107. Курапаты
107. Курапаты
У краіне пачало адбывацца штось незвычайнае, немагчымае ніколі раней. Шмат якія газэты, нават маскоўская «Правда», пісалі аб неабходнасьці перабудовы, беспэрспэктыўнасьці савецкай эканомікі. Я надрукаваў некалькі артыкулаў у «Известиях» (шчыраваньнем Матукоўскага), у «Зьвязьдзе» і нават у «Советской Белоруссии». Галоўным чынам наконт нашага нядаўняга мінулага. «Комсомольская правда» зьмясьціла мой артыкул у абарону духоўных каштоўнасьцяў. То быў адказ на публікацыю вядомага ваяўнічага бязбожніка, прафэсара Крывялёва. Цяпер бы я такі артыкул не пісаў, але што зробіш, упушчанага ня вернеш. Тады здавалася, што рэлігія будзе на баку дэмакратыі, бо Хрыстос па сутнасьці быў дэмакратам. Аднак сталася інакш. Праз дужа кароткі час праваслаўная царква і камуністы даволі гарманічна паядналіся — галоўным чынам на еднасьці імпэрыялістычнай ідэі, што прычынілася да разбурэньня рэлігійных ілюзіяў у постсавецкім грамадзтве.
Старая савецкая ідэалёгія ўпарта не хацела саступаць са сваіх пазыцыяў. Калі Элем Клімаў зьняў па сцэнару Адамовіча неблагі фільм пра партызанку, чыноўнікі ад кінематографу рэзка супрацівіліся. Зьняты ў Беларусі, ён, натуральна, ня мог абысьці ўвагу беларускага кіраўніцтва, і калі фільм неяк падтрымліваў Кузьмін, дык рэзка супраць выступаў аддзел культуры ЦК. Аднойчы менавіта Кузьмін арганізаваў абмеркаваньне фільму грамадзкасьцю, для чаго былі запрошаны партызаны, ветэраны, некаторыя пісьменьнікі. Мы з Сульянавым выступілі ў падтрымку фільму, Антановіч — супроць, і з таго часу рэзка разышоўся з Адамовічам.
Toe разыходжаньне не было нечаканасьцю для абодвух. Супраць Адамовіча на тым часе стварылася пэўная апазыцыя ў Беларусі, асабліва сярод маладых нацыяналаў. Прычына таго была простая — Адамовіч сваю прозу пісаў парасейску, хаця літаратуразнаўства і крытыку — па-беларуску. Аднойчы ён зьмясьціў (здаецца, у «ЛіМе») дыскусійны артыкул пра неабходнасьць падвышэньня інтэлектуальнай вартасьці беларускай прозы, якая, на думку аўтара, празьмерна ўпадабала грэцца каля нацыянальнага «цяпельца». Toe выклікала гарачае незадавальненьне маладых, падагрэтае пэўнымі людзьмі з ЦК. Урэшце і кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў Ніл Гілевіч стаў у шэраг праціўнікаў Адамовіча, што стала для апошняга зусім нясьцерпным і падрыхтавала ягоны ад’езд у Маскву. Там яго абралі дырэктарам інстытуту кінамастацтва. Шмат хто ўзрадаваўся ад’езду, мне ж стала дужа сіратліва бяз Сашы. Хаця ён і званіў з Масквы, коратка пісаў, зрэдку прыяжджаў у Менск, дзе заставалася ягоная сям’я — жонка Вера і дачка Наташа. Але ўжо было пэўна, што ў Менск ён ня вернецца — на вялікі жаль ягоных сяброў, якія яго вельмі любілі. Некалі звычайна маўклівы Навум Кісьлік сказаў пра Сашу: «Калі б ён піў, яму б цаны не было». Гэта была вышэйшая адзнака Адамовічу ад пітной кампаніі. Але ў Менску яму даўно стала цесна і душна, зрэшты, таксама як і ў Маскве, адкуль ён аднойчы ўжо ўцякаў менавіта ў Менск. Мабыць, чалавеку гэткага сумленьня і таленту нідзе няма месца на сьвеце. У Менску ён прабыў столькі гадоў толькі дзякуючы падтрымцы Кузьміна, якога насуперак шмат чаму цаніў і нават любіў. Здаецца, тое было ўзаемна.
Галоўным рэдактарам «ЛіМу» тады быў Анатоль Вярцінскі, ён намагаўся рабіць газэту пісьменьнікаў актыўным барацьбітом за перабудову, надрукаваў шэраг сьмелых і глыбокіх артыкулаў пра палітыку і асабліва пра стан беларускай мовы. Аднойчы ён пазваніў мне і папрасіў пра адну паслугу. Рэч была ў тым, што два аўтары — Зянон Пазьняк і Леанід Шмыгалёў — прынесьлі яму артыкул пра знойдзеныя пад Менскам пахаваньні ахвяраў НКВД 30-х гадоў. Каб надрукаваць артыкул, трэба «паплавок» — кароценькая прадмова кагось з аўтарытэтных аўтараў, якога ён бачыць у асобе Быкава. Зь Зянонам Пазьняком я ня быў знаёмы, ведаў толькі, што ён піша кніжкі па краязнаўстве і ёсьць аўтарам вельмі добрага артыкулу пра мову, надрукаванага ў эстонскім часопісе «Радуга». У той жа дзень Пазьняк пазваніў мне, і мы спаткаліся каля знакамітай у Менску турмы — Пішчалаўскага замку. Пазьняк выглядаў старэйшым за свае няпоўныя пяцьдзясят гадоў, быў стрыманы і ветлівы, перадаў мне рукапіс артыкулу, які я прачытаў дома і напісаў кароценькую ўрэзку. Прадбачачы, вядома, які вэрхал паднімецца пасьля публікацыі.
Так яно і сталася. Але ў адрозьненьне ад мінулых часоў цяпер і другі бок мог пастаяць за ўласныя прынцыпы. А прынцыпы гэтыя былі наскрозь выкрывальніцкія ў адносінах да нядаўняга чэкісцкага мінулага. Публікацыю «ЛіМу» падхапілі некаторыя расейскія СМI, польская «Газэта выборча», а затым іншыя замежныя газэты. Урад Беларусі быў змушаны неяк рэагаваць і стварыў камісію па расьсьледаваньні, маючы надзею неяк усё ўтаіць. У тую камісію ўвайшлі высокія ўрадоўцы, генэральны пракурор, старшыня КДБ, некаторыя дэпутаты-пісьменьнікі і мастакі. Старшынёй была прызначана Ніна Мазай, віцэ-прэм’ер ураду. Вырашылі ўсё пачаць з пошуку дакумэнтаў у КДБ. Але старшыня КДБ генэрал Шыркоўскі, у кабінэце якога мы сабраліся, з гаркатой паведаміў, што нічога няма. Усё пагарэла ў вайну, панішчана нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі. З сваіх рук ён паказаў некалькі папкаў асабістых справаў, там сапраўды нічога нельга было зразумець. Калі расстралялі, дык было невядома, дзе і хто? Пасьля шрыфтовага надпісу энкавэдыста стаяла чарнільная закаручка, зь якой немагчыма было прачытаць прозьвішча. Умелі шыфраваць, нічога ня скажаш…
Затое на месцы ямаў за кальцавой дарогай справа выглядала іначай. Група салдатаў раскопвала курганкі і ямкі. Раскопвалі паводле ўсіх правілаў археалёгіі, кіраваў сам Пазьняк, пераціраючы ў пальцах кожны драбок зямлі, усё абмерваў і замалёўваў. Вельмі хутка набралася груда касьцей, прастрэленых у патыліцу чарапоў, рэшткаў абутку, асабістых рэчаў, шмат гільзаў ад наганаў. Другая група людзей абышла навакольныя вёскі, сабрала сьведчаньні пра тое, як тут у 30-я гады прывозілі зь Менску людзей і стралялі. Пыталіся: ну а ў вайну ці стралялі тут каго немцы? Адказ быў аднолькавы: у вайну тут нікога не расстрэльвалі, немцы стралялі ў іншым месцы — у Трасьцянцы. (Тое, аднак, не перашкодзіла іншай камісіі, створанай пры Лукашэнку, сьцьвярджаць празь якіх шэсьць гадоў, што тут немцы расстралялі гамбургскіх яўрэяў.) Тады ж афіцыйныя ўлады, у тым ліку і генпракурор са старшынёй КДБ, змушаныя былі прызнаць факт злачынства НКВД. Пра тое яны нават выдалі ў Маскве кнігу. Увогуле ўсё было дасьледавана і зразумела, камісія склала адпаведны акт. Закінутае ўрочышча на ўскраіне Менску набыло назоў Курапаты і зрабілася ахвярным сымболем Беларусі.
Каб той сымболь неяк адзначыць на месцы, трэба было стварыць помнік ці хоць бы які знак. За тое ўзялася адмысловая камісія пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі В.Шаранговіча. Але спрыяльны для таго час, відаць, быў упушчаны, набліжаўся камуністычны рэванш. Камісія і асабліва яе старшыня не знайшлі ў сабе волі выбраць зь немалой колькасьці праэктаў здатны для матэрыяльнага ўвасабленьня і канчаткова завалакіцілі справу. Нейкі знак там збудавалі паводле ініцыятывы прэзыдэнта Клінтана, якога прывёў у Курапаты лідэр апазыцыі З.Пазьняк. Той знак у выглядзе мармуровай лаўкі неаднойчы спрабавалі разьбіць, пастаўлены грамадзкасьцю крыж валілі, — рэжым рабіў усё, каб сьцерці зь людзкой памяці злачынства бальшавікоў. Цяпер там пракладваюць шасэйную дарогу, каб тое злачынства назаўжды закаціць пад асфальт.