27. Балгарыя. Камсорг
27. Балгарыя. Камсорг
Па наплыўным мосьце цераз прыгажун Дунай пераехалі ў братнюю Балгарыю, дзе мне наканавана было пражыць год. Балгары спатыкалі нас, бы родных, бы вызваліцеляў, якіх вечна любілі. Варта было сысьці з машыны, як цябе тут жа абкружалі сяляне: братушкі, братушкі, добра дошлі! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пілі за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе ня скончыцца век. (Як праз 20 гадоў я зноў прыехаў у Сафію, пачуў ад балгараў такі анекдот. Да дзеда Тодара ў вінаграднік прыбягаюць дзеці, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускія на Месяц паляцелі! Дзед выпрастаўся. Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццаці гадоў хапіла, каб ад векавой дружбы нічога не засталося. Апроч хіба маляўнічых абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.
А тады пачалося нуднае гарнізоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзіўскай шашы ў Сафіі. Як звычайна — пад’ём, зарадка, развод на заняткі, гарнізонная служба, нарады. У горад да восені нікога не пушчалі. Усе — салдаты і афіцэры, маладыя і старыя — таміліся на сьпякоце за калючым дротам вайсковага гарадку. Бальшыня афіцэраў, асабліва маладых, пасьля вайны служыць не хацелі, хацелі дадому, дзе заставаліся родныя, якіх ня бачылі ўсю вайну. Уся наша радасьць была купіць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносілі да дроту, і выпіць. Таму пілі — і афіцэры, і салдаты. Да восені нікога не дэмабілізавалі, таму ўсе разам — маладыя, 18-гадовыя, і старыя, да 50 гадоў, — вучылі вайсковыя статуты, будову матчасці і палітыку на рэгулярных палітзанятках. Сьпярша нашыя адносіны да англа-амэрыканскіх саюзьнікаў былі ляяльныя, усё ж мы памяталі, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елі тушонку, на чыіх аўтамабілях езьдзілі. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робіцца) тыя адносіны зьмяніліся, і мы пачулі ад нашых камандзіраў ды палітрукоў, што найпершыя цяпер нашыя ворагі [ — ] гэта Амэрыка з Англіяй. Таму трэба пільнасьць і пільнасьць! Не паддавацца на правакацыі і мацаваць боегатоўнасьць.
Увосень салдатаў некалькіх узростаў (да 1924 году нараджэньня ўключна) дэмабілізавалі, афіцэраў пакінулі. Я напісаў некалькі рапартаў аб дэмабілізацыі, ніводнаму зь іх не далі хады. Служы, прафэсія афіцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у блаславёнай краіне Балгарыі, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступіў, хапіла мне камсамолу, які таксама нямала дапёк. Ці не заўсёды я быў камсоргам батарэі, дзе клопату было няшмат, але цяганіны хапала. Найперш сходы, паперы, баявыя лісткі… А галоўнае — на кожны тыдзень, месяц, квартал — пляны мерапрыемстваў, дзеля блізіру, бо ніхто іх выконваць і не зьбіраўся. Але за тым сачылі нампаліты, у якіх іншых абавязкаў і не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклікаў нампаліт камандзіра палку, кажа: «Быкаў, а калі мы выберам цябе камсоргам палку? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткі хадзіць ня трэба. Ты афіцэр граматны, вучылішча скончыў, думаю, справішся…». Камсамол мне абрыдзеў, але і заняткі штодзень у сьпёку і непагадзь — таксама ня мёд, і я пагадзіўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам.
Яшчэ празь нейкі час той жа нампаліт кажа: «Камсорг палку павінны быць членам партыі, таму трэба табе ўступіць. Я дам рэкамэндацыю». Toe ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыі — гэта рабства душы, што я перастану належаць сабе, а галоўнае — тады бывай дэмабілізацыя і ўсе мае мары.
Але жыцьцё ці лёс распарадзіліся інакш. Не паводле нампаліта маёра Цквітарыя, ні паводле майго жаданьня.
Увосень нас пачалі пушчаць у горад — у вольны ад службы час, і афіцэры, бы застаялыя ў загарадках коні, рынуліся на гарадзкую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мілай нашаму сэрцу Сафію. На плошчы Народнага сходу, якраз насупраць помніка цару-вызваліцелю ўлады зрабілі Дом афіцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якім можна было найперш выпіць і закусіць. Канешне, такі выпадак грэх было ўпусьціць, і мы яго не ўпускалі. Абы былі грошы.
З грашыма часам здаралася напруга. Заробак узводнага быў невялікі, да таго ж шмат у каго былі адасланыя грашовыя атэстаты родным і блізкім. Я таксама паслаў атэстат сваім на 600 рублёў, прыкладна столькі ж атрымліваў на рукі. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпілі ў рэстаране (кампанія чалавек шэсьць), але не хапіла. I віна, і грошай. Тады Лёшка Рыжкоў і кажа: «Быкаў, ты ж, здаецца, зьбіраў камсамольскія ўзносы, дзе яны?». У сэйфе, кажу. «Дык што ж яны ляжаць у сэйфе, марнуюцца. Грошы павінны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем». Эх, Лёшка, які ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзін я. Паехаў, забраў з сэйфа што там было, і слаўна мы дагулялі той дзень у рэстаране насупраць царавызваліцеля.
Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася — з банку грошай не далі. Toe было горш, але я маўчаў. Трошкі зьдзівіўся, праўда, калі пасьля заняткаў мяне паклікаў — і не абы-хто, а сам начальнік палітаддзелу брыгады, які наўрад ці калі мяне і бачыў. (Зрэшты, як і я яго.) Размова пачалася ветліва: ну як працуецца, якія пляны? А пасьля, нібы між іншым — узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што — здаў іх у фінаддзел? Не, яшчэ не, сказаў я, і ўсярэдзіне ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? — пытаецца палкоўнік. У сэйфе, кажу. А ну — прынясіце…
Я ўстаў і сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, і я прапаў. Ну не зусім, але халяўская мая паліткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два дні вярнуўся на батарэю, і мой камбат Ахрын пакпіў: «Ну што, ня выйшаў зь цябе палітрук! Я ж гаварыў». А нампаліт маёр Цквітарыя сказаў, што пасьля такога ўчынку мне ня месца ня толькі ў партыі, але і ў камсамоле. На днях зьбярэм сход і выключым. Я са злосьці напіўся і, вярнуўшыся з рэстарану, кінуў у грубку свой камсамольскі білет. (З таго часу і на ўсё жыцьцё — беспартыйны.) Назаўтра напісаў новы рапарт аб дэмабілізацыі.
Колькі тыдняў пасьля хадзіў, бы ашаломлены, і ламаў сабе галаву: хто? Хто данёс? Toe мог зрабіць толькі нехта з шасьці, што былі ў застольлі. Нават зь пяці. Але ж усе былі браты па зброі, аднагодкі, сябры. Каго было падазраваць у самым, можа быць, гнюсным? Сярод шасьцёх два былі членамі партыі — ці не яны? Ці, можа, хто з камсамольцаў? Або зусім беспартыйны Лёшка, які ўсё і справакаваў?
Таго, аднак, я не дазнаўся ніколі. Як і ў шмат якіх іншых выпадках.