36. Сахалін

36. Сахалін

Гэта было жахлівае марское падарожжа некалькіх сухапутных афіцэраў на невялічкім вайсковым судне цераз штармавое Ахоцкае мора. Марская хвароба выварочвала з нас вантробы, пакуль мы бяз ног валяліся ў сьмярдзючым адсеку, з усяе сілы трымаючыся рукамі і нагамі за нейкія трубы. Кідала бязьлітасна ва ўсе бакі. Усю ноч зьверху чулася лаянка, крыкі каманды, якая змагалася за жывучасьць судна. Як прыйшлі ў Карсакаў, аказалася, што маракі мелі рацыю: мы маглі патануць — столькі лёду намерзла на верхняй палубе, на снасьцях і мачтах. Як не перакуліліся ўгору дном, аднаму Богу вядома.

Да пачатку вучобы я, вядома ж, спазьніўся, ужо месяц, як афіцэры займаліся ў вайсковым гарадку Паўднёвага Сахалінску. У клясе мяне пасадзілі за апошні стол, і наш кіраўнік падпалкоўнік Емяльянаў доўга называў мяне Баранавым. Гэта таму, што ў папярэднім выпуску там сядзеў хтось з прозьвішчам Баранаў. Між тым і другім відам жывёлін невялікая розьніца.

Тут мне грунтоўна давялося заняцца матэматыкай, якую я, пэўна ж, недабраў у школе. А без матэматыкі ў артылерыі, як вядома, рабіць няма чаго. Пайшлі тыдні і месяцы працы з падручнікамі, над лагарыфмічнымі вылічэньнямі, па тэорыі верагоднасьцяў. Артстралковая падрыхтоўка ў поўным аб’ёме — вылічэньне дадзеных і стральба па наземных і марскіх цэлях. Спачатку, вядома, на імітацыйных сродках, а пад вясну і на палігоне. Неяк памалу тая навука мяне нават захапіла, а калі што захоплівае, дык я таму аддаюся цалкам. Афіцэры тут сабраліся розныя, з розных часткаў — ад Чукоткі да Сахаліну. Пераважная бальшыня зь іх — нядаўнія франтавікі з эўрапейскіх акруг. Шмат якія служыць не хацелі, ды мусілі, бо вырвацца з войска па-добраму было немагчыма. Некаторыя, праўда, шчыравалі, у тым ліку і мой зямляк Iваноў. Разумны быў, адукаваны афіцэр, добры матэматык, ды меў перабольшаную схільнасьць да справядлівасьці. А гэта ўжо нават не недахоп, а поўны цэйтнот, і ня толькі для афіцэра. Там жа стала вядома пра трагедыю Парамушыра, што ў нас, на Кунашыры, адгукнулася хіба ўздымам вады. Цунамі на Парамушыры за два ўдары з мора змыла пасёлак і зь ім танкасамаходны полк. Самаходкі раскідала па ўсім беразе, а сотні людзей апынуліся ў сьцюдзёнай акіянскай вадзе, дзе і гінулі ад холаду, калі за што трымаліся. На дапамогу прыйшлі вайсковыя амэрыканскія баржы, але з Масквы паступіла радыёграма: гінуць, але дапамогу амэрыканцаў не прымаць. Я ня памятаю, каб хто з афіцэраў нашай групы адобрыў той вар’яцкі загад. Хаця ніхто і не сказаў слова супраць.

Адзін афіцэр-далёкаўсходнік распавёў, як там жыло войска ў гады вайны. Канешне, галадалі (але дзе не галадалі?), абмундзіроўкі, абутку зусім не давалі. Салдаты дралі лыка і плялі лапці. Дысцыпліна, аднак, была зладавана жалезная, пра тое дбалі тылавікі-генэралы. Камандаваў войскам генэрал Апанасенка. Аднойчы таму афіцэру трэба было наведаць жонку, што апынулася ў раддоме за 20 кілямэтраў у пасёлку. Во ён ідзе пехатой па гразі, восень, імжыць дожджык. Раптам яго даганяе «віліс» і ў ім генэрал. «Куды ідзяце?» — «У пасёлак». — «Па якой патрэбе?» — «Жонка раджае». — «А што, паехаць не было на чым?» — «Ня даў камандзір, гаручкі мала». — «Ну, сядай». Сеў. Але шафёр ня едзе, чакае. I тады генэрал паварочваецца і кажа:

«Ты што, такі-сякі размазаны, ня можаш адмовіцца, калі цябе савецкі генэрал запрашае? Вон з машыны!». Выскачыў, як апараны, а «віліс» газануў і пакаціў па дарозе. Такі савецка-генэральскі этыкет.

Вучоба па артылерыі нават захапляла, у тым была немалая заслуга падпалкоўніка Емяльянава, які ўмеў зацікавіць і захапіць. Гэты вайсковы матэматык спрабаваў нават даказаць трыста год не даказаную знакамітую тэарэму Фэрма (an + bn = сn). Але ж вучылі ня толькі артылерыі. Выкладалася процьма іншых прадметаў, у тым ліку і (ці не другі паводле значэньня) — палітпадрыхтоўка. Жылі на казарменным становішчы — двух’ярусныя ложкі ў вялізнай стадоле-казарме з цьвёрдым распарадкам дня, за выкананьнем якога сачыў зноў жа зьвераваты старшынамаёр. Асабліва дапякалі ранішнія фіззарадкі, на якія выганялі ўсіх, не зважаючы на надвор’е — у дождж, сьнег, мароз. Ну і, вядома, — строй. На заняткі, з заняткаў, у сталовую, клюб. Са зласьлівасьцю напомнілі нам нашу вучылішчную маладосьць і неўміручыя традыцыі прускарасейскай муштры.

Адна падзея таго часу не магла не запомніцца мне на гады. Гэта калі ў адзін шэры сакавіцкі дзянёк у клясу ўвайшоў наш кіраўнік падпалкоўнік Емяльянаў і яўна робленым трагічным голасам аб’явіў, што гадзіну назад памёр вялікі Сталін. Усе ўсталі, пастаялі са скамянелымі тварамі, а я сказаў сабе ў думках: «Слава табе, Гасподзь! Можа, хоць цяпер што-небудзь зьменіцца да лепшага».

На жаль, зьмянілася мала.

Берыеўская амністыя, што была неўзабаве праведзеная, напоўніла далёкаўсходнія гарады масай бандытаў, забойцаў, зладзеяў, якія былі выпушчаныя ў першую чаргу. Палітычных выпускалі зь вялікім разборам, а гэтыя, сацыяльна-блізкія, займеўшы свабоду, дружна ўзяліся за звыклую справу. Да вясны ў горад немагчыма было паткнуцца — рабавалі і забівалі нават афіцэраў.

Палітпадрыхтоўка ды й вайсковая палітыка наогул, як і раней, былі скіраваныя на супрацьстаяньне англа-амэрыканскаму імпэрыялізму. Працягвалася мацаваньне абароны Курылаў, на якія пёрлі ўсё болей войска, боепрыпасаў. Уся берагавая лінія астравоў была ахоплена памежнай службай, збудавалі складаную сыстэму радыёпэленгацыі і радыёглушэньня. Нічога ні з «Голасу Амэрыкі», ні зь БіБі-Сі, ні са «Свабоды» ўчуць было немагчыма. Усё гэта пэўным чынам узьдзейнічала на настрой афіцэраў, які быў далёкі ад аптымізму. Спрэс надзеі… Такіх з маіх аднакурсьнікаў, якія б плакалі з нагоды сьмерці правадыра, я ня бачыў. Бальшыня зацята маўчала.

Тым часам падышла пара выпуску. Па ўсіх прадметах у мяне былі пяцёркі. Апошнюю на палігоне экзамэнацыйную задачу — стральбу на рыкашэтах — выканаў на выдатна і атрымаў чырвоны дыплём. Толькі якая з таго карысьць? На што ў жыцьці трацяцца час і сілы, калі тое — пустэча, якую нельга зрэалізаваць. Або і ня трэба рэалізаваць? Хіба на вайну? Але вайна для нас скончылася, ужо наваяваліся. Ці не падобна тое, чаму мы вучыліся, на маханьне кулакамі пасьля жорсткай бойкі? А галоўнае, што гэтак і добра: лепш махаць кулакамі, чым праліваць кроў. Але ж навошта тады ўсё тое, чым мы займаемся? I чым рыхтуемся займацца? I пры чым тут я, які зусім не зьбіраецца рабіць вайсковай кар’еры, а толькі і думае, як бы з гэтай далечы вырвацца на радзіму. Я і на Сахалін паехаў з тою ж мэтай, думаў: адтуль бліжэй да дому. Аказалася, не бліжэй, а то яшчэ далей. Так думаў я, плывучы морам зноў на свой востраў. Iншыя афіцэры пасьля вучобы атрымалі новыя прызначэньні, некаторыя з падвышэньнем. Я ж не атрымаў ніякага і вяртаўся на ранейшае месца службы.