38. Долінск
38. Долінск
Тут была трохі інакшая атмасфэра — фарсіравалі баявую падрыхтоўку, мелася праверка дывізіі нейкай камісіяй Міністэрства абароны. Зрэшты, тых розных адмысловых камісіяў заўжды было мноства, для салдатаў і нізавых армейскіх падразьдзяленьняў яны ня мелі ніякага значэньня. Затое вышэйшае начальства заўжды ўпадала ад іх у паніку і пасылала свае папярэднія камісіі. Такім чынам, войска кіравалася спрэс камісіямі зь іх праверкамі, кантролем, і — бясконцымі нарадамі, дзе «накручвалі хвасты». Адзін наш новы камандзір дывізіёну падпалкоўнік Дзятлаў заўжды быў спакойны, гэты ўлюбёны ў артылерыю афіцэр, неблагі матэматык, з свае наіўнасьці думаў, што галоўнае для нас — умець па-майстэрску страляць, а не палоць канавы, баючыся прыезду камісій. Кожны тыдзень ён нас, камбатаў, трэніраваў па артстралковай, спакойна, але настойліва выпрацоўваў з нас прафэсіяналаў, майстроў трапнага агню. Сьпярша тое яму ўдавалася, мы, трое яго падначаленых, няблага правялі самыя цяжкія і складаныя батарэйныя стрэльбы па марскіх цэлях, тое ж было пасьпяховым і ў складзе дывізіёну. Камдыў мог быць задаволеным і нават разьлічваць на нейкія даброты ад начальства. Але, як вядома, д’ябал у войску ніколі ня сьпіць, ён заўжды на бязьзьменным дзяжурстве. Падпільнаваў д’ябал і наш дывізіён — неяк уначы загарэлася казарма. Паколькі яна, як, дарэчы, і ўсё тут, была з дрэва, дык да ранку і згарэла датла. Людзі ўберагліся, але згарэла шмат зброі, тэхнікі, рознага вайсковага майна. А тут яшчэ, як прыехалі пажарнікі, у вогнішчы пачаліся выбухі — рваліся снарады і наўкола засквірчэлі асколкі. Як пасьля высьветлілася, то былі прыхаваныя боепрыпасы, якія старшыны мелі ў капцёрках, каб кожны раз перад імітацыйнымі стрэльбамі ня бегаць па іх на склады.
Дагэтуль не магу зразумець, як за той пажар наш Дзятлаў ня страціў пагоны. Ды і мы разам зь ім. Праўда, тое ды іншае страціў адпраўлены на пэнсію немалады ўжо камандзір палку. Мабыць, гэта выратавала іншых. Што да мяне, дык я ў чарговы раз падаў рапарт на дэмабілізацыю. Паколькі ранейшыя мае захады на гэты конт ня мелі выніку, дык я зьвярнуўся да міністра абароны маршала Маліноўскага, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад нашай акругі. Тое давала мне права на адмысловы зварот.
Доўга не было ніякага адказу, і я пачаў ужо думаць, што мой рапарт не дайшоў да маршала. Ды неяк сьцюдзёным студзеньскім ранкам пазванілі з Долінску, каб я неадкладна прыбыў у штаб дывізіі. Адзіная дарога туды колькі дзён была перамецена, і я пашыбаваў чыгункай. Насустрач дзьмуў ледзяны вецер, мароз быў градусаў пад 30. Але я шыбаваў, радуючыся, што, мабыць, нарэшце наш дэпутат звольніць мяне з свае апрыклай мне арміі, якая ўжо рабілася для мяне вечным пракляцьцем. Азяблы і абмёрзлы прыйшоў у пэўную штабную каморку, далажыў. Малады франтаваты афіцэр-кадравік паварушыў на стале паперы і знайшоў патрэбную. «Вы зьвярталіся да Міністра абароны, маршала Савецкага Саюза, дэпутата Вярхоўнага Савету Саюза СССР таварыша Маліноўскага?» — «Так, зьвяртаўся». — «Атрыманы адказ. Зачытваю: паводле артыкулу такога Канстытуцыі СССР служба ва Узброеных Сілах СССР ёсьць сьвяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Растлумачыць тав. Быкаву В. У., што ён як грамадзянін СССР цалкам і поўнасьцю павінен выконваць патрабаваньне Канстытуцыі Саюза ССР. Подпіс: Міністр абароны Саюза ССР, Маршал Савецкага Саюза, дэпутат Вярхоўнага Савету Саюза ССР Р. Маліноўскі. Вам зразумела?» — «Зразумела». — «Расьпішыцеся, што азнаёмлены…»
Бы пабіты, стомлены і падаўлены прыбрыў у свой таежны пасёлак. Даўно ўжо зразумеў, што вырвацца з войска па-добраму — марная справа. Заставалася адно выйсьце — скандал. Але на тое патрэбны быў іншы характар, якім я не валодаў. Зноў жа, тут важна было не перабраць меру, каб замест дэмабілізацыі не апынуцца пад трыбуналам. Як мой колішні сябра Лёшка Клімаў, які, неяк добра «ўзяўшы», нацкаваў на крыклівага начальніка штабу сваю аўчарку — вялізнага, даволі злоснага Джыма, і загрымеў пад суд. З адной няволі прыдбаў яшчэ горшую.
Па дарозе са службы спаткаў знаёмага нампатэха, які сказаў: «Дзівак-чалавек, да каго ты зьвяртаешся! Што мы для міністра, дэпутата і маршала? Во і я, напрыклад. Служу з вайны і ўсё камандзірам тэхроты. Неяк прыехаў Маліноўскі з інспэкцыяй, сабраў афіцэраў — якія жалабы? Ну я і сказаў: званьне не прысвойваюць, 15 год — капітан. Ён да ад’ютанта: запішы. Той запісаў. Чакаю. Увосень загад па кадрах. Параграф першы — званьне палкоўнік прысвоіць… Параграф другі — званьне падпалкоўнік… Трэці — маёр. Я чакаю, мяне ўсё няма. Нарэшце — званьне капітана прысвоіць камандзіру транспартнай роты Сьцепаненку, гэта значыць, мне. Я ўстаў, плюнуў і пайшоў. Дзякуй за клопат, таварыш маршал. Так і хаджу — двойчы капітанам».
Я маўчаў, бо мне ня званьне патрэбна — патрэбна, каб мяне адпусьцілі на волю. Абрыдзеў мне гэты расейскаяпонскі Усход, хачу дамоў. Мінула ўжо чатыры гады, як я абыходжуся бяз водпуску, зьнябыўся на чужыне, сумую па сваіх чэзлых алешніках. Што мне гэтыя таежныя нетры, кедры ды бамбук[?] Ды гэтае вайсковае бязладзьдзе, уціск і дысцыпліна — я хачу дадому.
Але тое былі асабістыя, суб’ектыўныя жаданьні, а служба і рэальнае жыцьцё патрабавалі свайго — жорсткага і канкрэтнага. Кожнага дня, як заўжды ў 9.00 — развод на заняткі. Камандзіру батарэі трэба прыйсьці раней, узяць рапарт ад дзяжурнага, праверыць якасьць «запраўкі коек». О, гэтыя «койкі» ды іхняя запраўка, зь якой пачынаўся лёс кожнага дня! Iх правяралі дзяжурныя, старшына, камбат, а пасьля і камдыў. I ня дай Бог, калі яшчэ праверыць камандзір палку ці начальнік штабу. Ужо яны абавязкова знойдуць, што дзесь крыва ці няроўна, і ўбачаць у гэтым злачынства супраць дзяржавы. Можна быць выдатным спэцыялістам свае вайсковай прафэсіі, «адданым справе ЛенінаСталіна», але калі ў тваёй атэстацыі будзе запісана, што ты недастаткова патрабавальны да выкананьня ўнутранага распарадку, дык ніякага падвышэньня табе ня бачыць. Я ня прагнуў падвышэньня, таму аднойчы і назаўжды плюнуў на ўнутраны распарадак зь ягонымі «койкамі».
Але тое ня значыла, што на яго ж плюнулі мае начальнікі. Яны якраз і ня плюнулі, а засяродзілі на тым усю сваю пільную ўвагу, якую і зафіксавалі ў характарыстыках і атэстацыях Быкава. З гэтага можна зрабіць выснову, што як Быкаў адносіўся да вайсковай службы, так і служба адносілася да яго. Узаемна мы адно аднаго не прымалі.