99. Юбілей. Тураў
99. Юбілей. Тураў
Прэмія — хай сабе, так ці інакш яна апраўдана канкрэтным учынкам, плёнам аўтарскіх высілкаў. Трохі іначай выглядаюць іншыя ганараваньні, узаконеныя за дзесяцігодзьдзі савецкай улады — усе і ўсялякія ўзнагароды, колькасьць якіх пад канец царства Леаніда Iльліча пераваліла за сотню. На кожным прадпрыемстве, ва ўстанове, нават у калгace цяжка было знайсьці працаўніка, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам, тым болей мэдалём. Iншыя іх мелі тузіны — ад міністраў да даярак. З таго ліку не былі выключэньнем і пісьменьнікі. У шаноўнага Максіма Танка толькі ордэнаў Леніна было болей, чым у маршала Конева, і трохі меней, чым у маршала Жукава. Хоць Яўген Iванавіч, як пісаў Карпюк, за вайну ні разу ня стрэліў.
У мой 60-гадовы юбілей прыйшла вестка пра прысваеньне мне званьня Героя сацыялістычнай працы.
Па-праўдзе кажучы, таго я ніяк не чакаў, узнагароджаньне мяне напачатку зьдзівіла, а пасьля засмуціла. Iнстынктыўна я адчуў, што карысьці з таго будзе няшмат, а клопату хопіць, і як бы ня стала бяды. Увогуле недалёка ад таго ўсё і атрымалася.
Сябры, аднак, былі іншага меркаваньня: адны шчыра радаваліся, ішыя былі задаволеныя (усё ж лепш, чым каму іншаму), некаторыя і пазайздросьцілі — не без таго. Усё, як у людзей. Тою ўзнагародаю я быў прыроўнены да маіх калегаў Iвана Шамякіна, Максіма Танка, Петруся Броўкі. Да доўгага шэрагу пранырлівых старшыняў калгасаў, прабіўных дырэктараў прадпрыемстваў-скрынак, перадавых мэханізатараў і даярак. Было б, аднак, разумней, калі б тую ўзнагароду атрымаў той, хто яе дужа дамагаўся, або той, хто быў болей варты, чым я, болей плённы ў літаратуры. Мне думалася, што тое ганараваньне не па заслугах. Праўда, сябры і жонка казалі, што тое — за талент. Але я не адчуваў за сабой такога таленту — талент у мяне калі і быў, дык інакшы, далёка не апалягетычны ў адносінах да рэжыму. I рэжым ведаў пра гэта.
Але, мабыць, рэч у тым, што мяняўся час, — нязграбна, непаваротліва, ды саступаў месца новаму — новым людзям і новай палітыцы. Першым сакратаром ЦК КПБ стаў Сьлюнькоў. У Маскве ўсё большую сілу набіраў малады, пэрспектыўны Гарбачоў, які фактычна і браўся кіраваць дзяржавай. Як я дазнаўся пасьля, у час нейкага мерапрыемства Сьлюнькоў папытаўся ў Гарбачова наконт яго думкі, калі б даць Быкаву героя, і той пагадзіўся. Усё вырашалася апэратыўна, але, як заўжды, да пары, да часу таемна.
Толькі падпісаўшы ўказ, Грамыкапрыслаў віншаваньне маладзёну-герою.
Недзе пад той час у мяне адбылася гутарка са Сьлюньковым.
Здаецца, першы сакратар ЦК КПБ меў час і быў у добрым гуморы. Папытаўся пра літаратуру і літаратараў, як яны сябе пачуваюць у зьменлівых, складаных умовах сучаснасьці. Я коратка адказваў. Увогуле я іх паважаў, яны заслугоўвалі таго. Ці шмат знойдзецца ў сьвеце літаратараў, якія працуюць у варунках моўнага вакууму, калі побач не чутно ні слова па-беларуску, родная мова захавалася толькі як рудымэнт і рызыкуе хутка стаць рарытэтам — як санскрыт ці лаціна. А беларускія літаратары пішуць — раманы і паэмы, лірыку і эпіку — усё на роднай беларускай мове. Хаця выдаваць з кожным годам трудней. Гаспадар рэспублікі ўвогуле не пярэчыў. Перад ім на стале ляжаў ладны стос нейкіх кніжак, якія пад канец гаворкі ён ціха пасунуў да мяне. «Во — Ніл Гілевіч, за два гады дзесяць кніжак!» — «Што ж, чалавек піша, ну і друкуюць, тое ж ня крадзенае». — «Але ж іншых столькі не друкуюць?…» Тут ужо я ня ведаў, што адказаць, — стаяць за ўраўнілаўку ці што? Але пасьля з гутаркі стала зразумела, што пад Саюз пісьменьнікаў даўно і настойліва капае загадчык аддзелу прапаганды ЦК Савелій Паўлаў. Пройдзе яшчэ нейкі час, і Ніл Гілевіч арганізуе яго прыём у Саюз. Хіба, каб улагодзіць варажнечу гэтага чалавека да сябе і нацыянальнай літаратуры?
Як вядома, юбілей горш за хаўтуры — столькі надае клопату і адбірае жыцьцёвай сілы. Але мае і несумненную радасьць — радасьць дображаданых сустрэчаў зь сябрамі, якія знаходзяць пэўную нагоду прыехаць, пабачыцца, а можа, і пабаляваць — кожны ў меру ўласных схільнасьцяў. Вядома ж, ня так, як я нейкі час таму, запрасіўшы ў Менск добрых людзей, сам зваліўся напярэдадні банкету, і сябрам замест балю давялося мяне ратаваць. А я так марыў тады пабыць разам з мілым Юрам Каракіным, Iгарам Дзядковым, які прымчаў у Менск з сваёй Кастрамы. Зь Юрам дык мы хоць напярэдадні ўзялі каньяку ў «Мінску», а любага мной Iгара Аляксандравіча я пачуў хіба праз паўсьвядомае трызьненьне, як ляжаў на лаве, чакаючы «хуткую». Тады мяне ратаваў Сульянаў разам з Законьнікавым, — рабілі сардэчны масаж. Прыбегла з дому пакліканая Iрына і роспачна — з парогу: «Што з табой, Васілька?» А Iгар недзе блізка сьцішана мовіў: «Таму што кахае…». Гэта ў адказ на нейчую, можа, сумніўную рэпліку. Той яго ціхі голас дасюль прадаўжае гучаць у маёй удзячнае памяці.
Цяпер, на маю радасьць, прыехалі мае даўнія сябры: масквічы Лазар Лазараў зь Наяй, стары няўрымсьлівы Залыгін, зь якім мы нядаўна перажылі адну бяду, асяцін Нафі Джусойты, мой аднадумца і аднагодак. Зь Ленінграду прыляцеў Данііл Гранін, зь Вільні — літоўскі златавуст Пяткявічус, які на ўрачыстасьці павесяліў усіх трапным выслоўем: «Каўбаса павінна быць даўгая, а прамова кароткая». Можа, раней за ўсіх зьявіўся з Малдовы жартоўны Васіль Васілаке. Ну а мае беларускія сябры даўно былі напагатове — Алесь Адамовіч адразу ўзяўся апекавацца гасьцямі, поруч заўжды былі Бураўкін, Казько, Матукоўскі. Недзе, праўда, прапаў Рыгорка Барадулін, але той паявіўся пазьней. Аляксей Карпюк на вечары ў Купалаўскім тэатры, нібы ў дакор сябрам, якія расчынялі перад сабой прывітальныя адрасы ў папках, цырымонна ўзнагародзіў юбіляра вялізнымі фанэрнымі крыламі — для высокага літаратурнага палёту. Я быў крануты адмысловым жартам майго даўняга пакутнага сябра.
Самае, аднак, вясёлае чакала ўсіх на другі дзень і было зьвязанае з арцельным выездам у легендарную і экзатычную краіну — Палесьсе, што рыхтавалася клопатам майго малодшага сябра і выдатнага пісьменьніка Віктара Казько.
Выехалі ранічкай на двух аўтобусах — госьці і менчукі, некаторыя з жонкамі. На мяжы Жыткавіцкага раёну, дзе я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, нас спаткалі прадстаўнікі працоўных ды кіраўніцтва колькасьцю каля паўста чалавек. Паехалі ў раённы цэнтар, пасьля якога скіравалі ў старажытны Тураў. Адразу пачалі караскацца на гістарычны пагорак зь дзьвюма аблезлымі козамі, якія там пасьвіліся. На вуліцах жа паселішча ішло звычайнае жыцьцё — гуляла цыганскае вясельле з чарначубым жаніхом у ботах і агнявокай нявестай-цыганкай. Усіх прывабіла Прыпяць, на якой нас чакала рачное судна, і мы паплылі кудысь уверх па цячэньні. Але тубылец Казько ведаў, куды. Там над пясчаным абрывам ужо прывабна курэла цяпельца, у вядзерцы варыліся ракі — дужа прыйшліся яны да смаку са сьцюдзёным, вынятым з вады півам. Пайшоў амаль першабытны баль гасьцей і мясцовых, а затым пачалося купаньне. Жонка колішняга марака Лазарава — Ная — пад воплескі прысутных храбра пераплыла Прыпяць — туды і назад. Было радасна, і рабілася трошкі сумна. Гэта ці не ад прадчуваньня непазьбежнага, што сталася з цудоўнай палескай ракой, неўзабаве пасыпанай чарнобыльскім попелам.
Надвячоркам Віця Казько не ўпусьціў выпадку звазіць усіх на сваю недалёкую Вільчу зь яе дубамі на ўзрэччы, якімі ён шмат гадоў апекаваўся. Дубы сапраўды былі векавыя, а галоўнае — шмат іх раскашавала на поплаве між ракой і вёскай.
Здаецца, то былі апошнія шчасьлівыя часіны майго не старога яшчэ жыцьця. Хутка ўсё тое незваротна адышло ў нябыт.