7. ФЗН. Шостка
7. ФЗН. Шостка
Так ляснуў наш заробак. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе і нічога нідзе не здабыўшы, я зразумеў, што ў вучылішчы больш не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакуманты. Там наш выкладчык літаратуры, здаецца, прозьвішчам Леванёнак, кажа: «Шкада, Быкаў, — мог бы вучыцца…» Мне таксама было шкада, але як вучыцца? Аднёс у камісіёнку апошнюю сарочку, купіў білет да Полацку і яшчэ дзьве булкі, якія і зьеў, прысеўшы ў сквэрыку, дзе цяпер помнік Пушкіну. Прыехаў у вёску, пайшоў у сваю школу, у дзясятую клясу. Але з вучобай тут здорава адстаў. Ды новыя парадкі і ў школе. Падручнікі цяпер аказаліся платныя, трэба купіць. Але і купіць няма дзе, не хапае падручнікаў. Дома ранейшая галеча, калгаснае бязладзьдзе. Hі хлеба, ні дроваў. Якраз у гэты час пачынаецца набор у новаарганізаваныя школы прафэсіянальнага навучаньня (ФЗН), і я хутка зноў апынуўся ў Віцебску. Што ў Віцебску — мяне радавала. Знаёмы горад, любыя музеі. I ўспаміны. Невясёлыя, аднак, успаміны… У школе вучылі на будаўнікоў: муляры, бэтоншчыкі, арматуршчыкі — усё дужа далёкае ад мастацтва. Мастацтва рабілася ўсё больш недаступным. Трэба было працаваць — на сьцюжы, з растворамі. Але тут кармілі, давалі прытулак у інтэрнаце, а пасьля яшчэ пачалі і апранаць. У вучылішча я не хадзіў, хіба калі ўвечары падыходзіў пад вокны, бачыў паверх фіранак захінутыя анучамі скульптуры на станках. Было сорамна і балюча…
Зіма таго году была надта сьцюдзёная, зь вятрамі і маразамі. Мы ж працавалі і вучыліся скрозь на сьцюжы. Памятаю, муравалі дом на Суражскай шашы, я клаў вугал, для чаго патрэбны быў спрыт і галоўнае — дакладнае вока, каб не скрывіць. Бегалі грэцца ў суседні цэх чарапічнай фабрыкі, дзе было зацішней. А мой вугал атрымаўся трохі пахілы ў адзін бок, наш настаўнік Андрэй Iванавіч быў незадаволены, і я нейкі час перажываў з тае прычыны. (Дарма, аднак, перажываў. Хутка ад таго дому застанецца адна куча друзу. А пасьля вайны не застанецца і друзу, які зьнікне пад быльнягом і крапівой.)
На пачатку чэрвеня — выпуск. Нам аб’явілі, што паедзем працаваць на Украіну, у горад Шостку. Пакуль былі зборы, я адпрасіўся зьезьдзіць на радзіму. Рэч у тым, што якраз у Шостцы жыў мой дзядзька… Гэта таксама гісторыя, гісторыя лёсу. Дзядзька колісь быў актывістам, зрабіў нейкую партыйную кар’еру, працаваў нават рэдактарам газэты дзесь на Палесьсі. Але пакуль ён служыў Савецкай уладзе, тая раскулачыла дома бацьку, брата, — саслала ў Сібір. Мабыць, нясоладка стала сыну, і ён дзеля паратунку апынуўся на Украіне, таксама ў Шостцы. Прыехаў я дамоў, пайшоў да дырэктара школы, распавёў пра сваё становішча. Дырэктар Сьлімборскі паспачуваў ня надта ўдалай кар’еры свайго колішняга выдатніка і даў мне не атэстат, а табэль за дзясятую клясу, дзе сам праставіў патрэбныя адзнакі. Мой плян быў такі: у Шостцы я здам экстэрнам экзамэны за сярэднюю школу і паступлю ў тамашні індустрыяльны інстытут, да якога мае нейкае дачыненьне мой дзядзька. Ён і Сьлімборскі былі знаёмыя…