93. Першае дэпутацтва
93. Першае дэпутацтва
У Нясьвіжскім палацы, дзе апошнім часам быў дом адпачынку, памёр Аркадзь Куляшоў.
Нібы прадчуваючы свой блізкі канец, ён шмат пісаў, выдаў некалькі вельмі неблагіх паэмаў — як нярэдка здараецца ў пісьменьнікаў — напрыканцы стараўся дабраць раней упушчанае. I, мабыць, перабраў меру, сэрца ня вытрымала. Пайшоў наўздагон за сваім сябрам Аляксандрам Твардоўскім.
Паколькі ягоная выбарчая акруга засталася непрадстаўленай у Вярхоўным Савеце, наверсе вызначылі, што яе павінны прадставіць Быкаў. Трэба было зьбірацца на спатканьне з выбарцамі.
Дэпутацтва ўвогуле не было для мяне навіной, гады два я ўжо быў дэпутатам абласнога савету па Турэцкай акрузе. Памятаю, тады спаткаў мяне тамашні старшыня калгасу, які першым чынам пасадзіў кандыдата ў «Ніву» і павёз у поле. Поле было цудоўнае, пасевы стаялі сьцяной. Прыпыніўшы машыну, старшыня пытаўся: «Ты калі піў у жыце?». Я сказаў, што не. «Тады вып’ем». Ён дастаў з багажніку бутлю шампанскага і спрактыкавана стралянуў коркам у жытні палетак. Мы выпілі па пары шклянак і паехалі далей. Далей быў пасеяны авёс, і старшыня спыніў машыну. «А ты піў калі ў аўсе?» — «Не, ня піў». — «Дык вып’ем». I ён бахаў коркам далёка ў авёс. Пасьля па чарзе — у кукурузу, ячмень і буракі. Апошні стрэл з апошняй бутэлькі даручалася зрабіць мне — у бурныя хвалі бацькіНёмана, адкуль пара была ехаць на перадвыбарчы сход у Турэц.
Але тое было ўлетку, зімой у поле ня выедзеш.
З Талачына прыслалі райкамаўскую «Волгу», у якой я і паехаў у паселішча, дзе ніколі ня быў. Раённае начальства прыняло вельмі цёпла, пабедавала па нябожчыку Куляшову і павяло ў сьцюдзёны клюб, дзе сабраліся выбарцы. Першым чынам распавялі маю біяграфію, абвясьцілі, што пісьменьнік Васіль Быкаў будзе ня горшы дэпутат, чым памерлы Аркадзь Куляшоў. Далей належала даць наказы будучаму дэпутату. Доўга ніхто не хацеў браць слова, мабыць, рупілі іншыя справы. Нарэшце адзін спрацаваны мэханізатар выйшаў наперад і сказаў, прыкладам, так: «Якія ў нас да таварыша пісьменьніка наказы? Каб гэта быў міністар будоўлі, дык мы б папрасілі яго наконт недабудаваных майстэрняў. Калі б міністар шасэйных дарог, дык напомнілі б, што мост цераз рэчку хутка праваліцца, міністар адукацыі — школа ўся прагніла, цераз сьцены сьнег сыплецца. А то пісьменьнік… Хай жыве, піша, меней хварэе…».
Кароценькі той выступ даў мне зразумець маю дэпутацкую ролю і мой пісьменьніцкі кошт.
Уночы праводзіць з Талачыну выправіліся аж тры машыны. У прыдарожным беразьнячку спыніліся, увішныя шафёры хуценька распалілі цяпельца з сухіх дроўцаў, прыпасеных у багажніках. Гэпнулі на сьнег пару скрынак з бутэлькамі. I пайшла бяседа, і зазьвінелі чаркі, загучалі пранікнёныя тосты ў гонар партыі і яе ленінскага ЦК на чале з Леанідам Iльлічом. А пасьля і расказалі анэкдоты пра баб. А пасьля і прапяялі «Ручнікі»… Позна ўначы вярнуўся я на сваю Танкавую ў Менску. Наконт вынікаў выбараў не было ніякога сумневу.
Гэта было маё самае лепшае, хоць і нядоўгае дэпутацтва з найменшымі клопатамі. Тым болей, што другі раз завітаць у Талачын не давялося, скончыўся тэрмін скліканьня, пачынаўся новы з чарговымі выбарамі.
На гэты раз быў прызначаны ў родныя мясьціны — у Вушачу. Тут давялося паезьдзіць, і пасустракацца, і папіць гарэлкі зь ня меней гасьціннымі гаспадарамі раёну, землякамі і прысланымі невядома адкуль. Клопату было ў кожным калгасе, у кожным паселішчы і найперш у райцэнтры. Дарогі, школы, майстэрні, кароўнікі і сьвінарнікі, угнаеньні і будматэрыялы. Усяго не хапала, усё трэба было прабіць, дастаць, выбіць. З тае мэтай кожны дэпутат меў адмысловы блакнот з дэпутацкім грыфам, на якім і пісаў звароты ў міністэрствы і ведамствы, суды і пракуратуру. Мабыць, карысьці з тае пісаніны было няшмат, разумныя дэпутаты вырашалі справы спосабам асабістых кантактаў, у час сэсіяў. Але да міністраў і папулярных дзеячаў і на сэсіях было не прабіцца, да таго ж на перапынках яны атабарваліся ў асобных памяшканьнях, куды было не дапяцца. Хадзіць жа па іх кабінэтах было не ў маім характары. Таму за час дэпутацтва ў родных мясьцінах мне пашэнціла ня шмат што зрабіць. Галоўную вуліцу ў Вушачы не заасфальтаваў, школу на радзіме Петруся Броўкі не адбудаваў. Зь вялікай напругай ледзьве дамогся пакласьці тры кілямэтры асфальту ад Кубліч да Бычкоў, па якой і дасюль бычкаўцы гойсаюць на веласіпедах зімой і ўлетку. Трохі не хапіла асфальту да бацькавай хаты, і апошнія мэтры да яе засталіся ў гразі. Ну, але што дзе ў нас канчалі ладам?
Затое пашчасьціла пару разоў добра пабаляваць на роднай прыродзе — аднойчы на лесавым беражку ля матчынага возера Супонец, да якога ў гады дзяцінства не было доступу. (Мяжа!) I другі раз добра пасядзелі веснавым адвячоркам над ушацкім прыгажуном Вечальлем, якое годна апяяў Рыгор Барадулін.
Маё трэцяе дэпутацтва ў Тураве запомнілася цяжкой паромнай пераправай цераз Прыпяць (новы мост тады толькі пачынаў будавацца), крыклівымі сходамі выбарцаў і даўгім (пяцігадовым) клопатам вакол будаўніцтва больніцы. Toe будаўніцтва распачынаў галоўны доктар Волкаў, які надарваўся ад тае ініцыятывы і памёр. Дасталося таксама і дэпутату. Але на той час, мабыць, зрабіць што здатнае іначай не было магчымасьці, усё рабілася на мяжы абсурду. У рэшце рэшт больніца была збудаваная, і я цешыў сябе думкай, што ёсьць у ёй цаглінка і майго клопату. Хай добра лечацца няшчасныя тураўцы, багата пасыпаныя радыенуклідамі ад Чарнобылю.