34. Палкоўнік і сьмерш
34. Палкоўнік і сьмерш
Палком камандаваў стары служака, герой мінулай вайны, чалавек увогуле разважлівы, але малапісьменны. Нават і ў вайсковай справе малапісьменны, чым нярэдка карысталіся яго маладзейшыя падначаленыя. На ягоны загад штосьці зрабіць звычайна спакойна адказвалі: «Але ж тое не па статуце». Палкоўнік хвіліну раздумваў і пагаджаўся: ну калі не па статуце, хай будзе так. Насамрэч ніякага статуту тут не было і блізка, падначаленыя ашуквалі. Аднойчы здарыўся выпадак, які засьведчыў, хто галоўны ў палку. Неяк прапаў мой салдат, не было яго на сьняданку, не прыйшоў на абед. I ніхто ня бачыў, дзе ён. Toe ўжо было ЧП, і я пайшоў дакладваць. Якраз у кабінэце камандзіра палку было некалькі афіцэраў, я далажыў, і кампалку кажа: «Пачакаем да вечара». I тут ускочыў палкавы асабіст ды як пачаў крычаць на камандзіра палку, старога афіцэра: «Што значыць — пачакаем? Зараз жа арганізуйце пошукі, пасылайце на перахват. Ён ужо, можа, па дарозе ў Японію, здрадзіць радзіме, тады ў нас з вамі паляцяць галовы з плячэй». Палкоўнік моўчкі выслухаў капітана і паціснуў плячыма, што значыла: рабіце, як гэты сказаў. А салдат пасьля абеду знайшоўся — проста ён заснуў у траве за артпаркам. Быў змораны. Трэба, аднак, зазначыць, што страх асабіста быў ня марны, у нас ужо здараліся выпадкі пераходу некаторых вайскоўцаў у Японію. Зімой туды цераз забіты таросамі праліў перабег памежнік. Але на востраве была ня толькі памежная служба ў выглядзе наземных заставаў, але і марская, што ажыццяўлялася пагранкатэрамі, асабліва ўлетку. Катэры прыходзілі часам да нашага пірсу. I вось аднойчы салдаты ўбачылі, як з такога катэру згружаюць нейкі мех, бы з качанамі капусты, і адтуль чуецца знаёмы голас: «Прывет, землякі, мяне ўжо прывезьлі». Таго ўцекача ўжо прывезьлі ў завязаным мяшку.
Сваю чэкісцкую ролю ў палку капітан-сьмершавец затым даказваў няраз. I яго баяліся болей за ўсіх. Камандзір палку мог аблаяць, пасадзіць на гаўптвахту, ня даць чарговага званьня. Гэты ж быў здольны спляжыць усё жыцьцё. I пляжыў, не зважаючы на рэпутацыі і званьні.
Аднойчы (тое было яшчэ на самым пачатку майго жыцьця на востраве) я раненька выправіўся на пірс спаткаць катэр з Паўднёвага Курыльску, які павінен быў прывезьці з рамонту стэрэатрубу. Але не прывёз, і я пайшоў з пірсу на бераг. I тут спатыкаю таго капітана, за якім ідзе другі капітан, начальнік штабу батальёну, — чамусь у шынялі і без пагонаў, з маленькім чамаданчыкам у руках. За ім салдат-аўтаматчык з нарыхтаваным ППШ. Яны хуценька зьбеглі па сходнях і схаваліся на катэры. Тое было дзіўнавата, бо начальніка штабу я толькі ўчора бачыў на палкавой нарадзе. Што ж здарылася за ноч? Праз колькі дзён таксама на нарадзе кампалку аб’явіў, што капітан Авяр’янаў арыштаваны за антысавецкія размовы. А пасьля сталі вядомы і самі размовы. Аказваецца, капітан аднойчы праспаў развод на заняткі (не пазваніў будзільнік), і ён, мацюгнуўшыся, памянуў злым словам «стахановское производство». Праз фанэрную сьцяну тое ўчуў начальнік артылерыі батальёну, які тады быў дома, і, канешне ж, стукнуў. Капітан атрымаў 5 год лягероў.
Сьмерш там лютаваў, як нідзе. Адмысловых упаўнаважаных тае службы ў палку было цэлае падразьдзяленьне, і яны шчыравалі як мае быць. Iх «хітры дамок» мясьціўся якраз паміж казармай і салдацкай прыбіральняй — для зручнасьці карыстаньня і эканоміі часу. Занавешаныя акенцы там сьвяціліся да позняе ночы. Нават і пасьля адбою.
Напачатку я быў прызначаны камандзірам узводу кіраваньня, абсталёўваў назіральны пункт, вёў дзяжурства і назіраньне за пэўным участкам акіяну. Там жа знаходзіўся і камандзір батарэі, малады, але заслужаны маёр з пяцьцю ордэнамі за вайну. Увогуле ён быў неблагі афіцэр, не нашмат старэйшы за мяне. Сталася, аднак, што яго пакінула жонка — зьехала на мацярык, і маёр застаўся бы саламяны ўдавец. Канешне, выпіваў, часам занадта. А ў астатнім быў дысцыплінаваны і паслухмяны перад начальствам. I вось аднойчы, як я дзяжурыў па палку, раніцай у двары штабу паявіўся сьмершавец, падсеў да мяне ў курылцы. Дагэтуль безь людзей я зь ім ніколі не спатыкаўся. I тут ён пытаецца: якія ў мяне адносіны з маім камбатам? Кажу, нармальныя. А той, памаўчаўшы, кажа: «А вы ведаеце, што ён быў у палоне і служыў у паліцыі?». Toe мяне зьдзівіла — я ведаў, што маёр усю вайну праваяваў на фронце, у супрацьтанкавай артылерыі і, трэба ж так пашчасьціць, нават ня быў паранены. Зноў жа, калі праўда тое, што кажа сьмершавец, дык чаму яго не арыштоўваюць, чаму ён — дагэтуль маёр і яшчэ камандуе батарэяй? Так я падумаў, але гэтаму нічога не сказаў — хіба можна было ўсумніцца ў ягонай праўдзе? Яны ж ведалі пра кожнага ўсё, скрозь зямлю бачылі наша мінулае. I нават нашую будучыню.
Якраз ва ўсіх часьцях акругі (а можа, і ўсяе Савецкай арміі) ішла праверка афіцэрскіх кадраў. Часам на палкавых нарадах чыталі загады камандаваньня пра выкрытых зламысьнікаў. Запомніўся адзін, як сяржант, ардынарац камандзіра палку, стаў палкоўнікам. Сталася так, што кампалку забіла, а паранены ардынарац узяў ягоныя дакумэнты і выдаў сябе за свайго начальніка. Са шпіталю ён атрымаў прызначэньне на полк і камандаваў ім да самай перамогі. I камандаваў, мабыць, няблага, бо на той пасадзе атрымаў аж тры ордэны, ды і полк быў узнагароджаны. На судзе ў яго запыталі: «Як жа ты, ня маючы вайсковай адукацыі, таго дамогся?» Палкоўнік-сяржант адказаў:
«Вельмі проста: былі камбаты-героі, якіх я выклічу і так накручу ім хвасты, што бягуць у атаку, бы ўгарэлыя».
Афіцэры на нарадзе аднесьліся да таго па-рознаму. Старэйшыя абураліся: нахабнік! Як можна?! Маладзейшыя ж яхіднічалі: галоўнае мець хвастатых герояў.
Відаць, аднак, настала і мая чарга на праверку. Пасьля заняткаў выклікае ПНШ па ўліку і моўчкі дae прачытаць сакрэтную паперу. У ёй напісана прыкладна наступнае. Паводле ўліку асабовага складу такой-та арміі, лейтэнант Быкаў В. У. значыцца забітым 7.01.44 году і пахаваным у братняй магіле каля вёскі Вялікая Севярынка Кіраваградзкай вобласці. Параграф другі: запатрабаваць ад лейтэнанта Быкава В. У. тлумачэньня дадзенага выпадку. Матэрыял дазнаньня даслаць да 17 верасьня гэтага году. ПНШ сьмяецца: «Ну пішы, як ты вылез з братняй магілы». Што ж, жарты жартамі, а давялося пісаць. I не аднойчы. Пасьля яшчэ патрабавалі сьведак, дакумэнты са шпіталю. Адзін раз выклікаў сьмершавец, пісаў і таму тлумачэньне. Але гэтага цікавіла галоўным чынам, ці быў кантакт з ворагам пасьля майго раненьня. Пра тое, як я ноч праляжаў з трупам нямецкага афіцэра, я, канешне, яму не распавёў.
Цікава адзначыць адносіны паліторганаў да таго выпадку. Калі перад тым парторг палку неяк разы два заводзіў са мной размову наконт маёй непажаданай беспартыйнасьці, дык пасьля — бы адрэзала. Ніхто ні слова. I я быў увогуле рады, бо беспартыйнасьць адкрывала для мяне пэўныя пэрспэктывы, партыйнасьць жа — заводзіла ў поўны тупік. Я ўсё ж марыў вырвацца на волю…