10. Аткарск. Саратаў

10. Аткарск. Саратаў

Дажылі там да вясны, а затым, здаецца, у красавіку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь — зноў у ФЗО. Вядома ж, мясцовым сваіх шкада, прызначылі нас, а нам толькі таго і трэба. I вось мы зь Лёшкам зноў апынуліся ў ФЗО, на гэты раз недалёка, у Аткарску… Дарэчы, нялішне зазначыць, што шмат каму зь перадпрызыўнай моладзі тыя ФЗО-ФЗН далі часовы, але неабходны хлеб і прытулак, сталіся, так бы мовіць, прафэсыйнай акадэміяй, нярэдка апошняй у іхнім кароткім жыцьці. Бо хутка затым — прызыў, фронт і канец усяму. Толькі і ўспамінаў з цывільнага жыцьця — невялічкая групка аднагодкаў, самотных фэзэушнікаў…

У Аткарску была чыгуначная школа, вучыўся там на пуцейца: рамонт пуці, падбіўка шпалаў, разводка… I гэта першую палову лета 42-га году. Надта сьпякотнага, дарэчы, здаецца, у нас такой гарачыні не бывала. Было трудна, мазалі на далонях ад кувалды і рыдлёўкі. Затое кармілі, што тады было важна.

У Аткарску, школе чыгуначнікаў, тое сьпякотнае лета міналася на чыгунцы, у працы, да якой дабіраліся пехатой, па шпалах. Часам заходзілі кілямэтраў за дзесяць, адтуль — на абед, і зьвечара дадому. Ля ракі Мядзьведзіцы пад кустамі чуўся піск марзянкі — то трэніраваліся дзяўчатысувязісткі. Ля іх праходжваліся іхнія настаўнікі — афіцэры. У жніўні ў войска мяне праводзіла адна маладая жанчынка, што рабіла ў школе. Яна дужа шкадавала мяне. Казала, толькі вясной праводзіла брата, гэткага, як я, і ўжо празь месяц атрымала «пахаронку» — з-пад Сталінграду. У мяне не было хатняга адрасу, дык яна сказала, каб я запісаў яе адрас у Аткарску. Я абяцаў… Але пасьля падумаў: нашто? Мала ёй братавай «пахаронкі»?

Ну а ў жніўні 42-га прызыў хлопцаў 1924 году нараджэньня, і адразу — у запасны полк пад Тацішчавам.

Запасны полк у Тацішчаве нагадваў мурашнік і быў увесь у зямлі. Тысячы салдатаў жылі ў зямлянках, вучыліся побач у полі. Дысцыпліна была жалезная, камандзіры — яшчэ цімашэнкаўска-варашылаўскай школы — ад сяржантаў да палкоўнікаў. Муштравалі звычайна строем: шагістыка, поўзаньне, акопваньне. І пастаянныя пераклічкі, праверкі, — каб не дэзэрціравалі. Але было і зьнікалі — учора быў, а сёньня няма. І ніхто ня ведае, куды дзеўся.

Вінтовак нам там не давалі, былі толькі вучэбныя, якія мы вучыліся разьбіраць і зьбіраць. Скардзіцца на ўмовы забаранялася, на самадурства камандзіраў таксама. Палітрукі сачылі за дысцыплінай і рабілі палітінфармацыі аб становішчы на франтох. Асабліва на Доне, дзе фронт ужо быў прарваны, і немцы перлі на Сталінград.

Там шмат было мясцовых, землякоў, саратаўскіх. Толькі мы зь Лёшкам пачуваліся чужымі. Але хутка нас разлучылі: мяне — у Саратаў, Лёшку — у Вольск. Больш я яго ня бачыў. І нічога пра яго ня чуў. Па ўсёй верагоднасьці, прычына таму — усё Сталінград. У Саратаве я затрымаўся, а Лёшка ў Вольску — наўрад.

Тое паселішча вядомае шмат каму зь ветэранаў, многія там спасьцігалі сваю першую вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнічаў, відаць, ці не да канца вайны — рыхтаваў кадры, салдацкія і сяржанцкія, — для перамогі.

Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасьня мяне накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча.

Пачаліся вучэбныя будні. Ужо там дасталося, як не даставалася нідзе і ніколі. Кожны дзень па 10 гадзін заняткаў — рэдка ў клясах, болей на пляцы і ў полі, — у сьпёку, дождж і мароз, у нашых клясычных, на «рыбіным мяху» шыняльках. Апроч таго, абаронная праца пад горадам — немцы падышлі ўжо да Саратава і бамбавалі яго кожную ноч. У асноўным цалялі ў камбайнавы завод, які на той час рабіў самалёты, і ў нафтаперагонныя крэкінгі. Нас на ноч кідалі на дзяжурства — ліквідоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыі працягваўся і пад бомбамі. Гэта выглядала так: як толькі сьцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае асьвятляльныя бомбы САБы. На зямлі ад іх — бы ад сонца, а ў небе не відаць нічога. I пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзіць. Нам дык яшчэ трываць можна, мы сядзім у шчылінах, калі загарыцца, тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былі і ў нас ахвяры. Але гэта нішто ў параўнаньні з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкінгах зь іх вялізнымі ёмкасьцямі нафты. Там усё палыхае, не сьціхаючы ні ўдзень, ні ўначы. I хлопцы гараць, няма чаго і хаваць. Цэлыя аддзяленьні, узводы не вярталіся з гэтага мора агню. I так амаль да зімы. Зімой тое спынілася, як немцаў акружылі пад Сталінградам.

Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кінулі пад Сталінград. Пешым маршам дайшлі да Камышына. У Камышыне, аднак, нас ператрэсьлі: палову з кожнае роты пакінулі, а палову паслалі на падмацаваньне Сталінграду. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым ліку і я. А мой таварыш зь Беларусі Коля Iваноў пайшоў у Сталінград і, вядома ж, загінуў. Пасьля вайны спрабаваў знайсьці ягоных родзічаў. Але ж… Iвановых у нас дужа многа. Пасьля яшчэ было нямала выпадкаў, калі ноччу па трывозе паднімаюць роту, выстрайваюць і зачытваюць сьпісы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт.

Цяпер з вышыні ваеннага вопыту і перажытых гадоў нельга не зьдзіўляцца, чаму і як там нас вучылі. Галоўнай, мабыць, як і здаўна ў расейскім войску, была страявая — пляцавая ваенная навука, паводле якой ацэньвалася ўсё астатняе. Усё астатняе падганялася пад яе. Нават тактыка зь яе строга рэглямэнтаванымі парамэтрамі ў абароне і ў наступленьні. На вайне ніхто іх не трымаўся, бо было непатрэбна. На вайне аказалася, што той камандзір мае найбольшы посьпех, які хутчэй за іншых адрынуў даваенную навуку і творча экспэрымэнтуе, асобна падыходзіць да кожнага бою. Можна сказаць, што вайну рабілі дылетанты. Даваенныя прафэсыяналы збанкрутавалі ў самым яе пачатку. Але каб зразумець тое, трэба было набыць пэўны вопыт, а мы такія былі зялёныя…

Пра камандзіраў можна б расказаць шмат — розныя былі. Камандзірам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавіта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылішча, дайшоў да выпуску. Неяк непрыкметна, па-зямляцку ён мной апекаваўся. А можа, таму, што вучыўся я і вучылішча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалі, — з чырвоным дыплёмам. Але тады толькі павесілі маё фота на ганаровую дошку выпускнікоў… А там — запомніўся інтэлігентны выкладчык тапаграфіі, якому я часам маляваў карты-схемы, — Рамественскі, на той час ужо інвалід вайны. Камандзірам батальёна быў маёр Анціпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалі, скарыстоўвалі ў тыле, але гэта быў ладны камандзір, з традыцыямі старога царскага афіцэра. Чаго ня скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава і Цімашэнкі. (Ды Бог ім судзьдзя.) Гэтыя муштравалі пераважна васемнаццацігадовых бязглузда і жорстка, найперш каб самім ацалець ад вайны, пераседзець яе ў тыле. Toe, аднак, удалося далёка ня ўсім. У свой час іх таксама паслалі пад зьнішчальны агонь, і шмат хто зь іх там пагінуў. Што трохі іх выбачае…