19. Хвароба. Фарміроўка
19. Хвароба. Фарміроўка
У Румынію ўвайшлі з баямі, але далей немцы супраціўляліся ўсё меней. У адным сяле салдаты выкацілі на вуліцу бочку, абступілі яе з кацялкамі, а піць баяліся. Перад наступленьнем было нямала гутарак і загадаў наконт таго, што пераходзім мяжу з капіталізмам, трэба чакаць розных правакацыяў. Ежы ад румынаў ня браць, віна ня піць, — усё атручана. Тады крыкнулі: фельчара сюды! Падбег малодшы лейтэнант Федаркоў, санінструктар батальёну (пасьля загінуў у Венгрыі), салдаты да яго: правер, можа, атручана? Той зачарпнуў кацялком, добра адпіў — парадак, не атручана, давай да дна! Ну да дна і выпілі. Рэшту вылілі на дарогу, каб ворагу не дасталося.
Румыны па загаду караля Міхая (пасьля ўзнагароджанага Сталіным ордэнам Перамогі) дружна капітулявалі. Ці разьбягаліся дадому. У іх было шмат коней, і мы часьцяком мяняліся імі — проста на дарозе сваіх здыхлякоў на іхніх ці нямецкіх біцюгоў. Мелі нават і запасных. Бо на фронце коней гінула ня менш, чым людзей, і артылерыя заўжды адчувала праблему зь цяглавай сілай. Але вось аднойчы дывізію ды і ўсю армію вяртаюць з фронту на нейкую тылавую станцыю, пачынаецца пагрузка на чыгунку, кудысь перакідваюць. Вагонаў не хапае. Пяхотай набіваюць цяплушкі, артылерыю закочваюць на адкрытыя плятформы. Там жа і артылерысты. Ад дажджу і ветру — усё тыя ж палаткі.
Тут я захварэў — зусім па-дурному, па дарозе на фармоўку, бо, як казаў мой сябра ўзводны Ягораў, хто ж хварэе па дарозе ў тыл? Але так, менавіта па дарозе ў тыл. Сьпярша была малярыя, трэсла з прырэчных малярыйных паплавоў, пасьля падключылася яшчэ нешта. На плятформе пад палаткай стала невыносна, тым болей, што пайшлі восеньскія дажджы. I мяне перанесьлі ў цяплушку санчасьці.
Але, здаецца, нашыя дактары навучыліся за вайну толькі рэзаць, а на якія там хваробы спрэс забыліся. Праляжаў я ў халодным вагоне ўсю дарогу да ўкраінскага Луцку, лепей ня стала. Выгрузіліся ў лесе, пачалі абладжвацца — зямлянкі, шалашы, канавязі… I тут я зусім зваліўся. Зноў паклалі ў санчасьць — закінуты дом бяз вокнаў, безь дзьвярэй. Ляжу адзін на саломе ў кутку, дрыжу, тэмпэратура расьце, даюць нейкія таблеткі, якія памагаюць слаба. Аднойчы адчуў, што калі я зараз жа ня ўстану і не пайду адсюль, дык тут і сканаю. I я сабраў у сабе ўсю волю, усе слабыя сілы і, хапаючыся рукамі за хваіны, дабрыў да сваіх хлопцаў. Там мне далі паўкварты самагону, ад якога я адразу заснуў. Пасьля неяк пакрысе ачомаўся.
Адразу ж пачаліся заняткі, — палявыя і страявыя, зь песьняй (а як жа, — жалезная традыцыя з часоў прускай арміі), нарады, палітзаняткі (таксама традыцыя, хіба савецкая). Празь нейкі час пасьля вячэры прыходзіць да шалаша наш палкавы сьмершавец, пачынае размову: колькі ў апошніх баях забітых, колькі параненых… А Мокіш, пытаецца, таксама забіты? Так, кажу, таксама. Ля Серату. А вы бачылі сваімі вачыма? Тут я трошкі затрывожыўся, бо гэты Мокіш у часе бамбоўкі дзесь зьнік, можа, разарвала бомбай. Надта напружаны быў бой, і ніхто ня згледзеў, куды ён дзеўся. Каб не рабіць сабе лішняга клопату, калі пачалі пісаць зьвесткі пра страты беззваротныя (забітых) і зваротныя (параненых), я і запісаў Мокіша ў лік забітых. Дык вось, кажа сьмершавец, вы пакрываеце дэзэртыра. Ваш Мокіш затрыманы камэнданцкім патрулём у Бельцах. Зь якой мэтай вы далі фальшывыя зьвесткі?
Во бяда, ліха на яе і на гэтага Мокіша, каб яму ні дна, ні накрыўкі. Ды і я — варона! Але хто думаў, што ён дасьць драла дадому? Давялося мне зноў пісаць, апраўдвацца, сьмершавец яшчэ разы два прыходзіў. Пасьля адстаў.
Атрымалі папаўненьне ў жывой сіле, і мяне перавялі з батарэі ў ПТА 2-га батальёну. Камандзір батальёну (зноў капітан Сьмірноў) адразу зрабіў мне вымову, як я прыйшоў прадстаўляцца, — за дрэнны парадак на канавязі, нячышчаных коней. (Божа, колькі крыві псавалі гэтыя коні!
У вайну і пасьля. Чысьціня іх і збруі, бясконцыя вывадкі — жывучыя рэцыдывы старой кавалерыйскай традыцыі, якая не хацела аджываць і ў новы час. Сапраўды, кожная армія рыхтуецца да мінулай вайны, а будучая прыходзіць нечакана.) Тым ня менш строгі быў наш камбат Сьмірноў, былы школьны настаўнік. Ён таксама папсаваў мне нямала крыві ўжо ў баях на венгерскай зямлі. Але я на яго не крыўдую, бо шмат што было заслужана.
Фармоўка, аднак, хутка скончылася, атрымалі папаўненьне і падрыхтаваліся да пагрузкі на чыгунку. Перад пагрузкай давялося стаць сьведкамі страшнай сцэны расстрэлу двух салдатаў — за абрабаваньне і забойства ўкраінскай сям’і зь недалёкага хутару. Iх судзіў вайсковы трыбунал і прыгаварыў да вышэйшай кары. Раніцой на паляне літарай П пастроілі полк, на сярэдзіне выкапалі яму. Асуджаных бязь дзягаў і пагонаў паставілі да ямы, зачыталі прыгавор. Затым камэнданцкі ўзвод даў залп, і абодва зваліліся ў яму. Як іх там закопвалі, мы не глядзелі, настрой ва ўсіх быў прыгнечаны. Канешне, усе разумелі, што тыя два заслужылі, што атрымалі, але ж… Усё роўна было агідна ад гэтага пакараньня напаказ. З агідай у душы полк і адправіўся да станцыі Луцк — на пагрузку ў эшалён.
Пагрузіліся і паехалі, на гэты раз у цяплушках — зь печкамі і нарамі. У асобным вагоне — коні (конскі састаў, паводле вайсковай тэрміналёгіі). У мяне ва ўзводзе чатыры вялізныя нямецкія біцюгі, якія добра цягнуць гармату зь перадком, але заўжды крокам. Рысьсю яны ня ўмеюць. I шмат корму ім трэба. А сена ў нас няма, аўсу не даюць. Калі зьвярнуцца да начальства, атрымаеш адзін адказ: знайсьці. Знайсьці і накарміць! Панятна? Iспалняйце! Мае салдаты «ісполнілі» — дзесь на станцыі нацягалі з плятформы буракоў і накармілі, адна кабыла празь дзень здохла. Што рабіць? Хутка выгрузка, як цягнуць гармату? Дайшло да начальства, палітапарату, тыя паднялі хай — страта баяздольнасьці, вінаватага да адказу. Хто вінаваты? Канешне, камандзір, лейтэнант Быкаў. Зноў завялі справу…
А ў мяне на тым часе быў камандзірам гарматы (той самай, што без прыцэлу) старшы сяржант Закіраў, башкір па нацыянальнасьці, вялікі спэц па конях. Ён і кажа: ня дрэйф, лейтэнант, выгрузімся — каня дастанем. Яшчэ лепшага. I праўда, дастаў. Ды не аднаго. Нават і мне дастаў пад сядло — выдатнага дрыкганта, езьдзіць на якім было адно задавальненьне. Кепска хіба, што дужа высокі, каб узьлезьці, трэба якая падстава — плот ці пень. Зь зямлі дастаць нагой стрэмя было немагчыма. Затое на дарозе — ня конь, насалода. Маршам праз Трансыльванію, партызанскую Ваяводзіну дагналі трэці Украінскі фронт. Немцы там слаба абараняліся, болей адступалі, і мы хутка ўвайшлі ў Венгрыю.