112. Народны дэпутат СССР
112. Народны дэпутат СССР
Паводле новых, перабудовачных законаў пачалося вылучэньне кандыдатаў у народныя дэпутаты СССР. З Масквы былі спушчаны квоты, у тым ліку і ў СП БССР. У Доме літаратара сабралі сход, вёў Ніл Гілевіч, які быў прызначаны кіраўніком тутэйшай выбарчай камісіі. А гэта азначала, што ён ня мае права на вылучэньне кандыдатам у дэпутаты. Toe засмуціла ня толькі яго, але і мяне, бо я адчуў, каго будуць вылучаць, і ня ведаў, як з таго выкруціцца.
Прыкладна так і атрымалася, як я прадбачыў.
На сходзе некалькі чалавек усталі і прапанавалі — Быкава! Я ў сваю чаргу выступіў з самаадводам. Тады пачалі галасаваць, і мой самаадвод не прынялі. Я зноў не пагадзіўся. Зноў выступілі, угаворвалі мяне. Адзін толькі Дамашэвіч, мабыць, зразумеўшы мяне, сказаў: «Ну што вы прычапіліся? Чалавек ня хоча, ужо немалады, нездаровы…». Яго не паслухаліся, гэтак жа, як і мяне. На тым і разышліся.
На другі дзень рана пазваніў Анатоль Вярцінскі, які тады рэдагаваў «ЛіМ». Ён ці ня з роспаччу сказаў, што ня ведае, як быць. У газэту трэба даваць паведамленьне пра вынікі вылучэньня, а ты не пагаджаешся. У пратаколе, які ляжыць перада мной, запісана: вылучыць Быкава. Дык што рабіць?
Я паважаў Вярцінскага, быў зь ім у сяброўскіх адносінах і, сьцяўшы душу, змушаны быў пагадзіцца. Дзеля рэдактара, дзеля «ЛіМу», а не дзеля сходу, які гвалтоўна вылучыў мяне на пакуты.
Вынікі таго вылучэньня пайшлі ў Маскву. I паколькі выбары павінны былі адбыцца ў Саюзе пісьменьнікаў, дзейнічала ўсесаюзная квота — 10 дэпутатаў ад СП. Там належала зноў выбіраць з усіх, вылучаных ад рэспублікаў і аўтаномных абласьцей. Я думаў-спадзяваўся, што, можа, там не прайду, пройдуць іншыя. Ды так ня здарылася — абралі і там. I вось Быкаў у ліку дзесяці стаў народным дэпутатам СССР ад усесаюзнай пісьменьніцкай арганізацыі. Алесь Адамовіч таксама ім стаў, але ад Саюзу кінэматаграфістаў. Toe, што быў абраны Адамовіч, трохі ўсьцешыла мяне — усё ж будзе свой чалавек побач. Не адзін я ў гэтай намэнклятурнай грамадзе, якая ад Беларусі налічвала каля сотні. I трохі цешыла, што я — ад творчай арганізацыі. Думалася, ня буду сядзець сярод гэтых — ужо наседзеўся за дзесяць гадоў у Вярхоўным Савеце БССР. Ды так, на жаль, не адбылося. Выбіралі ад розных арганізацыяў і саюзаў, а ў залі пасадзілі ўсіх паводле альфабэту і тэрытарыяльнага прынцыпу. Адамовіч апынуўся сярод дэпутатаў Масквы, а я — Беларусі. Маімі суседзямі сталі старшыня Берасьцейскага выканкаму, майстар з маладэчанскага заводу, старшыня калгасу Бядуля, старшыня КДБ Балуеў. Ззаду сядзелі старшыня Саўміну [Беларусі] Кебіч, беларускі першы — Сакалоў. Яшчэ тая кампанія!
Але сьпярша належала абраць Вярхоўны Савет СССР, для чаго ў Менску сабралі ўсіх дэпутатаў, вёў паседжаньне Малафееў. Абіралі за сталом прамым і адкрытым галасаваньнем. Пачуўшы сваё імя, я адразу заявіў самаадвод, які не прынялі. Толькі генэрал Чумакоў і яшчэ пара чалавек прагаласавалі супраць Быкава, і я ня ведаў, ці тое — мае прыяцелі, ці супраціўнікі. Паехалі ў Маскву. Там у залі прэзыдыуму ВС склікалі савет старэйшын, на якім прысутнічалі і мы з Адамовічам. Мы сядзелі ўгары, на задніх лаўках, і назіралі, як Гарбачоў з Лук’янавым абмяркоўваюць кандыдатуры, вылучаюць кіраўнічыя органы. Я паслаў Гарбачову запіску аб самаадводзе. Гарбачоў голасна зачытаў яе і падняў мяне зь месца: якая прычына? Я сказаў, што хворы. Гарбачоў паківаў галавой: ну во, папулярны пісьменьнік, адмаўляецца. Ну што ж… Паклаў маю паперку ўбок, аднак са сьпісу [прэзыдыуму] Вярхоўнага Савету выкрасьліў.
Адамовіч, наадварот, — хацеў, каб яго абралі, ды марна. Нават ня вылучылі. Бачна было, ён трохі перажываў, бо быў чалавек значнай грамадскай актыўнасьці. Але ўжо так здаўна ўладкавана ў нас, што хто хоча, таму не даюць, а хто ня хоча, таго прымушаюць. Гэты бальшавіцкі прынцып не ўдалося зрушыць і Гарбачову. Як пачалі разьмяркоўваць па камісіях, было прапанавана падаваць заяўкі — хто куды хоча. Я нікуды не падаваў, намерыўся па-салдацку сачкануць, Адамовіч падаў адразу ў дзьве камісіі, думаў, можа, у якую залічаць. На жаль, яго не залічылі ні ў адну, а я, таго не жадаючы, апынуўся ў камісіі па абароне і дзяржбясьпецы. Калі пасьля паскардзіўся Лук’янаву, які тым займаўся, на нечаканае прызначэньне, той адказаў:
«Дык вы ж пішаце пра армію і пра КДБ». Так я ўліп.
Адамовіч тады зь мяне пасьмяяўся — надумаў каго абхітрыць! А я распавёў яму старую байку пра адэскага бамжа, які праспаўся ранкам у порце і ідзе шукаць заробку. Бачыць, на мосьціку акіянскага лайнэру стаіць прыгажункапітан, і бомж, пачухаўшыся, гукае: «Эй, кэп, табе памочнік ня трэба?» — «Не», — кажа кэп. — «А боцман?» — «Таксама не». — «А кок?» — «I кок не». — «Пашэнціла, падла, а то б я табе наработаў…» Я не адэскі бомж, але на камуністычнага кэпа таксама працаваць не зьбіраўся.
Пачалася вірлівая, бязладная і шмат у чым драматычная дзейнасьць на зьездах народных дэпутатаў, якія зачасьцілі ў Крамлі. Дэпутатаў было вялікае мноства з усіх рэспублікаў Савецкага Саюзу. Найбольш — з рэспублікаў Сярэдняй Азіі, і найменш — з Прыбалтыкі і Каўказу. Разьмяшчаліся ў залі строга на адпаведных месцах, у часы перапынкаў кучкаваліся каля сваіх партыйных лідэраў, якімі тады былі першыя сакратары ЦК. Тыя працавалі ў якасьці рэжысэраў, вызначалі выступоўцаў, давалі палітычныя ўказаньні. Тыя, што зьбіраліся выступіць, пасылалі запіскі: прашу слова ў падтрымку і г. д. Тым і давалі слова, у той час, як іншыя абураліся. Поруч зь беларускай дэлегацыяй цэлы гектар плошчы займала дэлегацыя Узбэкістану, і я назіраў за яе паводзінамі. Там было некалькі дырыжораў, у тым ліку адна жанчына, якія кіравалі ня толькі выступоўцамі, але і падавалі рэплікі, выкрыквалі, зачыналі аплядысмэнты. Дужа згуртаваная была дэлегацыя.
Увогуле палітычны напал у залі для неспрактыкаванага чалавека часьцяком быў нясьцерпны. Асабліва, як выступаў Сахараў ці Афанасьеў. Ці нават Сабчак. Сахараў гаварыў пра Афганістан, і яму выключалі мікрафон, воплескамі спрабавалі сагнаць з трыбуны. Затое, як выступаў генэрал Радзівонаў, што наладзіў вядомую крывавую лазьню ў Тбілісі, яго праводзілі з трыбуны бурнымі воплескамі, палова залі ўстала. Я тады выразна зразумеў, што трапіў яўна не туды, што неяк трэба адсюль рваць кіпці.
Алесь Адамовіч, наадварот, — быў поўны энэргіі і палемічнага азарту, гатовы быў выступаць з кожнага поваду. Нярэдка яму тое ўдавалася, бо сядзеў ён у першым радзе, якраз перад трыбунай.
Аднойчы выступіў вельмі рэзка (і слушна), папярэдзіў Гарбачова аб небясьпецы, якую несла для яго генэральскае акружэньне. Тады яму дасталося ад іншых, у тым ліку і ад расейскіх камунапатрыётаў, калегаў па СП. Вельмі сумна, што да іх (пакуль што моўчкі) далучыліся некаторыя зь беларускіх дзеячаў культуры, як, напрыклад, Міхаіл Савіцкі і некаторыя іншыя. Я неяк зрабіў спробу пагутарыць з Валянцінам Распуціным, зь якім быў у добрых адносінах, але хутка зразумеў, што між намі — пустка. Гэтыя людзі ня бачылі і не прызнавалі нічога, апроч іх любай матушкіРасеі. Ну дык гэта — расейцы, а нашыя?..
Пробным каменем новай палітыкі Гарбачова стала нацыянальная праблема (Грузія, Арменія, Азербайджан, Цэнтральная Азія, Прыбалтыка). Нават недасьведчанаму чалавеку было зразумела, што гэтыя народы імкнуцца да свабоды і незалежнасьці, што яны даволі нажыліся ў турме, якая звалася СССР. Iмпэрцы таго не разумелі. Я тады кантактаваў з прыбалтамі — эстонцамі і літоўцамі, якія ўзялі выразны курс на незалежнасьць і пачалі пасьлядоўна яе дамагацца. Для таго патрэбна было прызнаць незаконнасьць сакрэтных пратаколаў да пакту Рыбэнтропа — Молатава.
Але каб зрабіць так, сьпярша трэба было знайсьці тыя пратаколы. Дыпляматы і кадэбоўцы даводзілі, што пратаколы — фальсыфікацыя Захаду. Намаганьнямі дэмакратаў была створана адмысловая камісія, якую ўзначаліў Ландсбергіс і ў якую ўвялі і мяне. Нам належала даказаць, што апублікаваныя на Захадзе копіі тых дакумэнтаў — сапраўдныя. Гэта было няпроста, бо акадэмік Фалін з трыбуны зьезду пераконваў дэпутатаў, што ніякіх пратаколаў няма ў прыродзе. Бальшыня яму верыла. Але бальшыня не ўлічыла сілу настойлівасьці балтыйцаў, у прыватнасьці Ландсбергіса зь яго палітычнай хваткай бульдога. Гэты літоўскі прафэсар музыкі цягам некалькіх паседжаньняў даказаў, што фальсыфікуе ня Захад, а МЗС СССР. Кіраўніцтва краіны прадаўжала ўпарціцца ў сваім ашуканстве, што празь нейкі час прывяло да крывавых эксцэсаў у Вільнюсе, Рызе ды і ў Закаўказьзі. Пралілася кроў, супраць чаго сурова папярэджваў Гарбачова няўрымсьлівы Адамовіч, які з актыўнага яго староньніка нарэшце ператварыўся ў праціўніка. Зрэшты, як і ўся міжрэгіянальная група Афанасьева — Папова.
На перапынку паміж паседжаньнямі мне давялося спаткацца і пагутарыць з Андрэем Сахаравым. Дэпутаты стаялі ў чарзе да буфэтчыцы, як у дзьвярах паявіўся Сахараў. Ён быў яўна разгублены, убачыўшы чаргу, і спыніўся, ня ведаючы, куды стаць. Бальшыня ў чарзе ставілася да яго варожа, толькі нядаўна яго спрабавалі сагнаць з трыбуны. Тады я выйшаў з чаргі і прапанаваў яму сваё месца. Сахараў падзякаваў, але ў чаргу ня стаў. Мы сталі ўдвух асобна ад іншых і размаўлялі. Андрэй Дзьмітравіч сказаў, што чытаў мае кнігі і хоць сам у вайне ня ўдзельнічаў, але верыць беспамылковай рэакцыі на іх жонкі Алены Бонар, якая ёсьць франтавічка і была нават паранена. А што да маральнай каштоўнасьці кнігаў, дык тая бясспрэчная. Я ў сваю чаргу распавёў акадэміку, як супраць яго і Салжаніцына дамагаліся подпісаў ад пісьменьнікаў, падтрымаў яго барацьбу і сёньняшняе выступленьне наконт Афганістану, дзе савецкія лётчыкі спрабавалі разбамбіць сваіх, каб яны ня трапілі ў палон. Toe выклікала буру пратэсту ў залі, ветэран-інвалід выступіў з гнеўнай водпаведзьдзю ў тым сэнсе, што факту расстрэлу не было, бо не магло быць ніколі.
Так сталася мая першая і апошняя гутарка з гэтым чалавекам. Ноччу Сахараў памёр у сваёй кватэры, а праз два дні дэпутаты ехалі на аўтобусах яго хаваць. Я трапіў у аўтобус, куды пасьля села група генэралаў і зь імі маршал Ахрамееў. Не зважаючы на сумную нагоду, генэралы паводзілі сябе даволі ажыўлена, маршал жартаваў. Цяжка было тады меркаваць, што мінецца трохі часу, і той Ахрамееў павесіцца ва ўласным кабінэце. Такія во дзьве сьмерці. Ці ўраўняюць яны нябожчыкаў?
У залі паседжаньняў сярод беларускай дэлегацыі насьпеў канфлікт, да якога прычыніўся і я. Спатрэбілася даабраць дэпутатаў у Вярхоўны Савет. Дэмакратычна настроеная частка дэпутатаў памкнулася вылучыць сваіх — Шушкевіча ці Дабравольскага. Але тою справай заклапоціўся Сакалоў, ён правёў галасаваньне па «спрошчанай» схеме — у залі, са сваіх месцаў. Падлічваць галасы даручыў кадэбісту Балуеву, які сядзеў насупраць мяне. Я адразу падняў руку супраць усіх іхніх кандыдатаў, ды, вядома ж, застаўся ў пройгрышы, абралі камуністаў. Тады я не стрымаўся і, мабыць, празьмерна рэзка, а то і зьняважліва вымавіў Сакалову. Ленінградзкі сьледчы Iваноў, што сядзеў недалёка і назіраў тую сцэну, сказаў мне: «Сьмела вы, аднак». Можа, і сьмела, але па-дурному і бескарысна, бо нічога тым не дамогся. А галоўнае, сабе на шкоду, — пасьля паглытаў таблетак.
На паседжаньні камісіі, у якую быў залічаны, я ня езьдзіў.
Прысылалі позвы, якія прывозіў адмыс ловы кур’ер — стукаўся ноччу гадзіны ў чатыры, прымушаў расьпісацца, пасьля чаго я тую паперку выкідваў у сьметнік. Але аднойчы на чарговым зьезьдзе ў канцы дзённага паседжаньня мяне паклікалі. Камісія засядала ў шыкоўнай залі старога Крамлёўскага палацу. Я прыйшоў, спазьніўшыся, але лепш бы не ішоў зусім. Гэта быў жах, які не здараўся нават у вялікай залі паседжаньняў зьезду. Iшло нейкае абмеркаваньне, кіраваў усім старшыня камісіі, чалавек у цывільным, але, як значылася ў паперах, у чыне генэрал-палкоўніка. Астатнія таксама былі генэралы — узброеных сілаў і КДБ, цэкоўцы і рэспубліканскія лідэры. Жарсьці тут былі распаленыя, ва ўсіх чырвоныя твары. Чарговы выступоўца даводзіў, што палітыка Гарбачова — здрадніцкая, што ён не дае магчымасьці дабудаваць «авианесущие крейсера, позарез необходимые армии и флоту». Iншыя рэплікамі зь месцаў падтрымлівалі яго. Пасьля выступалі самі — усе супраць здрадніцкай палітыкі Гарбачова, які «продал Россию и гробит партию». Затым узяліся абмяркоўваць «гнюсны паклёп» журналіста Кароціча, які ў сваім часопісе «Огонёк» напісаў, быццам у Савецкай арміі мае месца «выдуманная им дедовщина». Адзін сталага веку палкоўнік ледзьве не заплакаў ад тае зьнявагі, бо наша «рабоче-крестьянская армия, победившая злейшего врага — немецкий фашизм…» і г. д. Яго дружна падтрымалі астатнія. Прагучала прапанова выклікаць на сэсію рэдактара Кароціча і «пропесочить его, чтобы десятому заказал, как клеветать на доблестную рабоче-крестьянскую…». Далей я не стрываў і выйшаў.
Болей у той камісіі я не зьявіўся. Я не хацеў мець нічога агульнага са злачыннай палітыкай відавочнага рэваншу, які задоўга да вядомага путчу насьпяваў, рыхтаваўся тымі, хто апынуўся перад рэальнай пагрозай страціць шматгадовую ўладу. Я разумеў Адамовіча, які разам зь іншымі інтэлігентамі асуджаў Гарбачова, але і ня мог не паспачуваць апошняму.
Гарбачоў апынуўся ў зьвярынцы, які незнарок ці наўмысна сам разварушыў і, мабыць, ужо ня ведаў, як зь ім справіцца.