67. Ягоная Галгофа

67. Ягоная Галгофа

Карпюк распавёў нам з Клейнам, што абвінавачваньні яму прад’явілі такія, што без суду можна было яго расстраляць. Здаецца, іх было сем, і сярод іх такія: платнае супрацоўніцтва з фашыстамі ў канцлягеры Штутгоф; дэзэртырства з партызанскай брыгады; укараненьне ў савецкую разьведгрупу агента гестапа; сувязь з агентам паліцыі; самазванае прызначэньне камандзірам атраду і яшчэ нешта драбнейшае. Вядома, Карпюк адразу кінуўся іх абвяргаць. Першым чынам паехаў у Менск, у архіў партызанскага руху, дзе, аднак, не знайшоў ніводнага дакументу з свайго атраду. Не было нават і той справаздачы, якую ён уласнаручна пісаў улетку 44-га пасьля вызваленьня Беларусі. Тады ён напісаў усім сваім знаёмым партызанам, каб тыя засьведчылі яго камандзірства. I не атрымаў ніводнага адказу. Затое празь нейкі час яму паказалі ў гаркаме каля 20 іхніх сьведчаньняў, і ўсе супраць яго, былога іх камандзіра. Там жа, у справе, быў падшыты і аркуш былога камбрыга Вайцяхоўскага, які пісаў, што камандзірам грамадзяніна Карпюка ніколі не прызначаў і наогул такога атраду ня ведае. Toe ўжо магло зьбянтэжыць каго заўгодна. Карпюк кінуўся ў Ленінград, дзе на пэнсіі жыў камбрыг. Той ласкава прыняў яго і кажа: «Лёша, чаго ты хочаш? Я напісаў тое, што мне сказалі. Магу табе напісаць іншае, па-праўдзе». I напісаў іншае, па-праўдзе, зь якім Карпюк прымчаў дадому і пабег у гаркам. Магільніцкі прачытаў паперу і заявіў: «У нас ёсьць іншы дакумэнт Вайцяхоўскага, завераны пячаткай, а гэта — пустая пісулька». I кінуў «пісульку» Карпюку.

Наконт укараненьня нямецкага агента ў нашу разьведгрупу я ўжо штось ведаў — зноў жа з гутарак Карпюка з Вайцяхоўскім. Справа выглядала так. Улетку 44-га пасьля вызваленьня Карпюк у ліку іншых партызанскіх камандзіраў быў пакліканы ў Менск, каб напісаць справаздачу пра дзеяньні атраду. Аднойчы ён зь сябрам, таксама партызанскім камандзірам Андрэевым, ішоў уздоўж драцяной загародкі, за якой тоўпіліся нямецкія ваеннапалонныя. I раптам Карпюк убачыў там знаёмага немца, зь якім колісь сядзеў у канцлягеры. Немец таксама пазнаў яго. То быў неблагі немец, добра адносіўся да савецкіх, частаваў іх курывам. На тое зьвярнуў увагу Андрэеў, і Карпюк распавёў, адкуль у яго гэткае знаёмства. Тады Андрэеў кажа:

«Трэба сказаць ахове, хай яны яго вызваляць». Так і зрабілі. Зайшлі да аховы, і Карпюк распавёў пра аднаго з ваеннапалонных. Болей ён таго немца ня бачыў. Толькі пасьля стала вядома, што немца перавербавалі, уключылі ў якасьці перакладчыка ў нашу разьведгрупу, якую закінулі ў чэшскія Татры. Але там група загінула, і віна за тое легла на перакладчыка. А цяпер яшчэ і на Карпюка. Так усё спрытна зьвязалі.

Тое, што маёр Хамін фармуляваў як дэзэртырства Карпюка з партызанскай брыгады, было, па сутнасьці, ягонымі ўцёкамі з адной брыгады ў другую. Сталася так, што ў той першай брыгадзе, у якую Карпюк прыбег зь лягеру, яму не паверылі, западозрылі і меліся расстраляць. Уцёкшы з канцлягеру, Карпюк легка ўцёк з саплівай зямляначкі і прыбіўся да іншай брыгады, якой камандаваў Вайцяхоўскі. Той паверыў хлопцу, выпрабаваў яго ў баях і затым прызначыў камандзірам атраду сваёй брыгады. (Тады паверыў, а цяпер памагае зацягнуць пятлю на шыі колішняга свайго падначаленага.) Прыкладна такімі ж прыцягнутымі за вушы былі і абвінавачваньні ў сувязі з агентам паліцыі. Тым агентам быў мясцовы лясьнік, які адразу ж, як яго завербавала паліцыя, прыбег у брыгаду і сказаў: «Вазьміце мяне ў атрад, бо мне там нельга». А той жа камбрыг яму кажа:

«Чаго ты баішся? Працуй, інфармуй нас». Ён так і рабіў — працаваў на два фронты, а сувязь з брыгадай трымаў праз атрад Карпюка. Праўда, як заўжды, двайная гульня кепска скончылася, — пасьля вайны таго двайніка ўзялі. А цяпер за яго ж хочуць узяць і камандзіра атраду.

Мы з Клейнам меркавалі, што калі як сьлед намагчыся, дык гэтыя абвінавачаньні магчыма абвергнуць. Заставалася, аднак, галоўнае: платнае супрацоўніцтва Карпюка з фашыстамі ў Штутгофе. Хамін для доказу таго падрыхтаваў дакумэнт — старонку зь фінансавай ведамасьці, дзе значыўся подпіс Карпюка. Карпюк сам нам аб тым распавёў і сказаў: «Не магу даўмецца, адкуль тэты подпіс. Але подпіс мой». Тое ўжо было горш. Аднойчы ў Менску, улучыўшы зручны момант на нейкай нарадзе, я распавёў Кузьміну аб фальсыфікацыях супраць Карпюка. Той моўчкі выслухаў і кажа: «Галоўнае — там росьпіс за маркі. А ўжо немцы задарма грошай ня плоцяць».

З тым цяжка было не пагадзіцца.