24. Наступ па Венгрыі
24. Наступ па Венгрыі
16 сакавіка магутным выбухам на сьвітаньні (гэта немцы ўзарвалі ўсё тую ж пераправу пад Шаманторніяй) пачаўся іхні адыход і нашае наступленьне на захад. Наступалі па тых жа мясьцінах, дзе месяц таму абараняліся, дзе наш полк разграмілі нямецкія танкі.
Як праяжджалі каля маёй агнявой пазыцыі, дзе гарэлі ракеты, спыніліся, і камандзір палку загадаў завярнуць убок, на старыя пазыцыі разгромленых батарэяў, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапілі гармату і на «студэбэкеры» паехалі недалёка ад дарогі ў поле. На падножку машыны да нас ускочыў капітан-сьмершавец, і я з пэўнай трывогай падумаў: навошта?
Пазыцыі ўзводу Беражнога былі крайнія, мы адразу ўбачылі яго разьбітую гармату, разварочаны гусеніцамі ровік, некалькі трупаў салдатаў і яго самога — на броўцы ровіку з раскінутымі рукамі. Дзяга зь яго была зьнятая, пісталета не было ўжо, з гімнасьцёркі хтосьці зьвінціў ордэн Чырвонага сьцягу. Залітая крывёй гімнасьцёрка ссохлася. Скрынкі са снарадамі былі ўсе побач, але гармата… У вогуле яна была цэлая, толькі ствол — пялёсткамі ўбакі. Значыць, узарваная. Гэта было вельмі кепска. Гляджу на капітана, а той падышоў, пруцікам пастукаў па ствале і кажа, пазіраючы нам у вочы: «Глядзі, гэта ж трэба было, так трапіць. Трапіць у самы ствол!» — кажа так, каб усе пачулі. I салдаты каб учулі, і я таксама. Я паглядзеў на яго і крыху зьдзівіўся, а пасьля зразумеў, што капітан гэта — знарок. Бо сам ён артылерыст (ва ўсякім разе такія эмблемы насіў) і ў гэткіх справах павінны быў разьбірацца. Канешне, падарваў не Беражны, ён ужо забіты, значыць, хтосьці з жывых. То ўжо была падсудная, трыбунальная справа, і сьмерш мог яе раскруціць. А ён даў нам знак, што лічыць гармату разьбітай з нямецкага танку. I праўда, болей размоў аб тым не было. Забралі некалькі скрынак снарадаў. Забітых не ўзялі, іх павінны былі пахаваць тылавікі, мы сьпяшаліся, бо немцы адступалі.
…Ноч некуды ехалі, ехалі — па нейкіх мокрых і гразкіх прасёлках, па полі, пад ранак прыехалі на ўскраіну сяла, паставілі гарматы абапал сьцірты. Чутно, як непадалёк адбываўся якісьці рух — гырчэлі маторы, штосьці гуло, шархацела, часам чуліся прыглушаныя галасы. Iшлі калёны. Немцы ад Будапешту прарываліся на захад.
Як стала трошкі сьвітаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Iшоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока і трапна ўзяў іх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынілася, заднія пачалі напіраць на пярэдніх, пярэднія гарэлі. Пяхота ў паніцы кінулася ў поле, і мы расстрэльвалі яе асколачнымі. Пасьля, як усё скончылася, нешматлікія машыны ўцяклі, а пяхота разьбеглася, мы пайшлі паглядзець, што нарабілі. Жудасна было тое бачыць… Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чацьвёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкісты разграмілі нямецкую штабную калёну.
Гэта быў ці не апошні бой на венгерскай зямлі, за восень, зіму і вясну багата палітай нашай крывёю…
Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, зь нядоўгімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў — шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пушчаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генэрал у камбінезоне, але з генэральскай фуражкай на галаве, і якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусьцікамі пачалі акопвацца. Iншых, што ехалі за намі, немцы не пусьцілі, спалілі некалькі машынаў, і болей ніхто празь іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваіх, мы не клапаціліся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і ня ведаць. I нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генэрал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. I, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў дождж. (Зрэшты, у вайну, калі пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся і дождж. Iншы раз ён і не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькі дождж хлынуў, я выскачыў з ровіку[: ] давайце за машынай і хутчэй адсюль. Але куды — наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы… Трохі некуды ад’ехалі, за нейкія кусьцікі, ад якіх было бліжэй да немцаў, чым да сваіх, і тым уратаваліся. Пад носам у немцаў стала спакайней.