18. Братаньне
18. Братаньне
Тут, можа, варта вярнуцца назад і распавесьці, як на пачатку вясны адбылося ў нас «братаньне зь немцамі». Сталася тое, як і ў «Праклятай вышыні», хаця, можа, трошкі і ня так. Можа, страшней нават. Сапраўды, тыя падзеі здарыліся ў роце аўтаматчыкаў. Вясна, а неяк сапсавалася надвор’е, шыбанула завея, сьнегу наваліла гурбы. А пасьля раптам — сонца, сьнег адразу растаў, зноў вясна.
Во якраз у тую ноч перад вясной немцы прагналі роту з вышыні і асталяваліся на ёй самі. А нашы замест таго, каб зноў атакаваць, рашылі замірыцца, адпачыць, пакуль начальства далёка, штабы адсталі. Iніцыяваў усё старшына роты. Унізе працякала рачулка, за якой тая вышыня, а нашыя заселі на гэтым схіле. I во старшына выйшаў да рэчкі, паклікаў нямецкага обэр-лейтэнанта, і яны заключылі перамір’е. Наладзілі сувязь… Сталі хадзіць і нашы, і немцы. Памыць парцянкі, перакінуцца махоркай і атрымаць замест цыгарэты. Ну і размовы. Словам — братаньне, самае што ні ёсць. I доўжылася яно два дні. Камандзір роты якраз адсутнічаў, яго замяшчаў узводны, малады хлопец. А выкрылася як? Праз два дні, як параненых адпраўлялі ў тыл, тамашні санінструктар і «стукнуў». Натуральна, начальства ўзьвілося…
Аднаго разу ноччу дзьве мае саракапяткі перакідваюць на чужы ўчастак. Ну, трошкі мне дзіўнавата, але што ж, бывае, чаго начальства ня выдумае. Да ранку збольшага акапаліся, сядзім. Пяхота крышку наперадзе і ўнізе, неспакойная, усё варушыцца. Нешта чуем краем вуха, а не разумеем. Ззаду падвезьлі мінамёты, артылерыю. Я — на прамой наводцы. I во толькі разьвіднела, гляджу — ідуць немцы да рэчкі. Iдуць так свабодна, са зброяй, але адкрыта зусім. Падыходзяць да рэчкі і крычаць: «Эй, Iван!». I яшчэ нешта. А ў нас усё замерла. Яны пастаялі, між сабой пагутарылі, пасьля нешта, відаць, западозрылі, і двое бягом назад. Астатнія таксама пачалі ад рэчкі адступаць. I вось тады нашы ўрэзалі. Спачатку артылерыя, затым падняўся батальён — цераз рэчку на вышыню. А яны маўчаць. Вось ужо ззаду рэчка і лужок, затым пайшла разьмяклая ральля на схіле, а за ім надта крутое месца зь невялічкімі кусьцікамі, там ужо самая вышыня. Як да гэтых кусьцікаў дайшлі, тут ужо яны ўрэзалі. Толькі некалькі чалавек параненых выпаўзьлі да рэчкі.
Пасьля месяц цэлы бралі гэтую вышыню. I ў маі яшчэ атакоўвалі, і ўсё бяз выніку. Так да Яса-Кішынёўскай апэрацыі, да 20 жніўня, яна заставалася ў немцаў. А людзей колькі паклалі! Во гэта я там пасьля ледзьве ня трапіў у палон. Замест мяне трапіў начштабу батальёну.