64. Ленінскі юбілей
64. Ленінскі юбілей
У гэткай атмасфэры надышоў 100-гадовы юбілей Леніна, да якога рыхтаваліся, бы да аканчальнай перамогі камунізму. Па гарадах і вёсках ішлі сходы, пленумы, ленінскія сімпозіумы. У Саюзе пісьменьнікаў з гэтай нагоды наладзілі ўрачысты пленум, прыехалі і мы з Карпюком. Я пасядзеў крыху і пайшоў — беспартыйныя сябры запрашалі на пачостку. Карпюк запісаўся ў выступоўцы. Толькі што перад тым па краіне прайшоў ленінскі суботнік, рэпартажы зь якога друкаваліся ва ўсіх газэтах, і Карпюк зрабіў тое тэмай свайго выступленьня. У канцы ён сказаў:
«Мы ведаем, як у суботніку ўдзельнічаў Уладзімір Iльліч, з кім ён насіў бярвеньне. Але з кім насіў бярвеньне Леанід Iльліч, таго нам „Правда“ не паведаміла. Ці, можа, Брэжнеў ня ўдзельнічаў у ленінскім суботніку, — хай нам адкажуць». Марцалеў, які сядзеў у прэзыдыуме, аж скалануўся ад тых слоў і ў канцы пленуму сказаў, нібы між іншым:
«Што да выступленьня Карпюка, дык гэты чалавек пачынае хадзіць па галовах».
Празь нейкі час той жа Марцалеў і ягоны памочнік Гніламёдаў прыехалі ў Горадню наводзіць парадак у мясцовым аддзяленьні пісьменьнікаў. Пасьля грунтоўнай гутаркі ў абкаме пачалі па адным выклікаць нас у Дом Ажэшкі. Першай паклікалі Дануту, якая няхутка выйшла адтуль з заплаканым тварам. Нават не схацела гаварыць, што ў яе пыталіся. Наступным быў я. Размова была звычайная — пыталіся пра прычыны канфлікту зь мясцовымі ўладамі і чыталі мараль. Як я распавёў пра прошукі КДБ, Марцалеў аж спалохаўся: «А вы ўжо ўсім расказалі?». Ня ўсім, кажу, але некаторым расказаў. У тым ліку і карэспандэнтам з Масквы і Варшавы. У Карпюка дапытваліся пра прычыны ягоных адносінаў з абкамам, на што Аляксей сказаў: «Як яны да нас, так і мы да іх. Юбілейным ленінскім мэдалём за штучнае асемяненьне кароў Ульяновіча ўзнагародзілі, а нас з Быкавым за вайну — і не падумалі».
У канцы школьнага навучальнага году здарыўся канфліктны выпадак з маім малодшым сынам. Патэлефанавала дырэктарка школы, дужа прынцыповая дама з адметным прозьвішчам Сукачова і тэрмінова запатрабавала мяне ў школу. Я не пайшоў, сьпярша папытаўся ў свайго Васіля, што ён натварыў? Ён, натуральна, аднекваўся, маўляў, нічога. Але спакваля стала вядома. На ленінскім уроку ў 4 клясе, калі гаворка ішла пра Iльліча, мой сын сам сабе буркнуў у рыфму: Iльіч — стары хрыч. Toe ўчула яго пільная суседка і тут жа падняла руку, каб абвясьціць тое настаўніцы. Настаўніца з жахам падняла сына, які, вядома, не прызнаўся. Справа дайшла да дырэктара, далажылі ў гаркам і яшчэ куды. Разьдзьмулі палітычны скандал, у мяне запатрабавалі пісьмовага тлумачэньня. Шкадуючы сына, якому пагражала выключэньне, я нешта пісаў, апраўдваўся сам і апраўдваў яго. Увогуле тое было брыдка і ганебна.
Сталася так, што я ўжо мала з кім таварышаваў у Горадні. Усе знаёмыя былі занятыя асабістымі справамі, а галоўнае — пабойваліся занадта кантактаваць з апальнымі пісьменьнікамі. Часам сустракаўся з Барысам Клейнам, калі той ня быў заняты ў інстытуце. Клейн меў даволі глыбокі аналітычны розум, быў дасьведчаны ў палітыцы. Ды і ў культуры таксама. (Распавядаў, як некалі вучыўся ў адной клясе з Раланам Быкавым, цяпер лёс зьвёў яго з другім Быкавым.) Менш цікавіўся беларускай літаратурай, але гэта — як каму наканавана.
Аднойчы ўвечары ён прыйшоў да мяне на кватэру, мы пасядзелі трохі, і я пайшоў яго праводзіць дадому. Самую важную частку размовы, вядома, прыпасалі да гэтага часу. Клейн жыў недалёка, у цэнтры гораду, каля турмы. Прайшлі ў адзін канец, затым у другі. Было ўжо цёмна, людзей на вуліцы трапляла няшмат. Ля самага яго пад’езду раптам перад намі выніклі трое, заступілі дарогу. Сьпярша мы нават не зразумелі, чаму яны перагарадзілі нам вузкі шлях, як тут жа атрымалі па удары ў твары — я і Барыс. У таго адразу ўпалі пад ногі акуляры, я здушана крыкнуў: «У чым справа?». I зноў атрымалі — другі раз. Тады мы закрычалі — на ўсю вуліцу. Адзін таропка перайшоў на другі бок, дзе ўжо стаяў трэці зь іх групы. Астатні раптам наблізіўся амаль ушчыльную, але замест таго, каб ударыць, ціха сказаў «Простите, ребята!» і пайшоў да тых двух.
Я памог Барысу адшукаць у цемры яго акуляры. Знэрваваныя, мы яшчэ пастаялі, гледзячы, як трое нетаропка пайшлі сабе ў бок турмы. Што было рабіць далей? Блізка было ўпраўленьне міліцыі, насупроць ад яго ўпраўленьне КДБ. Але мы туды не пайшлі. Мы наогул нікуды не пайшлі ні тады, ні назаўтра. Мы зразумелі, чыіх гэта рук справа і што скардзіцца — марна. Зноў жа ня так ужо яны нас і пабілі — сінякоў не засталося. Шкельцы ў акулярах Барыса замянілі, а я наогул выйшаў бяз стратаў. Заставалася толькі дзякаваць Богу і чакаць новых прыгод.
Празь дзень я патэлефанаваў у Менск Матукоўскаму, распавёў, што ў нас адбываецца. Мікалай Ягоравіч паўздыхаў у трубку і сказаў, што трэба мне перабірацца ў Менск. У Горадні цябе зьядуць. Ці заб’юць, што таксама ня лепей…
Аднак у Менску, куды я неўзабаве зьезьдзіў, было ня лепш. Кісьлік з Тaрасам распавялі, як у Акадэміі [Навук] грамілі групу нацыяналіста Прашковіча, за палітыку выключылі з партыі і выгналі з газэты Вінаградава, мужа пісьменьніцы Вакулоўскай. У Саюзе пісьменьнікаў, куды я забягаў, можна было перакінуцца словам хіба з прыветлівым Толем Вярцінскім, які здаўна прыязна да мяне ставіўся. Адамовіч жыў у Маскве, дзе вучыўся на сцэнарных курсах. (Патрэбны яму былі гэтыя курсы. Хіба каб уцячы зь Менску.) Ня шкодзіла б зайсьці ў «Маладосьць», але тую рэдакцыю зь нейкага часу схавалі ў будынак ЦК ЛКСМБ зь яго строгім прапускным рэжымам, якога я не трываў. Патэлефанаваў Нілу Гілевічу. Гэтага чалавека і паэта я паважаў даўно найперш за яго цьвёрдую нацыянальную пазыцыю, якая, аднак, давалася яму ўсё трудней. Асабліва пакуль ён нарэшце не ўступіў у партыю. Зь ім за чаркай на яго ўтульнай кухні можна было адвесьці душу, нагаварыцца на роднай мове. Што я і рабіў апошнім часам, бываючы ў Менску.