58. Ідэалягічныя дывэрсанты

58. Ідэалягічныя дывэрсанты

Пасьля малавясёлай гісторыі з публікацыяй «Праклятай вышыні» намеры мае наконт ваенна-франтавой тэмы пачалі марнець. Хоць я і бачыў там яшчэ нямала магчымасьцяў і ў галаве мроілі пэўныя пляны, але, прыкінуўшы, як тое будзе сустрэта начальствам і крытыкай, рашыў устрымацца. Тым болей, што і ў партызанскім мінулым бачылася мне ня менш цікавага, можа, найперш сваёй маральнай праблематыкай. Трэба зазначыць, што як за тую, так і за іншую тэму я браўся пасьля ўсіх. Як ужо іншыя напісалі шмат і пра фронт, і пра партызанаў. Каб не замінаць іншым, я стараўся сьціпла ісьці сьледам і падбіраў пакінутае.

Падобна, у краіне махнулі кіраўнічай рукой на эканоміку, прамысловасьць, на далейшы ўздым сельскай гаспадаркі і ўзяліся за любімы канёк — уздымаць ідэалёгію. З поваду ідэалёгіі праводзіліся пленумы ўсіх узроўняў, творчых саюзаў; рэдакцыі і выдавецтвы ўмацоўвалі выпускнікамі ВПШ ды АГН. Неверагодных памераў дасяглі Галоўі аблліты, сьпісы забароненых тэмаў і зьвестак набылі таўшчыню тэлефонных даведнікаў. У рэдакцыях і выдавецтвах галоўным чалавекам стаў цэнзар, які прыдзірліва мацаў кожны радок і пры парушэньні дакладваў наверх, каб апэратыўна зрабіць аргвывады. Прапагандовым апаратам было вынайдзена ёмістае і ўнівэрсальнае азначэньне: ідэалягічныя дывэрсіі. Для іх выяўленьня пры кожным парткаме працавалі ідэалягічныя камісіі, якія таксама выносілі свае вэрдыкты. Для пачатку ва ўсіх інстанцыях правялі кампанію па выяўленьні абстракцыяністаў і барацьбе зь імі.

Аднойчы мяне паклікалі ў абкам, дзе першы сакратар Уладзімір Міцкевіч, чалавек двухмэтровага росту і з квадратнымі пашчэнкамі, папытаўся, ці ведаю я, што такое абстракцыянізм. У меру маіх ведаў і разуменьня я спрабаваў растлумачыць, што гэта такое, і сказаў, што ў літаратуры абстракцыянізму няма. «А Еўтушэнка?» — было зададзена пытаньне. — «Ну які ж Еўтушэнка абстракцыяніст, ён самы што ні ёсьць сацыяльны рэаліст», — сказаў я. — «А ваш Карпюк?» Тое мяне ўжо зусім зьдзівіла: «Карпюк — абстракцыяніст?» Але, як хутка выявілася, абкамаўскі бос клікаў мяне зусім не затым, каб слухаць мае тлумачэньні.

Калі неўзабаве быў скліканы абласны сход гаспартактыву, Міцкевіч ужо граміў на ім маскоўскіх абстракцыяністаў Еўтушэнку і Вазьнясенскага, да якіх далучыў і нашага Карпюка. Сход патрабаваў ад члена КПСС Карпюка прызнацца, і той выказаўся ў тым сэнсе, што нават добра ня ведае, што гэта такое. Тады Міцкевіч заявіў у заключнай прамове, што таварыш Карпюк, як усе тут пераканаліся, замаскаваны абстракцыяніст, хаця і не прызнаецца.

Трэба зазначыць, што ў першага сакратара абкаму было нямала прэтэнзіяў да Карпюка зь іншага поваду. Даўні змагар за праўду і справядлівасьць, Аляксей з усякага поваду хадзіў у абкам і гадзінамі сварыўся з усімі сакратарамі, у тым ліку і зь першым. Яго абуралі адносіны кіраўніцтва да стану культурных устаноў у вобласьці, да забесьпячэньня гараджанаў прадуктамі, нават тое, што адрослыя ў скверы дрэвы засланяюць бюст Элізы Ажэшкі. Цяпер, здаецца, надарыўся момант, каб публічна зганіць пісьменьніка. Але Карпюк рашыў не паддацца, паехаў у Менск да Машэрава. Калі з прыёмам у Машэрава не атрымалася, кінуўся ў Саюз пісьменьнікаў да Танка. Але Танк толькі разьвёў рукамі — маўляў, што ты будзеш рабіць з дурнямі. Мабыць, Яўген Iванавіч меў рацыю, ён даўно ня ўмешваўся ў ніякія канфлікты з уладамі. У лепшым выпадку мог адаслаць да свайго вечнага намесьніка Шамякіна. Але каб Шамякін за каго-небудзь заступіўся перад партыйнымі органамі, такога не здаралася. Ён сам іх баяўся; казалі, што, калі ў СП званіла кіраўнічая дама Сінельнікава, з трубкай у руцэ прымаў стойку «сьмірна».

Пасьля зьезду на месца Сінельнікавай у ЦК прыйшоў Савіцкі, і першай яго камандзіроўкай на перыферыю стала паездка ў Горадню.

Карпюк паклікаў мяне ў Дом Ажэшкі, дзе ён звычайна сядзеў над друкаркай, і кажа: «Слухай, прылятае Савіцкі, дык ты сустрэнеш яго ў аэрапорце, а тут буду прымаць я. Як і належыць па пратаколе».

Я так і зрабіў. Спаткаў важнага госьця ля трапу самалёта, на абкамаўскай «волзе» прывёз да Карпюка. Карпюк падняўся з-за стала. Савіцкі, які некалі разам з Карпюком вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах, па-таварыску працяг руку — здароў, Аляксей. Аляксей, аднак, схаваў свае рукі за сьпіну і мовіў: «Во што, Алесь. Ты стукач, і я табе рукі не падам. Але калі ты прыехаў ад ЦК, дык сядай, будзем гаварыць аб справе».

Савіцкі, мабыць, меў добрыя нэрвы, не міргнуўшы вокам, сеў за стол. Пачалася казённая размова — выкананьне плянаў, адносіны і ўзаемаадносіны. Карпюк хутка згубіў увагу да госьця і сказаў, што ў яго сёньня шмат працы, ён канчае аповесьць. Яны холадна разьвіталіся. Той халодны прыём праз кароткі час даволі горача адгукнуўся ў Карпюковым лёсе.