35. Сярожка
35. Сярожка
Як і здаўна, у арміі карай боскай былі ЧП (надзвычайныя здарэньні). То ўтопяцца, то зваляцца з машынай пад абрыў, то хто застрэліцца падчас чысткі зброі. То нап’ецца. А ў мяне адзін салдат здорава параніў другога. Неблагі салдат, старанны, стаяў на пасту ля гарматы. Як сьцямнела, па беразе ідуць двое, нясуць яму вячэру. А той, як і належала, крычыць: «Пропуск!». Яму адказваюць: «Пярлоўка, Хакімаў! Пярлоўку нясём»… А той зноў: «Пропуск!
Страляць буду!». I бабахнуў. Была цемра, а трапіў, прастрэліў сябру сьцягно. I ніякай адказнасьці, усё адпаведна статуту.
Такія статуты. Статут каравульнай службы патрабаваў, каб у камандзіра, які правярае каравул (ці пост на прахадной), правяралі пасьведчаньне. Але што правяраць, калі гэтага камандзіра два гады ведалі ў твар, кожны дзень бачылі. Але ж трэба. Адзін такі кампалку па-садысцку зьдзекваўся зь дзяжурных на КПП, кожны раз праходзячы праз вароты, цікаваў, ці будуць таксама кожны раз правяраць яго службовае пасьведчаньне. Звычайна пад вечар правяраць пераставалі, на тым і пападаліся. У лепшым выпадку атрымлівалі вымову. Цікава, што ў кадравых афіцэраў тая бязглузьдзіца не выклікала сумневу. Так паложана, звычайна казалі, і далей паложанага не ішлі нават у думках. Здаровы сэнс? Але здаровы сэнс, як казаў адзін знаёмы камбат, у войску не начаваў ніколі.
Самай папулярнай камандзірскай якасьцю была строгасьць. Строгасьць і патрабавальнасьць — былі абавязковыя для ўсіх камандзіраў, пачынаючы ад яфрэйтара і канчаючы палкоўнікам. Шмат якія толькі і трымаліся, а то і рабілі кар’еру дзякуючы дэманстратыўнай строгасьці, што межавала з жорсткасьцю. А калі і пераўзыходзіла яе.
У спэцыфічных умовах экзатычнай аддаленасьці ад краіны афіцэры жылі дужа ізалявана, бальшыню часу бавячы ў сваіх падразьдзяленьнях — ротах-батарэях, разам з салдатамі. Як звычайна ў войску, узаемаадносіны ладзіліся адпаведна субардынацыі — таварышавалі з роўнымі сабе паводле пасадаў і званьняў. Якія-небудзь сяброўскія адносіны паміж начальнікам і падначаленым выклікалі падозраньні, і тады з сваёю ўвагай да іх падключаліся асабісты. У гэтым сэнсе найбольшы клопат несьлі маладыя афіцэры, халасьцякі, якія і пілі, і скандалілі, бо бальшыня зь іх не хацела служыць на гэтым краі зямлі, мкнулася ў Эўропу, ва ўнутраныя вайсковыя акругі.
Нешта ў майго камбата пахіснулася ў адносінах з начальствам (вядома ж, найперш з прычыны ягоных закідонаў), і ён, падобна, вырашыў паправіць рэпутацыю. Аднойчы прыйшоў у батарэю на ўзьбярэжжы пад градусам і аб’явіў збор у зямлянцы на НП. З разьлікаў папыталі: «А процігазы браць?». Як хочаце, адказаў камбат, хаця зноў жа паводле статуту салдат у баявой абстаноўцы павінны быў заўсёды хадзіць наўючаны, бы ішак. Але каму хочацца быць ішаком? Некаторыя прыбеглі з процігазамі, а некаторыя без, толькі зь вінтоўкамі. Камбат запёр усіх у зямлянцы і аб’явіў газавую атаку. Для таго падпаліў дымавую шашку.
Тая шашка, мабыць, і спляжыла ўсю яго вайсковую кар’еру.
Шашка аказалася новай канструкцыі, удасканаленай высілкамі ВПК, яна ня толькі давала дым, але і паражала дыханьне. Салдаты, што апынуліся ў зямлянцы без процігазаў, страцілі прытомнасьць, ледзьве іх пасьля выцягнулі на паветра. Усчаўся скандал. Падняліся парторганы. I тут, як заўжды, напагатове апынуўся сьмерш. Маёра выклікалі быццам бы на разборку ў палітаддзел, ды адтуль ён у полк не вярнуўся.
Прыкладна ў той жа час, як я сядзеў на НП, сачыў за морам (ці пакажацца амэрыканскі дэсант), завітаў К., малады лейтэнант, узводны, якога, на няшчасьце (як мяне калісьці), зрабілі камсоргам. На сваю бяду, камсорг нядаўна ажаніўся з маладой дзяўчынай, бацьку якой за нешта рэпрэсавалі органы, і дачка не захацела ад яго адмовіцца. Ад камсорга запатрабавалі, каб ён разьвёўся або здаў партбілет. Лейтэнант ня ведаў, як быць, і пачуваўся вельмі засмучаным. Ад мяне пайшоў у пасёлак, дзе купіў сьпірту, выпіў і, лёгшы на ложак у пакоі жонкі, застрэліўся. Хавалі яго ўначы, таемна, на старых японскіх могілках, дзе ўжо стаяла колькі пірамідкаў з зоркамі. То былі нашыя хлопцы, што леглі тут, у чужую зямлю.
Становішча разгорнутых на мясцовасьці баявых парадкаў мела нямала станоўчага ў параўнаньні з казармай.
Найперш — адносная ізаляванасьць ад начальства. Падругое, схоўнасьць, калі нікому не вядома, чым мы тут займаемся. Можна было нават кімарнуць часам, што і рабілі салдаты, выставіўшы пільную варту. А яшчэ — заўзята рыбачылі, асабліва ў час нерасту кеты ці гарбушы.
Пад восень і ўзімку востраў скаланалі землятрусы. Трэсьліся дамы (не бурыліся, бо былі змайстраваны з дошак), толькі скрыпелі ды сыпалася з бляшаных трубаў. Але было, што разбураліся трубы ў той час, калі палілася ў печцы, тады здараліся пажары. Неяк я бег па вуліцы ў пачатку землятрусу, і вуліца перада мной трэснула на ўсю шырыню. Ледзьве пасьпеў пераскочыць шчыліну шырынёй з далонь. А ўвосень 52-га здарылася немаведама што. Рэчка, што працякала цераз пасёлак і ўпадала ў затоку, пачала цячы назад. Вадой заліло лугавіну, падтапіла дамоўкі. Ужо праз колькі дзён дазналіся, што то — ад цунамі. Эпіцэнтр яго быў недзе каля паўночнага вострава Парамушыра, адкуль і прыйшла гэтая хваля. Празь дзень-два вада пайшла назад, у мора.
Двойчы ў год, вясной і ўвосень, мы назіралі незабыўнае відовішча — як рыба касякамі, натоўпамі лезла па вадзе і камянях у прэсныя рачулкі на нераст. Мэтровыя рыбіны можна было хапаць рукамі, біць палкамі, лавіць драцянымі сілкамі. I лавілі, і білі. Варылі ў салдацкіх кацялках, елі. Але найболей палявалі за чырвонай ікрой, якую можна было назапасіць вёдрамі. Ды ніхто не запасіў, усё рабілася на адзін дзень. Выпатрашаныя рыбіны ўсё лета валяліся і гнілі ў траве ўздоўж астраўных рэчак. Гэткую сытуацыю я назіраў у першае лета майго знаходжаньня на Кунашыры. А як праз тры гады ад’яжджаў, рыбы ня стала. Зьніклі і кета, і гарбуша. Вылавілі, паелі, пакідалі.
Зімой рыбацкай насалодай была лоўля корушкі. Пад вясну, як лёд у затоцы браўся трэшчынамі, у тыя шчыліны лезьлі маленькія рыбкі, якіх ня трэба было нічым прынаджваць. Рыбакі проста рабілі кручкі з дроту і, устаўляючы іх у трэшчыны, тузалі рыбу на лёд. За гадзіну яе можна было нарыхтаваць вядро. Смажаная, яна была смачнейшая за ўсю марскую і акіянскую рыбу. Шкада, лавіць яе ў мяне не было часу, і я толькі назіраў за тым, седзячы ў сваім НП на абрыве.
Чытаў на Курылах мала, хіба газэты, якія прывозілі раз у месяц. А зімой, як сканчалася навігацыя, наогул нічога не прывозілі. Нават алкаголю. Па радыё ніколі нічога не было чуваць. Заходнія радыёстанцыі спрэс глушылі. Непадалёк ад маёй батарэі ля пасёлку Галаўніно тырчэлі антэны радыёперахопу, дзе круглыя суткі дзяжурылі афіцэры КДБ. З таго, што трапіла на востраў, добрае ўражаньне на мяне зрабіла аповесьць Э. Казакевіча «Двое в степи». Гэта была новая старонка праўды пра нядаўнюю вайну, і дужа прыкра было чытаць, як неўзабаве яе пачалі граміць у літаратурнай і партыйнай прэсе. Таксама як і артыкул Памеранцава «Об искренности в литературе». Гэты артыкул мне дужа спадабаўся, але прачытаўшы крытыку на яго, я зразумеў, што з праўдзівай літаратурай трэба пачакаць. Традыцыі літаратурнага пагрому, распачатыя пасьля вайны з Ахматавай і Зошчанкі, мабыць, ня хутка скончацца. Так думаў я тады, і, паслаўшы тры апавяданьні М. Лынькову, болей нічога не пісаў. Не было ахвоты.
Зімой, якраз на дзень Савецкай арміі, у мяне нарадзіўся сынок Сярожка. Быць яму генэралам, жартавалі сябры, маючы на ўвазе знакамітую дату нараджэньня. Генэралам ня стаў, але добра, што выжыў у тае халадэчы, каля жалезнай печкі, да якой ніколі не хапала дроў. Відаць, змалку загартаваўся ў японскім клімаце. Жонка рабіла ў школе, а ён, падросшы, выхоўваўся ў кампаніі ката — вялізнага пухнатага стварэньня, прыязнасьць якога да малога стала выклікаць непакой. Кот ратаваў яго ад сьцюжы, але мог незнарок і прыдушыць, такі быў вялікі. Я спрабаваў ад яго пазбавіцца, ды марна.
У канцы восені прыйшоў загад: адправіцца на Сахалін для вучобы. Жонка і сын з катом заставаліся на Кунашыры.