17. Бой. Кантузія
17. Бой. Кантузія
Наступ на Балканы (так званая Яса-Кішынёўская апэрацыя) пачаўся для нас увогуле пасьпяхова: абарону прарвалі, рынуліся за Прут. Там усчаліся жорсткія баі за масты і пераправы, бо якраз і немцы з Кішынёўскага катла таксама пёрлі на тыя масты.
У горадзе Пермі пасьля вайны выйшла кніжка пра нашу дывізію пад назовам «Ветераны дивизии вспоминают». Там надрукаваны ўспаміны падпалкоўніка Піліпенкі, былога афіцэра штабу дывізіі. Між іншым Піліпенка піша і пра адзін эпізод тых баёў з удзелам лейтэнанта Быкава. «Боевые порядки стрелкового батальона капитана Савченко, которому был придан взвод лейтенанта Быкова, атаковала вражеская пехота, поддержанная сильным огнем артиллерии, минометов. Около трех часов шел напряженный бой… На рассвете следующего дня гитлеровское командование бросило в бой несколько танков. На участке стрелкового батальона, который поддерживал артогнем лейтенант Быков, появились 3 вражеские машины. Быков подал команду „огонь!“. Два снаряда разорвались рядом с передним танком, но тот продолжал двигаться. Грянул третий выстрел, и немецкая машина остановилась. Другие вражеские танки стали обходить горящую машину, ведя на ходу огонь по нашим орудиям. Осколками вражеского снаряда было повреждено орудие, убит старший сержант Буяненко, ранен наводчик и заряжающий. В эту трудную минуту к орудию встал Быков. Через канал ствола он навел орудие, затем зарядил и выстрелил в приближаюшийся танк противника. Фашистская машина развернулась на одной гусенице и остановилась. Противотанковая батарея полка понесла значительные потерн в личном составе и боевой технике, поэтому лейтенант Быков был назначен командиром взвода роты автоматчиков этого же полка. Не раз ему приходилось со своим взводом ходить в атаку и отбивать контратаки противника». I так далей. Я ня ведаю дакладна, але, па ўсёй верагоднасьці, гэты тэкст узяты з т. зв. «наградного листа». На самай жа справе ўсё адбывалася трохі інакш.
Рэч у тым, што там немцы прарываліся з Кішынёўскага катла, таму ўпартасьці ў іх хапала. Таксама справа ішла пра жыцьцё і сьмерць… У маёй гармаце ня толькі разьбіла прыцэл, яе таксама разьбіла снарадам з танка. Снарад ударыў амаль пад левае кола, ад выбуху нас заваліла зямлёй. Я быў побач з зараджаючым, між станінаў, і на колькі сэкунд, відаць, страціў прытомнасьць. Як узьняў галаву, бачу: мае не паднімаюцца, наводчык зусім у зямлі. А танк — во ён, стаіць у якіх пятнаццаці мэтрах і скіроўвае гармату далей, на кагось у наш тыл, — з намі ён ужо скончыў. А нашая гармата зараджаная, наводчык не пасьпеў стрэліць. Я дацягнуўся рукой і, лежачы, ціскануў на кнопку спуску. Узьняўся пыл, штосьці там сталася. Гляджу, танк паварочваецца, паварочваецца, — ну, думаю, зараз дасьць мне тут. Аж не — ня дасьць, бо ззаду сьцелецца гусеніца, усё ж я яе зьбіў. Куды дзеліся танкісты, так і не зразумеў. Бой тым часам трохі перасунуўся збоч, да пераправы, куды яны прарваліся. Каля агнявой прайшла нашая самаходка, прыбег нехта з другога разьліку. Але ў мяне дужа баліць галава, з вуха ідзе кроў. Сяржант штось да мяне кажа, а я ня чую. Аглух. Аказалася, ня толькі ня чую, але і нічога не магу сказаць. Адняло мову. I ўвесь я калачуся. Ужо ці не адваяваўся, думаю…
На нейкай грузавой машыне паехаў у санбат. Там шмат параненых, дактары ўсе на апэрацыях. Я сеў у цяньку на прызьбе, праседзеў да вечара. Нават падрамаў трохі. Вуха баліць, але кроў больш не ідзе. На зьмярканьні пайшоў у палатку, дзе дактары. Ды зачапіўся за вяроўку расьцяжкі і — вылаяўся. Паявілася мова. Toe ўзрадавала неверагодна, і я яшчэ некалькі разоў вылаяўся — усё грамчэй і грамчэй. З заткнутым ватаю вухам пайшоў на дарогу. Позна ўвечары дагнаў свой батальён.
Адчуваю сакрамэнтальнае пытаньне пра страх: ці баяўся? Канешне, баяўся, а можа, калі і трусіў. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх ад агню, асабліва артылерыйскага ці бамбовак. Калі побач выбухне, дык, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатовае разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакутаў. Але ж быў і страх, што ішоў ззаду, — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было ня менш, чым у мірны час. Нават болей. Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты ня возьмеш страчаны хутар ці вышыню, ці траншэю (што па тым часе зусім верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў ці камандзіра. Немцы яшчэ могуць не пацэліць, і табе абыдзецца. А свае, камандзіры (ці калі ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкі не дадуць. Тут ужо ўсё дужа пэўна і катэгарычна.
Пасьля яшчэ былі баі, але ў Румыніі па танках мы не стралялі. Маю падбітую гармату выцягнулі з агнявой, замянілі кола, а прыцэлу не знайшлі. Так мы яе і вазілі на фармоўку над Луцк, пасьля ў Венгрыю. I да майго новага раненьня яна заставалася без прыцэлу.
А наконт танка. На фармоўцы ўвосень пачалі прадстаўляць да ўзнагародаў, напісалі і на мяне: «к орудию встал Быков, через канал ствола навел орудие, затем зарядил» і г. д. Але аказалася, што за той танк ужо ўзнагародзілі кагось з дывізійнай артылерыі, якая там таксама страляла. Выходзіць, Быкаў падбіў падбіты танк? Можа, і так, я спрачацца ня стаў, з начальствам тое бескарысна. Тым болей, што на тым часе я ўжо стаў аўтаматчыкам. Не захацеў стаць ад’ютантам у камандзіра палку, крыклівага маёра Коваля, і той са злосьці паслаў мяне ў аўтаматчыкі.