94. Дэпутацтвы
94. Дэпутацтвы
Цікава, што ў той час, як я стаў дэпутатам, адразу адшукаліся мае даўнія прыяцелі, землякі ды родзічы. Пайшлі пісьмы і тэлефонныя званкі, у якіх мне прызнаваліся ў даўняй прыязнасьці, вялікай павазе і… прасілі. Хто — што. Ад кватэры і аўтамабіля да лепшай пасады і падвышэньня заробку. I былі дужа расчараваныя, калі я каму адмаўляў. Калі я спасылаўся на немагчымасьць уладкаваць сына ці дачку ў інстытут ці памагчы пераехаць з Ушачы ў Менск, мне гаварылі: ну, ты ж такі вядомы… Адзін далёкі родзіч прыехаў на кватэру з бутэлькай і, як яна была выпіта, папрасіў пазычыць… адзін мільён рублёў. Быў дужа зьдзіўлены, калі я сказаў, што такіх грошай у вочы ня бачыў.
«Які ж тады ты пісьменьнік?» — папракнуў ён. Сапраўды, жахлівая справа — страта невядомасьці, як пісаў разумны амэрыканец Джон Стэйнбек.
Грошай, і праўда, трохі сабралася на ашчаднай кніжцы, мяне ўвогуле выдавалі ў Менску і Маскве. Iншая справа, што за тыя грошы нічога і нідзе немагчыма было купіць. Як пад дзень нараджэньня жонкі спатрэбіўся нейкі падарунак, Матукоўскі павёў мяне да знаёмага дырэктара ўнівэрмагу ў Менску, і той па вялікім блаце дазволіў купіць са складу нейкую танную кофтачку. Зімовую шапку можна было набыць толькі па адмысловым сьпісе, пададзеным зь міністэрства гандлю. Білет на самалёт або цягнік я набываў у адмысловай дэпутацкай касе, пры выпадку — сябрам і знаёмым таксама. У тым была несумненная выгода дэпутацтва. Але болей ніякай. Усё астатняе вырашалася па блаце, шляхам асабістага знаёмства. I пісьменьнікі ў Менску і Маскве (ды і ўсюды) заводзілі такія знаёмствы — з прадаўцамі і прадаўшчыцамі, дырэктарамі і партыйнымі сакратарамі, якія, як заўжды, пачуваліся гаспадарамі. На дэпутатаў жа ніхто не зьвяртаў ніякай увагі. Апроч хіба тых, каму болей не выпадала да каго зьвярнуцца.
Дэпутацкія сэсіі (два разы на год) адбываліся чынна і спакойна. Даклады гучалі строга фармальна, паводле рэглямэнту, спрэчкі ніякіх эмоцый ні ў кога не выклікалі. Дэпутаты звычайна драмалі ў залі, некаторыя чыталі газэты; пісьменьнікі (Панчанка, Лужанін, Гілевіч), падобна, складалі вершы. Вёў паседжаньні старшыня Вярхоўнага Савету Iван Шамякін, які ня мог падрамаць за сталом прэзыдыуму, хаця было бачна, як тое яму хацелася. Каманды ў залю ён падаваў з паперкі, якую яму прыносіла з-за кулісаў сакратарка Чагіна. Аднойчы, кіруючы галасаваньнем, не адрываючыся ад паперкі, прачытаў запар: «Хто за, хто супраць, устрымаўшыхся няма — аднагалосна». У залі засьмяяліся, бо ніхто яшчэ не пасьпеў падняць рукі. Але затым дакладна гэтак жа паднялі.
Звычайна я выседжваў толькі першую частку — да перапынку. Надалей ужо не хапала сілы, і, як зьвінеў званок, выходзіў з будынку. Мяне па дарозе даганялі два іншыя неслухі — мастак Савіцкі і скульптар Анікейчык. Тыя сьпяшаліся ў свае майстэрні і казалі, што ім гэтая балбатня — на хрэн сабачы. То была праўда. Пройдзе трохі гадоў, і Анікейчык без пары памрэ, а Савіцкі рэзка зьменіць свае адносіны да нязьменнага па сутнасьці рэжыму, зробіцца ягоным апалягетам. Таксама, як і ягоны калега і дэпутат, тэатральны дзеяч М. Яроменка, які на піку перабудовы заявіў, што насуперак беларускім нацыяналістам быў, застаецца і памрэ камуністам. I праўда, застаўся ім да канца. Што значыць слова бальшавіка — цьвярдое слова.