, але служыць у артпалку, дзе, канешне, болей прэстыжна і спакойна, чым у стралковым. Валя ўзяў мяне да сябе на кватэру, якую нядаўна зьняў у старой адзінокай бабулі. Бабуля пусьціла нас з умовай, што на зіму мы дастанем ёй дроў. Мы абяцалі, хаця дзе іх дастаць, ня ведалі самі. Зрэшты, так і не дасталі і перажылі зіму ў няпаленай хаце, амаль не распранаючыся нанач. Харчаваліся ў сталоўцы, разам з салдатамі: суп вермішэлевы, каша пярловая, чай, часам кампот. I то добра. Гараджане і таго ня мелі, жылі голадна, прадукты — па картках. У горадзе можна было купіць шклянку віна — сухога ці паўсухога. Звычайна вырашалі, колькі градусаў, што будзе мацней? Што мацней, тое і пілі. Але, як вядома, напой зь віна слабы…
Вайна ў гэтым паўдзённым горадзе нібы і не спынялася. Стралялі на вуліцах, асабліва ўначы. Былі выпадкі нападу на нашыя каравулы, што ахоўвалі прадуктовыя склады. Нападалі на афіцэраў, рабавалі ўначы. Адзін камандзір роты, позна ідучы з казармы дадому (жыў далекавата, за паркам Пятроўскага), прыхапіў з сабой пісталет, што ўвогуле не дазвалялася. Якраз ля парку яго спаткалі двое: зьнімай шынэль, давай сапагі… Ротны дастаў пісталет і стрэліў, забіў аднаго. Другі ўцёк. I во суд ваеннага трыбуналу: за забойства грамадзяніна такога грамадзянін такі (наш капітан) прыгаворваецца да шасьці гадоў лягероў. Пасьля суду капітан кажа: «Які ж я дурань! Хай бы яны мяне да кальсонаў распранулі, голы б дабег дамоў. А так…». Судзьдзі яму спачувалі, але — закон!
Я і тут падаў два рапарты на дэмабілізацыю, ды марна. I памалу страціў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, які сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зімы яго дэмабілізавалі. На разьвітаньне мы выпілі ў забягалаўцы, і я праводзіў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сібірскі Ачынск да маці. Для яго і вайна, і вайсковая служба скончыліся бяз радасьці. Не выслужыў Валька ні чарговага званьня, ні ўзнагароды. Хоць ваяваў і служыў ня горш за іншых. А можа, нават і лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. I — наіўны. Хаця і я ня надта прыдбаў за вайну і службу — адну зорку на грудзі ды адну на пагоны.
I ўсё. Ня тое што іншыя. Неяк спаткаў у кінатэатры Валерыя К., былога аднакашніка па Саратаўскім вучылішчы. Той ужо старшы лейтэнант і два ордэны на грудзях, служыць інструктарам палітаддзелу па камсамолу. I тады мне ўспомнілася, як ён клапаціўся перад выпускам, зьбіраў рэкамэндацыі ў партыю. Мы яшчэ кпілі: ня ўсё роўна, кім цябе закапаюць — беспартыйным ці бальшавіком? Ён бы ня чуў нікога і перад ад’ездам на фронт усё ж пасьпеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталі разьмяркоўваць па дывізіях, яго пакінулі ў палітаддзеле. Тады мы і сьцямілі — разумны ён чалавек, хоць і малады. Так і аказалася.