86. Яўген Глебаў
86. Яўген Глебаў
Я чалавек не музыкальны і мала каго ведаў з музыкаў. Ну, можа, Алоўнікава, зь якім нас зьвязвала вайна і агульныя ўспаміны пра баі ў Венгрыі, ці Лучанка, якога ведалі ўсе. Але вось Матукоўскі пазнаёміў мяне з Яўгенам Глебавым, які напісаў музыку балету паводле «Альпійскай балады», што, казалі, з посьпехам ішоў у оперным тэатры.
Балет мне ўвогуле спадабаўся, як можа спадабацца іншае мастацтва паводле празаічнай крыніцы. Добра танцавалі, гарманічны дуэт. Пасьля спэктаклю пазнаёміўся з аўтарам музыкі. Глебаў аказаўся чалавекам камунікабельным, востраязыкім ды іранічным. Гутарыць зь ім было адно задавальненьне. Асабліва калі ён зьедліва-іранічна кранаў палітыку ці беларускае начальства, ад якога нядаўна яшчэ нямала трываў. Яго выключалі з Саюзу кампазытараў, адбіралі працу. Сямейныя праблемы таксама не абышлі яго стараной. Але затым палітыка ў адносінах да інтэлігенцыі трохі паслабела, некаторых пачалі цягнуць у партыю. Глебаў нават стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.
У партыю ён не хацеў, доўга і вяла супраціўляўся, але ведама, што вялы супраціў — не супраціў. I яго змусілі напісаць заяву. Пасьля — прыём. Пасьля разгляд на парткамісіі райкаму, гаркаму… Звычайна да такой важнай працэдуры будучыя камуністы грунтоўна рыхтаваліся, вучылі гісторыю партыі. Глебаў не рыхтаваўся, таму на ўсе пытаньні, зададзеныя яму на парткамісіі, адказваў — ня ведаю ці проста паціскаў плячыма. Тады самы ўедлівы, ён жа і самы заслужаны член папытаўся: «Ну а ў якім годзе адбылася Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя, вы ведаеце?». Глебаў, гледзячы яму ў вочы, адказаў: «Не, ня ведаю». Ягоны адказ выклікаў абурэньне ў залі. Глебаў падумаў: ну, можа, цяпер адліпнуць? Аж не адліплі — прынялі. Тады Глебаў абурыўся — у яго былі іншыя пляны і надзеі.
Мы зь ім у тую пару часта сустракаліся — у ягоным «даляры» ці ў мяне на Танкавай. Ягоная жонка Ларыса Васільеўна, ня ў прыклад шмат якім пісьменьніцкім жонкам, ва ўсім была на баку мужа і ўсяляк падтрымлівала яго. Жэня бачыў у тым сваё вялікае шчасьце. Так яно і было. Тварыў ён выдатную музыку, можа, і не заўжды беларускую па гучаньні, часам касмапалітычную, любіў скандынаваў, Грыга. Напісаў музыку балету «Маленькі прынц», які быў пастаўлены ў Хельсінкі, і Глебаў езьдзіў туды на прэм’еру. Падчас майго побыту у Фінляндыія спатыкаў некаторых фінаў, што памяталі ягоны спэктакль і празь яго дазналіся тады пра незнаёмую для іх краіну — Беларусь.