74. Агент Абверу

74. Агент Абверу

Не пасьпеў прыехаць дадому, як — званок ад Дубавінкіна: Касінец ужо ў Горадні, можна арганізаваць сустрэчу. Можна ў гасьцініцы. Дамовіліся, што праз гадзіну прыйду.

Спаткаў каля дзяжурнай незнаёмы чалавек у штацкім, павёў на паверх. У страшэнна накураным нумары сядзеў на ложку змрачнаваты немалады чалавек. Чэкіст пакінуў нас удвух. Я прысеў ля стала. «Дык раскажыце…» Чалавек пачаў успамінаць — трудна, неахвотна, коснаязычна. І нарэшце змоўк. «Ат, не магу я так. Каб што глыкнуць…» Я зразумеў і павёў яго ў рэстаран, дзе мы абодва глыкнулі і вярнуліся ў ягоны накураны нумар. Перадыхнуўшы, чалавек пачаў свой гаротны аповед. Цяпер гаворка лілася складна.

«Вайна застала мяне ў Беластоку, я быў тады камандзір роты сувязі. Старшы лейтэнант. Полк разграмілі. Дывізію разграмілі. Армію разграмілі. Паасобнымі групамі прабіраліся на ўсход. Паасобныя групы таксама разграмілі. Трапіў у палон.

Апынуўся ў палявым шталагу. Вёска Калбасіно, во тут, пад Гродна. У чыстым полі дзесяць тысяч людзей. Hі жраць, ні піць. Пад дажджом і сонцам. Сабралі чалавек пятнаццаць — капаць капанір. Капаем. Сілы ўжо не засталося. Я са злосьці вылаяўся і спалохаўся. З брустверу на мяне глядзіць немец. Чыста апрануты. Малады, Афіцэр. „Ком!“ Ну вылез. Кіўнуў галавой — комэн зі! Некуды павёў. Тады ўжо іх стала два. Зайшлі ў іх кантору. Пачаму ругалі нямецкую ўладу? — Я не ругаў. — Я чуў. Мы вас зараз расстраляем. (Ну, што ж, страляйце, — думаю сабе. — Але штось непадобна.) — Вы хочаце тодт? — Быццам бы не, кажу. Толькі дваццаць шэсьць год маю. — Гут, кажуць. Пойдзеце на абучэньне. Нічога не разумею — куды? На каго?

Тым ня менш павялі. Пасьля павезьлі ў нейкі штаб. Там яшчэ допыты — ужо пад пратакол. Праз ноч кудысь павезлі ў крытай машыне. Куды — не зразумець. Але далёка. Цэлую ноч ехалі. Нас там ужо набралася чалавек дзесяць. I трое немцаў з аўтаматамі. Канешне, можна б уцячы. Каб, скажам, везьлі на расстрэл. Але ж, мабыць, вязуць не на расстрэл. А горш, чым у шталагу, наўрад ці будзе.

Карацей кажучы, прывезьлі ў нейкі польскі гарадок, заехалі за агароджу. А там абвэршуле А-3. Значыць, будуць вучыць на разьведчыкаў. Проціў сваіх, рускіх. Што ж, думаю, абучайце, спатрэбіцца. Як навучуся, я вам разьведаю. Абы толькі дапяцца да фронту. Адсюль усё ж далекавата.

Абучалі тры месяцы. Ну там — сувязь, кансьпірацыя, шыфры-коды і парашутная справа. Тэарэтычна, вядома. Курсанты — усе такія, як я, пераважна сувязісты. Між сабой ніякіх размоў, толькі пра вучобу. Але ўпэўнены — усе думаюць адно: толькі б дапяцца да фронту.

Раньняй вясной пачалі адбіраць, кудысь вывозіць па 2–3 чалавекі. Надышла і мая чарга. Выпала ў пары зь Лёшкам Кнышом. Хлопец такі, малады лейтэнант зь Віньніцы. Снарадзілі рацыі, шыфры, грошы па тры пачкі, запасныя батарэі. Надзелі парашуты і — у самалёт. Перад адлётам — заданьне: пранікнуць у горад Горкі, уладкавацца на вайсковы завод. I наладзіць сувязь. Яволь, гер маёр, наладзіць сувязь.

Доўга ляцелі праз ноч. Зямля ўнізе, за аблокамі ні чарта не відаць. Нарэшце каманда: шпрынген! Пайшлі — чорт ведае куды. На злом галавы. Прызямліліся ў полі, блізка лясок. З другога боку вёска.

Раней мы з напарнікам нават не пагутарылі — неяк было. Што ён думае — невядома. Але можна здагадацца. I я кажу: „Капут, Лёха! Айда ў вёску, папытаемся, дзе сельсавет і — хэндэ хох!“

Пайшлі ў вёску. Усё начыньне з сабой, толькі парашуты кінулі. Бо занадта на горбе набралася. У вёсцы спыталі ў цёткі, дзе сельсавет? Не сказала. Толькі паглядзела падазрона, спалохана. Папыталіся ў падлетка. Той кажа, што тут сельсавету няма, у другой вёсцы, кілямэтраў празь пяць. Што ж, пайшлі ў тую вёску. Па дарозе-прасёлку. А ўжо добра разьвіднела. Iдзём, на душы трывожна. Але трывожна цяпер заўсёды…

I тут ззаду фурманка. Думаем, ну падвязуць. Трое мужыкоў, адзін у вайсковым. I да нас: хто такія, вашы дакумэнты? Мы кажам: ідзём у сельсавет, там пакажам дакумэнты. Э, не — рукі ўгору! Што было рабіць? Паднялі рукі. Тыя абшукалі і аж задрыжэлі ад страху ці радасьці, — дывэрсанты! Так, дывэрсанты, кажам. Iдзём здавацца.

Прывезьлі ў раённы НКВД ужо са зьвязанымі рукамі. Дакладваюць: злавілі на дарозе. Лухта, канешне, але ім вераць, а нам не.

Ну а далей пайшло, паехала. У раён, у Горкі, адтуль у Маскву. Камэры, допыты, чэкісты. Зь Лёшкам нас разлучылі, ня хутка я яго ўбачыў. Шылі, вядома ж, адно і тое: здача ў палон, здрада радзіме, шпіянаж і дывэрсіі. Я кажу: які ж шпіянаж, мы ішлі здавацца. Ды на тое — нуль увагі. Але адчуваю, у іх там нязгода паміж сабой. Найперш — хто затрымаў? Пра тых мужыкоў на дарозе ўжо няма і гутаркі — у пратаколах фігуруюць два — маёр і падпалкоўнік. У тое, што мы ішлі здавацца, ня вераць. Затрыманы ў зоне аб’екту. Якога аб’екту, мы і ня ведалі. Кажуць: няведаньне закону не вызваляе ад адказнасьці. Такія законьнікі. Я ўжо прашуся: пашліце на фронт. Сваю віну іскуплю крывёю. Нават жыцьцём гатовы іскупіць. Ого, чаго захацеў, кажуць. Тваю віну іскупіць ня хопіць усёй крыві. Каб вы апруцянелі, думаю.

Аднойчы раптам — на машыну і ноччу ў нейкі гарадок. Высокі забор, драцяная агароджа. Але не турма быццам. Побач нейкія казармы. Тут нас зноў злучылі з Лёшкам. Прывезьлі ўсё нашае снараджэньне. Аказваецца, рыхтуецца так званая радыёгульня. Мы павінны выйсьці на сувязь зь нямецкім цэнтрам А-3. Ну, пачалі… I праўда, выйшлі на сувязь. Але здарылася няўпраўка — я забыўся адзін пароль. Прыпынілі сувязь, мяне хацелі расстраляць тут жа. За сабатаж. А я і праўда забыўся. Што, я дужа трымаў яго ў памяці ці зьбіраўся ім карыстацца? Але во дзіва: як прыпякло — успомніў. Ну, пачалі зноў… Думаў, немцы здагадаліся. Не, быццам. Увогуле яны нездагадлівы народ. На тым і гарэлі…

Трэці заход пачаўся лепш, ды і маёр Трацякоў пачаў нешта цяміць. Здагадлівы аказаўся. Пачалі перадаваць нейкую зашыфраваную лухту, быццам па выпуску танкаў, таўшчыні брані — лабавой і бакавой асобна. Немцы прымалі, нават дзякавалі за каштоўныя зьвесткі. Так доўжылася зь месяц. А пасьля загад з А-3: вярнуцца назад спосабам пераходу фронту. Ну, думаю, правал! Штось западозрылі. Значыць, канчай баль, тушы сьвечкі. Можа, цяпер пашлюць на фронт або расстраляюць. Аж не. Да нашага Трацякова падключыліся яшчэ два падпалкоўнікі і кажуць:

„Трэба пайсьці. Так патрабуюць правілы гульні. Тым болей, што ўказана месца пераходу, пароль. (Памятаю, пароль — Вільлі.) Чаго трусіш? Усё гут!“

Паслалі аднаго, Лёшка застаўся. Прывезьлі на фронт пад Дзямянскам. Ноччу падпоўз да перадку. Сьнег, калючы дрот і — ракеты смаляць у неба. Ля ўскраіны пабуранай вёскі, дзе дзьве вербіны, папоўз. У полі поўна трупаў — нашых і немцаў, а між іх — пацукі. Тыя пацукі — да мяне. Beдама ж, жывы, цёплы… Адбіваюся рукамі і нагамі. Падпоўз блізка да нямецкай траншэі, бачу, быццам каска над брустверам вытыркаецца. Ня ведаю, як быць: ці паўзьці проста туды, ці крыкнуць пароль. Усё ж крыкнуў так ціха: Вільлі! А той у мяне — гранатай. Граната ўдарылася, адскочыла і — выбух. Засыпала сьнегам, але не зачапіла. А я ў той момант — бухнуўся ў траншэю і ўсё лепячу: Вільлі, Вільлі… А немец да мяне: „Які д’ябал (дэр тойфель) Вільлі? Iх бін — Рудзі!“. Усё пераблыталі, немаведама хто — ці нашы, ці немцы. Хаця тут ужо і ў мяне ў галаве пераблыталася — хто нашы, хто ня нашы. Але не застрэлілі на нэўтралцы, і то добра.

Ну павезьлі ў тыл. Пароль „Вільлі“ ўсё ж падзейнічаў, ня тут, дык у гестапа. Прывезьлі ў каманду А-3, абвэршуле, значыць. Там сходу — допыты. Ды такія, што куды там нашым! Ня ведаю, як мне пашэнціла выкруціцца, не засыпацца. Чаму доўга маўчалі, не выходзілі на сувязь? — Дык жа ня вырвацца, кажу, з вытворчасьці танкаў. За прагул жа ў бальшавікоў — турма, пастанова Вярхоўнага Савету, самога Калініна. — О, яволь, гэта яны ведаюць. А чаму раптам прыпыніўся першы сэанс сувязі? — Кажу: — за горадам у парку было. Толькі раскінулі антэну, а тут аднекуль жанчына, прэ на мяне. Дык я, ведаеце, спусьціў штаны, быццам патрэба прысьпічыла. Ну, яна ў другі бок… — О, гут, правільна, спрытны агент!

Пасьля яшчэ розныя іспыты-допыты. Падаслалі правакатара з нашых жа. Усё прайшоў, далі тыдзень адпачынку ў суседнім гарадку. А празь месяц узнагародзілі, — мэдаль за заслугі. Нейкі час у шуле бы інструктарам быў, распавядаў новенькім, як трэба здабываць у бальшавікоў танкавыя сакрэты. Памятаю, глядзелі на мяне гэтак хітравата, мабыць, слаба верылі. Але я стараўся — заліваў кулі.

Улетку сорак чацьвёртага, як пачаўся наступ, зноў — парашут, рэчмяшок з толам і на аэрадром. Гэты раз трох, я — старшы. Задача — дывэрсіі на магістралях. Выкінулі ноччу, якраз на пазыцыі цяжкой артылерыі. Не пасьпелі прызямліцца, як — хэндэ хох! Аднаго забілі. Мы двое — у пляну. Але тады ўжо ў мяне быў свой (наш) пароль. — Кажу: давайце ў сьмерш! Зразумелі, адправілі ў Маскву. Болей да немцаў ужо не пасылалі, радыёгульню спынілі. Але і ад сваіх меў мала радасьці. Паўгоду сядзеў, дапытвалі, выясьнялі, ці не двайнік. Дык двайнік, кажу, хіба ж я хаваю. У Маскве той самы Трацякоў, палкоўнік ужо, з двума ордэнамі. Два падпалкоўнікі таксама ўзнагароджаныя баявым Чырвоным сьцягам — за пасьпяховую радыёгульню. А мне толькі пасьля перамогі кіданулі Айчынную другой ступені. Але і тады я ўсё працаваў на іх — езьдзіў па чыгунках і на вакзалах, у вагонах — адсочваў агентаў. I, ведаеш, аднойчы ў Менску спаткаў свайго Аляксея. Сядзіць у кутку на вакзале, дрэмле. Падышоў, сеў поруч і ня ведаю, што рабіць? Галоўнае — з кім ён цяпер, Лёха? Можа, раскрыты, законны, а можа, туляецца. Калі так, трэба арыштаваць. Але як? Крануў яго за плячо, прачнуўся, пазнаў. Але няшмат радасьці ад спатканьня, гляджу, быццам баіцца. Кажу, можа, пройдзем у горад, абмыем спатканьне? Пайшлі. Я ўсё паварочваю бліжэй да НКВД, гляджу — ён быццам ня збочвае, не туляецца. Паганае адчуваньне, ды што зробіш? Я й думаю: можа, чалавек жыцьцё наладзіў, ажаніўся, працаваць пачаў, а я яго — на здачу. Але ж як інакш? Ну прывёў у аддзел, такі тайны пункт на першым паверсе, там дзяжурны. Кажу: во прывёў. А Ляксей да мяне: гэта я прывёў, бо ты — агент абвэра. Аказваецца, і ён у гэткай жа самай ролі. Во паразумеліся! Аж брыдка стала адзін ад аднаго.

А цяпер? Цяпер ў лясгасе раблю. Дзёгаць гонім для нужд хімічнай прамысловасьці. Зарплата малая, не ўкрадзеш — не пражывеш. Але мне ўкрасці — ого! Усё пад наглядам, ненадзейны тып. А вы што — пісаць будзеце? Няўжо дазволілі?»

Так, я хацеў напісаць. Лёс гэтага чалавека мяне крануў. Толькі, вядома, пісаць усё, як было. Дакумэнтальны нарыс. Сказаў пра тое Дубавінкіну, той паведаміў у Менск. Адтуль паступіў адказ: справа пакуль не рассакрэчаная, дазваляецца скарыстаць яе толькі ўскосна. Мінімум праўдзівасьці. Пішыце літаратурную аповесьць з акцэнтам на дзейнасьць контрразьведчыкаў. Я сказаў, што для аповесьці там мала зьместу, аповесьць усё ж іншы жанр. Не чэкісцкі, а літаратурны.

На тым «чэкісцкі праэкт» і скончыўся. Дубавінкін пасьля сказаў, што я яго падвёў. Можа, і падвёў, але ня надта. Бо неўзабаве ён атрымаў падвышэньне і перабраўся служыць у Падмаскоўе. У Горадні аб ім, аднак, не бедавалі.