114. БНФ. Пазьняк
114. БНФ. Пазьняк
Зянон Пазьняк імкнуўся ўсталяваць у БНФ строгую партыйную дысцыпліну, улік і ўсё іншае, уласьцівае рэгулярнай палітычнай арганізацыі. Болей як два разы нельга было прапусьціць паседжаньні сойму, на ўсіх сяброў заводзіліся ўліковыя карткі. Toe, мабыць, было патрэбна, бо міністэрства юстыцыі строга сачыла за выкананьнем фармальнасьцяў, каб пры выпадку прыдрацца і спыніць дзейнасьць грамадзкай арганізацыі. Усяго таго ды шмат чаго іншага Пазьняк і БНФ дамагліся пры апантаным супраціўленьні нават адносна лібэральнага ладу часоў Шушкевіча, не кажучы ўжо пра пазьнейшы паліцэйскі рэжым Лукашэнкі.
Вядома, суровы рыгарызм Пазьняка далёка ня ўсім падабаўся ў шэрагах фронту. Увогуле сумленныя і разумныя хлопцы, пераважна беларускія інтэлігенты, сабраўшыся разам, нярэдка выяўлялі нязгоду з лідэрам. Тая нязгода ў асноўным палягала ў тактыцы; стратэгія ні ў кога не выклікала сумневу, бо стратэгіяй была Беларусь, якой бэнээфаўцы, безумоўна, былі аддадзеныя. Я любіў і паважаў іх усіх — заўжды філасафічна-памяркоўна настроенага Юрася Хадыку, веселуна і песьняра Валянціна Голубева, няўрымсьлівага Вячаслава Сіўчыка, красамоўцу Вінцэся Вячорку, па-дзелавому засяроджанага Сяргея Навумчыка. Некалькі пазьней да іх далучыцца інтэлігентны Лявон Баршчэўскі. Слаўныя былі каля іх і дзяўчаты, хоць і па-жаночы не заўжды згодныя між сабой, але памяркоўныя і адукаваныя. Аналітычныя здольнасьці Зянона здаваліся бязьмежнымі. Падобна было на тое, што ён ведаў усё пра Беларусь — сучасную і гістарычную, слухаць ягоныя развагі пра яе можна было гадзінамі. Хоць ён не выглядаў красамоўцам, але гэта быў чалавек, на ўсё жыцьцё хворы Беларусьсю. Я вельмі цаніў гэтую ягоную якасьць, і нават калі не з усім быў згодны або ня ўсё мне падабалася ў ягоных максімах, не хацеў пярэчыць. Я не адчуваў за сабой права пярэчыць чалавеку, апантанаму вялікай ідэяй.
Праўда, Адамовіч, аднойчы прыехаўшы ў Менск і спаткаўшыся з Пазьняком, сказаў, што гэты чалавек сапраўды можа прэтэндаваць на лідэрства ў Беларусі, адзіны яго недахоп — празьмерная апантанасьць. Кепска быць апантаным, тым больш — ідэяй. Самыя высакародныя ідэі менавіта і банкрутуюць з прычыны апантанасьці іхніх адэптаў. У вогуле з тым я быў згодны, але не ў дачыненьні да Пазьняка. Я меркаваў, што для апалітычнай, рахманай Беларусі патрэбны менавіта такі лідэр. Толькі такі меў магчымасьць, здольнасьць і волю абудзіць нацыю, якая багата што праспала ў сваёй гісторыі.
Тая мая прыхільнасьць да Пазьняка ўзмацнела, калі аднойчы, уключыўшы тэлевізар, убачыў буйным плянам яго аскетычны твар, рашучыя твары ягоных паплечнікаў і пачуў, як лідэр БНФ абвясьціў камуністычную партыю бандай тыранаў і забойцаў, самай крывавай у нашай гісторыі. Toe яго выступленьне ў прамым этэры беларускага тэлебачаньня, таксама як і некаторыя газэтныя публікацыі, напачатку выклікала шок у грамадзтве, нязвыклым да падобных пасажаў. Тым ня менш пройдзе трохі часу, і тое ж грамадзтва без праблемаў абярэ Зянона Станіслававіча дэпутатам Вярхоўнага Савету. Вядома, гэта стала магчымым з нагоды, калі выбарчыя камісіі яшчэ не былі цалкам заангажаваныя рэжымам і падлічвалі галасы больш-менш аб’ектыўна. Разам з Пазьняком у Вярхоўны Савет была абрана даволі вялікая група сяброў БНФ, якая і склала грунт парляманцкай апазыцыі, што шмат чаго дамаглася наконт незалежнасьці краіны. Тыя посьпехі апазыцыі і яе лідэра грэлі, натхнялі і давалі надзею.
На жаль, у сваёй газэтна-мітынговай рыторыцы Пазьняк не заўсёды аддаваў належнае палітычнай лёгіцы і ня здолеў пазьбегнуць празьмернасьці ў дэфініцыях — асабліва што да Расеі і расейцаў. Заўсёды надта чулыя да ўласнага нацыянальнага гонару некаторыя зь іх скарысталі пазьнякоўскія інвэктывы, каб абвінаваціць яго і БНФ. Прытым без увагі засталіся выказваньні іншага кшталту. Так, калі ў яго на тэлеперадачы запыталі, якую палітыку да рускіх ён будзе праводзіць, як прыйдзе да ўлады, кандыдат у прэзыдэнты Пазьняк сказаў: «Такую, каб расейцам на Беларусі жылося лепш, чым у Расеі». Што ж, рытарычна, але вычарпальна ў сэнсе аптымальнага стаўленьня да вырашэньня балючай міжнацыянальнай праблемы.
Мабыць, у першапачатковы пэрыяд няўстойлівага сувэрэнітэту ня трэба было закранаць складанага пытаньня люстрацыі і асабліва — пэнсіяў. Зь цягам часу тое можна было б вырашыць ціха і без палітычнага ажыятажу, так, як гэта было зроблена неўзабаве ў Чэхіі або Польшчы.
Шмат каму з Пазьняком было нялёгка. Сам будучы чалавекам апантаным, ён гэткай жа апантанасьці чакаў і ад іншых, найперш ад сваіх паплечнікаў. Але кожны зь іншых меў свой, адметны ад ягонага характар. Тое ўвогуле зразумела і натуральна, бо ўсе яны паводле перакананьняў былі дэмакраты, а вядома, што дэмакратам мэтафізычна не ўласьціва адзінамысьленьне. Там, дзе паяўляюцца хоць бы два дэмакраты, пачынаюцца нязгоды і пярэчаньні. Самаахвярнасьць — псыхалягічна цяжкая справа, мабыць, неразумна патрабаваць яе ад кожнага іншага. Тут здатны толькі ўласны добраахвотны выбар, штурхаць да якога ня мае права ніхто. Нават бальшавікі ў вайну разумелі тое і лічылі, што сотні Матросавых свой подзьвіг абралі па ўласнай волі (хаця тое дужа сумніўна). Але важна, што пастулят добраахвотнасьці і для іх быў нязрушны. Дарэчы, надта хрысьціянскі пастулят.
Менавіта ў гэткіх абставінах на чарговым зьезьдзе зьявілася праблема ў лідэра БНФ, адстаўкі якога дамагаліся некаторыя зь ягоных паплечнікаў. Я быў змушаны выступіць з просьбай не рабіць таго, зразумець, што да пэўнага часу Пазьняк у Фронце альтэрнатывы ня мае. Мяне паслухаліся, хаця, можа быць, я і памыляўся. Бо ўсё роўна пазьней БНФ раскалоўся і фармальна, а прыкметы расколу паявіліся ў ім на некалькі гадоў раней.
Бэнээфаўцаў, асабліва ветэранаў гэтага руху, часта грэбліва называюць рамантыкамі. Тое не зусім правільна, хаця доля праўды ў тым азначэньні ёсьць. Нейкая мера рамантызму, мабыць, была ўласьціва і Пазьняку. Ня надта добра, што зь цягам часу высакародная ўвогуле ідэя адраджэньня набыла ў вачох грамадзтва архаічнае адценьне, — не заўсёды зразумелае, а таму і не прымальнае для сучаснага, празьмерна прагматычнага беларуса. Беларускі народ у сваёй масе напрыканцы XX стагодзьдзя меў клопат ня так з праблемай адраджэньня, як з праблемай выжываньня. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцьвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасьці ішоў працэс паміраньня (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краі пагібелі, а ня дбаць пра колішнюю веліч часоў ВКЛ. Народ тое адчуваў інстынктыўна, і таму на першых прэзыдэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазьняком і БНФ зь іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам, архаізацыяй і без таго ня надта палагоджанай мовы, чым сталася, на думку некаторых, вяртаньне да граматыкі Тарашкевіча. З часоў Тарашкевіча шмат што зьмянілася ў сьвеце, у тым ліку і ў беларускай мове, з чым прагматычнаму палітыку немагчыма было не лічыцца. Народ пайшоў за жорсткім, нахабным, прагматычным дырэктарам саўгасу, ідэі якога былі простыя, як мычэньне каровы і зразумелыя дарэшты. Без увагі да нацыянальных прынцыпаў, Лукашэнка кінуўся да Расеі, найперш каб выбіць адтуль асабістую падтрымку, а таксама хлеб, бэнзін, газ, безь якіх немагчыма было ня толькі «адраджацца», але і перажыць зіму да вясны. Вядома ж, разумнейшыя адчувалі, што ён адбіраў у Беларусі сувэрэнітэт, будучыню і пазбаўляў дэмакратыі. Але што карысьці з дэмакратыі, калі плакалі галодныя дзеці? Несумненна, будучы дэмакратамі, лідэры БНФ не зразумелі, што дэмакратыя — гэта не справядлівасьць, а матэматыка, што нацыянальную будучыню цяпер вырашаюць лічбы, а не ідэі, якія б разумныя яны ні былі.
Пра высокія нацыянальныя ідэі мусіла дбаць нацыянальная эліта, нацыя ж дбала пра элемэнтарную мэту — выжыць. Дужа сумніўна, што тае мэты мог дасягнуць нацыяналіст Пазьняк, затое дамагчыся яе абяцаў прагматык Лукашэнка. Toe, што ягоныя мэтады па сутнасьці дэмагагічныя, тады мала хто ведаў.