117. Свабода
117. Свабода
Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня. Усё жывое і карыстаецца тою каштоўнасьцю, наколькі гэта мажліва ў складаным, заблытаным сьвеце арганічнага існаваньня. Апроч хіба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць і адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьці праз хітрасплецены лябірынт жыцьця, а то і застацца ў адным зь яго тупікоў. I там прызвычаіцца, змарнець, страціць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элемэнтарнае мэты біялягічнага існаваньня. Зрабіцца часткай натоўпу, грамадзтва, электарату — такім, як усе.
Але як быць асобе, калі яна выпадае з масы да сябе падобных, калі яна — творца, што дзеіць паводле ўнутраных імпульсаў самавыяўленьня? Як ёй пераадолець тую брутальную залежнасьць ад соцыюму, які нязьменна нівэлюе яе Богам дадзены дар? Ці, можа, ня трэба нічога пераадольваць, а падладзіцца, прыстасавацца, каб дамагчыся бесканфліктнага існаваньня? Дзясяткамі год у нашых вушах гучала нявольніцкая максіма: «Жить в обществе и быть свободным от общества нельзя». Сапраўды нельга, не дадуць, не дазволяць. Тыя, ад каго гэта залежыць, натхняюцца ня зманлівай ідэяй чалавечай свабоды, а рэальнай патрэбай прыгнёту і сілы. I праўда, яны валодаюць немалой сілай, бо яны — заўжды гурт.
Мабыць, сапраўды, каб выжыць, варта згуртавацца, што робяць шмат якія істоты ў жывой прыродзе. Асабліва калі гурт мае ідэю — малаважна якую, добрую ці благую. Часам ідэяй робіцца інстынкт нацыі ці клясы, ці якога гурта, і тады сьвет апынаецца перад імпэрскай, пралетарскай, нацысцкай ідэяй, якія заўжды каштуюць крыві. Апантаныя, так званыя папулісцкія ідэі каштуюць вялікай крыві і рэдка зьдзяйсьняюцца. Нават і сьвятая сярод іх ідэя свабоды.
Але ці дужа якая ідэя патрэбна творцу, калі ягоная душа ўжо захоплена ідэяй іншага кшталту — ідэяй праўды і прыгажосьці? Iншаму там месца няма, і ён — індывідуаліст.
Усё значнае ў мастацтве спрадвеку ствараецца на грунце індывідуалізму. Спробы заарганізаванай мастацкай творчасьці (тым болей літаратурнай) заўсёды зазнавалі фіяска. Творцы — аднаасобнікі, яны твораць штучны тавар. Творчы альянс двух, нават калі кожны зь іх геній, неверагодны. Толькі паасобку. Нават калі яны адзінадумцы, адзінаверцы, належаць да адной партыі. Калектыўны элемэнт у мастацтве мае несумненна дэструктыўны характар.
Праўда, наш час асаблівы — крывадушны і жорсткі, а што да мастацтва — разбуральны па сваёй сутнасьці, толькі мы яшчэ ня надта ўцямілі тое. Сучасная маскультура — не самаразьвіцьцё ранейшай, традыцыйнай культуры, як часам лічыцца, а контркультура. Таму цяпер у першую чаргу трэба клапаціцца не пра росквіт, а пра выжываньне і захаваньне таго лепшага з нацыянальнай і сусьветнай культуры, што гэтак брутальна бурыцца ўладай і часам. Пэўна, зрабіць тое лепей агулам. Але ці можна не разумець, што і бурыць таксама выгадна агулам — усё адразу. Так дзешавей для ўладаў, якія звыклі ўладарыць ня толькі над целамі, але і над душамі людзей. З тае мэтай у нядаўнім мінулым яны стварылі партыю, калгасы, гулаг, каб заграбсьці ўсіх адразу. I сагналі творцаў у «творчыя» саюзы, дзе ўзялі іх у «творчы» палон. Тое яны найбольш рабілі рукамі саміх жа творцаў зь ліку найбольш спрытных калябарантаў. Па прынцыпе колішняга самаабслугоўваньня: самі пішаце, самі сябе і саджайце.
Нашая літаратура быццам бы пакрысе выкараскваецца з таго інтэлектуальнага гулагу, зь якога яшчэ належыць выбрацца нацыі. Свабода рабочых і сялянаў патрабуе, як кажуць, шмат валютных інвэстыцыяў, якіх у дзяржавы няма. Літаратуры ж ня надта патрэбны інвэстыцыі, але ёй патрэбна — свабода. Аднак інтэлектуальная свабода каштуе яшчэ даражэй, чым свабода на карыстаньне зямлёй. Зрэшты, што да Беларусі, дык вынік аднолькавы — ні сяляне ня маюць зямлі, ні пісьменьнікі ня маюць свабоды. Хоць бы свабоды на родную мову. Нават на мяккі знак, каб ня корчыць язык у роце ад ненатуральнага, барбарскага вымаўленьня. Сапраўды, мова, паводле Генрыха Бёля, ёсьць апошняе апірышча свабоды.
Усё тое — непераможная сіла няволі, зь якой нацыя звыклася, параднілася, ад якой адступаць рызыкова. Як павінны ставіцца да таго творцы? Томас Венцлова, напрыклад, піша, што найвялікшы патрыятызм у тым, каб ваяваць з комплексамі сваёй нацыі. Гэта сказана ў дачыненьні да ня самай закамплексаванай нацыі, але тое праўда і, мабыць, адносіцца да ўсіх нацыяў без выключэньня.
Можна зразумець нашых калегаў, расейскіх дэмакратаў, якія нядаўна перажылі тое, што і мы, і цяпер памкнуліся да зманлівай, труднадасяжнай свабоды. Паяднаўшыся зь беларусамі, яны маюць намер набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кіруючыся ўсё той жа лёгікай — гуртам зручней. Але старая чэская прымаўка кажа: не запускай млын, калі ня маеш моцы яго спыніць. Ці маюць моц нашы расейскія калегі годна распарадзіцца хоць бы ўласнай свабодай? Ці ня болей рэальнай для іх і для нас застаецца рызыка страціць усё? Дзе гарантыя таго, што іхняя свабода дасягнута цалкам і назаўжды? Надта тое сумніўна ў краіне, дзе не спыняюцца ганебныя войны, усюды ліецца кроў, нішчыцца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай ідэяй робіцца ўсё той жа нацыянал-імпэрыялізм.
У нас і ўласнага няшчасьця хоць адбаўляй. Рушыцца эканоміка, народ даведзены да галечы, гвалтам нішчацца нацыянальная культура і мова. Вельмі падобна, што дапамагчы нам ня можа ніхто — так глыбока завязьлі мы ў багне хлусьні і тыраніі, што ад нас адвярнуўся ўвесь белы сьвет. I ўсё ж нам, як тым зэкам, дужа непажадана трапіць з адной камэры ў такую ж іншую, асабліва калі перапынак паміж допытамі апынуўся такі кароткі.
Мабыць, кожнаму свой шлях да свабоды наканавана прайсьці асобна. Усё ж індывідуалізм і ў гэткім абліччы — ня самы горшы кірунак да яе. Можа, не найлепшы, але і не найгоршы, — у аснове кожнай калектыўнай свабоды ляжыць свабода індывідуальная. Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне аптымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Украінка: «Без надіі таки сподіваюсь»…